Настаўнік — гэта не прафесія, а лад жыцця

Люди

Петкун І.Каб педагог быў цікавым для вучняў, прыкладам для іх, ён павінен быць непасрэдным, крэатыўным і апантаным сваёй прафесіяй. Менавіта такой з’яўляецца настаўніца хіміі і біялогіі Опсаўскай школы Ірына Пяткун. Вопытны педагог дакладна ведае, як зрабіць урок незвычайным і захапіць сваім прадметам школьнікаў.
— Спасцігаць штосьці новае мне заўсёды было цікава, таму і вучоба ў школе давалася лёгка, — расказала падчас нашай сустрэчы Ірына Бенедыктаўна. — У нас былі выдатныя педагогі, на якіх хацелася быць падобнымі. А больш за ўсё мяне захаплялі ўрокі хіміі нашай настаўніцы Тамары Васільеўны Тарасевіч. Шчыра кажучы, вызначыцца з выбарам прафесіі мне дапамог менавіта яе аўтарытэт. Так я стала студэнткай тагачаснага Віцебскага педагагічнага інстытута.
Студэнцкія гады праляцелі імгненна, і маладога спецыяліста па размеркаванні накіравалі ў родны Браслаўскі раён. Першыя крокі ў прафесію І. Пяткун рабіла ў Таполькаўскай школе, аднак пазней па сямейных абставінах жанчына была вымушана змяніць месца працы. Так яна апынулася ў Далёкаўскай школе, у якой калісьці і сама вучылася. Каля 20 гадоў адпрацавала яна тут, а з закрыццём установы год таму назад перайшла ў Опсаўскую школу.
Ірына Пятроўна — таленавіты майстар сваёй справы, высокі прафёсіянал, адзін з лепшых педагогаў школы і раёна. Яна пастаянна працуе над удасканаленнем педагагічнага майстэрства, творча падыходзіць да ўрокаў, арганізуе паўзроўневы кантроль ведаў вучняў, вучыць іх прыемам і тэхніцы крытычнага мыслення, сама- і ўзаемаацэнкі, працаваць у групах.
Праводзіць вялікую работу настаўніца па падрыхтоўцы здольных школьнікаў да алімпіяды. А вучням ніколі не бывае сумна на ўроках Ірыны Бенедыктаўны. Сама ж жанчына прызнаецца, што быць настаўнікам — гэта не прафесія, а лад жыцця. Калі бачыш поўныя цікавасці вочкі дзяцей, хочацца перадаваць ім як мага больш ведаў. І калі б была магчымасць памяняць жыццё і і прафесію, яна зноў бы выбрала педагагічны шлях.
— Толькі той, хто сам атрымлівае задавальненне ад сваёй дзейнасці, можа навучыць другіх. Тэму ўрока, мэты, задачы дасягаеш разам з вучнямі. Радуешся, калі вучэбны матэрыял засвоены. А для гэтага трэба заўсёды валодаць багажом новаўвядзенняў. Сваё жыццё аддаю дзецям, школе — у гэтым маё прызванне, мой лес, маё шчасце, — кажа Ірына Бенедыктаўна.
Настаўніца вучыць не проста атрымліваць веды, а ўмець прымяніць іх на практыцы, лагічна думаць, развіваць мысленне. Сама ж часцей за ўсё абапіраецца на жыццёвы вопыт і веды, якія пастаянна ўдасканальвае з дапамогай метадычнай літаратуры, інтэрнэта. Не выпадкова, што педагагічная праца І. Пяткун адзначана падзякамі і ўзнагародамі раённага і абласнога ўзроўняў. Яна ж паправу ганарыцца тым, што сярод яе выпускнікоў шмат тых, хто на прыкладзе сваёй настаўніцы вырашыў звязаць лёс з хіміяй і біялогіяй.
Яшчэ маладым спецыялістам у першы год працы яна паставіла перад сабой мэту стаць добрым педагогам, даваць сваім вучням трывалыя веды па хіміі і біялогіі. Як паказаў час, у Ірыны Бенедыктаўны ўсё атрымалася. Зараз яна не толькі вядзе і ў некалькіх класах біялогію, але яшчэ і паспявае займацца навуковай дзейнасцю і метадычнымі распрацоўкамі. У мінулым годзе настаўніца прыняла ўдзел у рэспубліканскім конкурсе метадычных распрацовак настаўнікаў хіміі “Мой лепшы ўрок”, які праводзілі Акадэмія паслядыпломнай адукацыі, рэдакцыя журнала “Біялогія і хімія” і ГА “Беларускае педагагічнае таварыства”. Некалькі тыдняў таму назад з Мінска прыйшла прыемная навіна. Урок І. Пяткун для 10 класа па тэме “Алюміній” здолеў абысці шматлікія работы і быў адзначаны дыпломам 2 ступені ў рэспубліцы.
На пытанне, у чым сакрэт поспеху добрага настаўніка, Ірына Бенедыктаўна адказвае, што трэба рабіць кожную справу з выдатным настроем, тады атрымліваюцца станоўчыя вынікі, і радавацца нават маленькім дасягненням, асабліва сваіх вучняў.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.