Важны праект для пацыентаў бальніцы

Главное

IMG_9352 (Medium)Набліжаецца да фінішу міжнародны праект пад назвай “Развіццё і паляпшэнне медыцынскіх паслуг для людзей з псіхічнымі расстройствамі ў прыгранічных рэгіёнах”, які рэалізоўваўся ў рамках Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства “Літва – Латвія – Беларусь”. Яго працягласць – 19 месяцаў і 19 дзён. Праект, як паведамляла наша газета раней, здзяйснялі тры псіхіятрычныя бальніцы – Рокішская (Літва), Даўгаўпілская (Латвія) і Слабодкаўская (Беларусь). Напрыканцы мінулага тыдня на базе абласной псіхіятрычнай бальніцы “Слабодка” прайшла заключная канферэнцыя па падвядзенні вынікаў праекта, у якой прынялі ўдзел старшыня Браслаўскага райсавета Ніна Пучынская, кіраўнік праекта Алег Гарбуноў, галоўны ўрач Віцебскага абласнога цэнтра псіхіятрыі і наркалогіі кандыдат медыцынскіх навук Алена Мартынава, партнёры з Літвы і Латвіі, іншыя шматлікія ганаровыя госці.
Вітаючы ўдзельнікаў канферэнцыі, Ніна Пучынская падкрэсліла, што ў нашым раёне ўжо рэалізаваны і рэалізуецца шмат міжнародных праектаў, назвала краіны, з якімі падпісаны дагаворы аб супрацоўніцтве ў розных сферах. Такая дзейнасць дае добрую магчымасць знайсці новыя кантакты, умацаваць ранейшыя сувязі, галоўная ж мэта міжнароднага супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі краін-суседак накіравана на паляпшэнне жыцця людзей, задавальненне іх патрэб.
Менавіта на гэта быў накіраваны і ўзгаданы праект, на ажыццяўленне якога было выдзелена 230 тысяч еўра. Дзякуючы значным сродкам, капітальна адрамантавана жаночае аддзяленне. Прывабнае аблічча атрымалі палаты для хворых, набыты камп’ютарная тэхніка, мэбля, абсталяванне для лабараторыі і зроблена шмат чаго іншага. Цяпер пацыенты псіхіятрычнай бальніцы будуць лячыцца і жыць амаль што ў дамашніх умовах, да таго ж стала больш магчымасцей для персаналу ўстановы, каб дапамагчы гэтым людзям набыць звычайныя жыццёвыя навыкі і вярнуцца ў грамадства не зусім бездапаможнымі.
Партнёры па праекце засталіся задаволены зробленым у псіхіятрычнай бальніцы “Слабодка”, якасцю выкананых работ. Яны адзначалі, што кожны з партнёраў прыклаў шмат намаганняў, каб палегчыць жыццё людзей, якія і так абдзелены лёсам.
Удзельнікі канферэнцыі пазнаёміліся таксама з прэзентацыямі Рокішскай і Даўгаўпілскай псіхіятрычных бальніц, пабачылі, у якіх умовах там праходзіць лячэнне. Пры гэтым галоўны псіхіятр вобласці Алена Мартынава заўважыла, што трэба і надалей старацца пераймаць вопыт прыбалтыйскіх суседзяў у гэтым накірунку, бо ў іх сапраўды, як і ў нас, ёсць чаму павучыцца.
Вынікі праекта абагульніў яго кіраўнік Алег Гарбуноў.
Госці пазнаёміліся таксама з летапісам абласной псіхіятрычнай бальніцы “Слабодка”, які прадставіла галоўная сястра медыцынскай установы Аліцыя Мацюкевіч. Цікава было даведацца, што гісторыя бальніцы пачалася ў далёкім 1946 годзе, а размяшчалася яна напачатку ў памяшканні былой польскай казармы. Прызначана была на першым часе для лячэння хронікаў, якія пацярпелі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Бальніца неаднойчы перапрафіліравалася, але заўсёды заставалася ўстановай здароўя, дзе аказвалі дапамогу людзям з псіхічнымі ці псіханеўралагічнымі захворваннямі, залежнымі ад шкодных звычак.
Партнёры трох бакоў не раз падкрэслівалі, што яны і надалей будуць падтрымліваць цесныя сувязі, пастараюцца рэалізаваць разам новыя праекты, бо гэта жыццёва важна для пацыентаў, а іншы раз адных намаганняў медыкаў для гэтага мала, патрэбна еўрапейская падтрымка.

Зінаіда Палулех.
Фота аўтара.