Штодзень сустракае маленькіх анёлаў

Главное

СікорскаяШто можа быць лепшым, чым бачыць, як маленькі чалавечак з’яўляецца на свет божы?! Што можа быць больш радасным за тое, чым мець да гэтага дачыненне?!
За восем гадоў сваёй работы ўрач акушэр-гінеколаг райбальніцы Вольга Сікорская дапамагла ўбачыць сонечнае святло не адной сотні немаўлят.
Менавіта столькі прайшло часу, як малады спецыяліст пасля заканчэння Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта разам з мужам прыехала на яго радзіму. За кароткі час абаяльнаму чуламу ўрачу ўдалося заваяваць давер пацыентак, павагу калег і адміністрацыі, а Браслаўшчына стала для яе другой радзімай.
Як прызнаецца сама Вольга Уладзіміраўна, ступіць на медыцынскі шлях яе падштурхнула настаўніца хіміі роднай школы, што на Магілёўшчыне.
— Першыя роды, — успамінае В. Сікорская, — убачыла на 4 курсе. Уражанні былі моцнымі, супярэчлівымі і незабыўнымі — і жах, і трапятанне, і здзіўленне.
З цягам часу замест эмоцый прыйшлі трывалыя веды, разважлівасць і ўпэўненасць у сваіх сілах. Добрым словам удзячнасці ўспамінае Вольга Уладзіміраўна сваіх настаўнікаў з Наваполацкай бальніцы, дзе яна праходзіла інтэрнатуру і на практыцы спасцігала нюансы сваёй прафесіі.
Які гэта неймаверны цяжар і вялікая адказнасць напружана сачыць і за станам маці, і за сэрцабіццём маленькага чалавечка, які павінен вось-вось нарадзіцца! А часам здараецца, што роды праходзяць у экстрэмальных умовах, калі на шалях жыцця і смерці лёс парадзіхі і немаўляці.
— І толькі першы жыццесцвярджальны крык дзіцяці, — кажа ўрач, — і шчаслівыя вочы маці дапамагаюць забыць і пра бяссонную ноч, і пра напружаную працу, і пра хваляванні.
За мінулы год у браслаўскім радзільным аддзяленні нарадзілася 150 маленькіх грамадзян нашай цудоўнай краіны, а 98 жанчын пажадалі нарадзіць немаўля ў Віцебску, Полацку ці Міёрах.
Радуе і тое, адзначае Вольга Уладзіміраўна, што некаторыя таты жадаюць прысутнічаць пры нараджэнні сваіх дзяцей. Зразумела, перад такой значнай і адказнай падзеяй яны праходзяць строгі медыцынскі агляд ды і рыхтуюцца маральна.
Таму, будучыя бацькі, у вас ёсць магчымасць пры згодзе ўрача стаць удзельнікам свяшчэннага дзейства і самім перарэзаць пупавіну свайму дзіцяці.
Несумненна, падтрымка любага чалавека вельмі важная для парадзіхі і надае ёй сілы. Адно засмучае, што не так ужо многа мужчын, якія б згадзіліся падзяліць пакуты жанчыны. Напэўна, моцная палова чалавецтва ўсё ж вельмі далікатная і нервовая.
Далікатна і ў той жа час мэтанакіравана, засяродзіла ўвагу выконваючы абавязкі загадчыка радзільнага аддзялення В. Сікорская, урачы жаночай кансультацыі і псіхолаг бальніцы адносяцца да праблемы папярэджання абортаў. І ўжо не аднаму маленькаму чалавечку ўдалося зберагчы жыццё. Несумненна, тэма вельмі душашчыпальная, далікатная і важная. Не так проста знайсці патрэбныя словы і довады, каб адгаварыць жанчыну ад фатальнага кроку і змясціць шалі ў бок жыцця.
А іншую цяжарнасць даводзіцца пражываць і выношваць літаральна разам з будучай маці, бо, на жаль, не заўсёды жаданне мець дзіця супадае з магчымасцямі і добрым здароўем жаночага арганізма.
І як тут не ўспомніць словы з паэмы беларускага класіка Францішака Багушэвіча: “Бог не роўна дзеле.”
Парадзіхі, якія паступаюць у радзільнае аддзяленне, заўсёды атрымліваюць кваліфікаваную медыцынскую дапамогу, усе ахутаны ўвагай і клопатам. Жанчынам з сацыяльна небяспечных сем’яў прапаноўваюць бясплатна сродкі кантрацэпцыі. Арганізоўваюцца выезды гінеколагаў на ФАПы, і жанчыны з вёсак на месцы могуць атрымаць кансультацыю спецыяліста.
Але ёсць катэгорыя жанчын, засмучаецца Вольга Уладзіміраўна, якія няўважліва ставяцца да свайго здароўя і здароўя дзіцяці, не выконваюць рэкамендацыі ўрача, кураць, могуць нават пацягнуць і чаргу. І ў такіх выпадках зноў трэба знайсці адпаведныя словы: кагосьці паўшчуваць, іншых прысароміць.
Многія лічаць, што для акушэраў-гінеколагаў нараджэнне дзіця — звычайная праца. Зусім не, бо кожныя роды — вялікая адказнасць.
Мне вельмі прыемна ўсведамляць, — прызнаецца В. Сікорская, — што сваёй штодзённай працай я дапамагаю сем’ям спасцігаць вялікую радасць бацькоўства, сустракаючы маленькіх анёлаў.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.