Дзеля чыстага наваколля і нашага здароўя

Главное

Экалогія гімназія 2Вытворчасць і продаж электроннага і электрычнага абсталявання (ЭЭА) сёння расце з геаметрычнай прагрэсіяй, а тэрмін яго эксплуатацыі, наадварот, скарачаецца. Гэта прыводзіць да павялічэння колькасці адыходаў ад ЭЭА.
Таму Цэнтр экалагічных рашэнняў рэалізуе праект “Павышэнне ўзроўню менеджменту адыходаў электроннага і электрычнага абсталявання на лакальным узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, мэта якога — зніжэнне колькасці гэтых адыходаў, якія трапляюць на палігоны і ў навакольнае асяроддзе, стымуляванне супрацоўніцтва паміж мясцовымі органамі ўлады і прадстаўнікамі грамадства на прыкладзе ўстойлівага абароту з адыходамі ЭЭА.
У конкурсах фотаздымкаў і метадычных распрацовак, якія праходзілі ў рамках гэтага праекта, прымалі ўдзел педагогі і школьнікі Браслаўскага раёна.
А на мінулым тыдні ў гімназіі прайшоў фестываль для школьнікаў, прысвечаны праблеме адыходаў электроннага і электрычнага абсталявання. Падчас мерапрыемства прадстаўнікі Цэнтра экалагічных рашэнняў узнагародзілі прызёраў конкурсаў.
Дыпломамі і каштоўнымі падарункамі былі адзначаны вучаніца Друйскай сярэдняй школы Юлія Гайлеш, вучань СШ №2 Матвей Станіслаўчык — самы юны ўдзельнік конкурсу, вучаніца Слабодкаўскай дзіцячы сад— сярэдняй школы Паліна Жук і вучаніца Мяжанскага дзіцячага сада — базавай школы Ірына Акула.
На сваіх фотаздымках школьнікі прадэманстравалі, як можна выкарыстоўваць адпрацаванае электроннае і электрычнае абсталяванне. Так, напрыклад, са зламанага прынтара атрымаўся выдатны цацачны домік для салдацікаў, а з маразільнай камеры сапсаванага халадзільніка — рыбалоўная скрынка.
Педагогі Браслаўшчыны таксама падышлі да конкурсу вельмі творча і прадставілі цікавыя метадычныя распрацоўкі пазакласных мерапрыемстваў па тэме ўтылізацыі адыходаў ЭЭА.
Настаўніца СШ №2 Тэрэза Станіслаўчык прэзентавала прадукцыйную гульню “Утылізаваць — не значыць выкінуць”, зацікавіла журы і конкурсная праграма “Няхай на Зямлі бытавыя адыходы прыносяць дзяржавам толькі даходы!”, распрацаваная Вольгай Трошка з Казянскага дзіцячага сада — сярэдняй школы.
Вельмі карысную акцыю правялі малодшыя школьнікі Урбанскага сада — школы. Яны сабралі на ўтылізацыю 650 пальчыкавых батарэек, за што іх настаўніца Людміла Смірнова таксама была адзначана дымломам і падарункам.
Затым для старшакласнікаў школ раёна арганізатары фестывалю правялі гульню “Што? Дзе? Калі?”, а для навучэнцаў малодшых класаў — гульню-хадзілку.
Так, праз гульню проста і дасціпна дзеці атрымалі важную інфармацыю, што любыя адыходы і абсталяванне неабходна ўтылізоўваць правільна. Толькі ў такім выпадку навакольнае асяроддзе стане чысцейшым, здароўе людзей лепшым, а каштоўныя рэсурсы будуць выкарыстоўвацца па назначэнні.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.Экалогія гімназія