Юныя зорачкі вярнуліся з узнагародамі

Главное

Юныя зорачкіЗ 12 па 16 студзеня на базе ўстаноў Віцебска, Оршы і Полацка праходзіў абласны этап рэспубліканскіх прадметных алімпіяд. У іх прынялі ўдзел больш за 1100 школьнікаў з усіх куткоў Віцебшчыны. Гэта дзеці, якія паказалі лепшыя вынікі ў школьных і раённых турах. Канкурэнцыя тут не жартоўная, бо кожны з удзельнікаў марыць стаць часткай каманды, якая трапіць на заключную рэспубліканскую алімпіяду.
Наш раён на абласным этапе прадстаўлялі 32 школьнікі з 7 устаноў адукацыі. Цэлы тыдзень яны дэманстравалі свае веды па 14 прадметах. А папярэднічала гэтаму карпатлівая праца і адораных вучняў, і іх вопытных настаўнікаў. Нават на зімовых канікулах дзецям не было часу адпачываць, бо ўсе сілы яны трацілі на падрыхтоўку да алімпіяды.
Вынікам такой самаааданай работы стала выдатнае выступленне браслаўскай каманды. З абласнога этапа нашы школьнікі вярнуліся з 9 дыпломамі. Столькі ж яны заваявалі і ў мінулым годзе.
З дыпломам першай ступені па гісторыі з вобласці вярнуўся вучань 10 класа Дрысвяцкай школы Валянцін Любінскі. Для хлопца, які з ранніх гадоў цікавіцца гісторыяй і 5-ы раз разам са сваёй настаўніцай Аліцыяй Прахарэнка спрабуе сілы ў алімпіядах, апошнія два гады сапраўды трыумфальныя. У мінулым годзе ён выступаў за 10 клас і тады стаў другім, а сёлета заваяваў першае месца. Акрамя гэтага, у 2014 годзе ён заваяваў дыплом 3 ступені на заключным рэспубліканскім этапе. Будзем спадзявацца, сёлета Валянціну ўдасца пакарыць алімпіядную вяршыню.
Традыцыйна добра выступілі на абласным этапе браслаўскія гімназісты. З дзевяці атрыманых дыпломаў шэсць належыць ім. А гэта сведчыць пра тое, што ўстанова, якой сёлета спаўняецца 20 гадоў, поўнасцю апраўдвае свой статус.
Тры дыпломы прывезлі юныя матэматыкі з гімназіі, хоць канкурэнцыя па гэтым прадмеце самая вялікая. Вучань 9 класа Максім Мацкевіч (настаўнік Дзмітрый Мацкевіч) атрымаў дыплом 3 ступені. У яго галоўныя перамогі яшчэ наперадзе.
Як заўсёды, выдатна выступілі і вучні Валянціны Мірановіч. Дыплом трэцяй ступені атрымаў 11-класнік Антон Кук’ян. Таленавіты юнак — неаднаразовы пераможца і прызёр раённых і абласных прадметных алімпіяд не толькі па матэматыцы. З дапамогай настаўніцы Антон 4-ы год з энтузіязмам паспяхова пакарае ўсё новыя і новыя інтэлектуальныя вяршыні. А вось для яго аднакласніка Алега Янковіча гэта першая і нечаканая перамога. Дадому ён вярнуўся абсалютным пераможцам. І зараз будзе актыўна рыхтавацца да заключнага этапа.
Агульную скарбонку ўзнагарод папоўнілі яшчэ некалькі гімназістаў. Вучань 11 класа Іван Лук’янчык атрымаў дыплом 3 ступені па хіміі (настаўніца Лілія Кугно), такія ж узнагароды атрымалі па рускай мове 10-класніца Эліза Грыб (настаўніца Ала Падкавырына), а па геаграфіі — 10-класнік Уладзіслаў Цікнюс (настаўніца Валянціна Жылевіч).
Выніковай стала алімпіяда па тэхнічнай працы для вучня 11 класа СШ№1 Міхаіла Храпана (настаўнік Аляксандр Пятроўскі). Ён заваяваў дыплом трэцяй ступені.
Яшчэ адной зорачкай, якая толькі пачынае свой шлях да алімпіяднага алімпу, стаў вучань 8 класа Ахрэмаўскай школы Эдвард Скур’ят. Ён першы раз удзельнічаў у абласным этапе па нямецкай мове і адразу заваяваў дыплом 3 ступені. Пры гэтым васьмікласнік выступаў за 10 клас. Разам з настаўніцай Ганнай Шаляпёнак яны ўпэўнена крочаць да высокіх вынікаў.
Як зазначыла галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Іна Купрыянава, гэта стабільна добры вынік для нашага раёна. Усе гэтыя поспехі — яркае пацвярджэнне таму, якія таленавітыя дзеці вучацца ў школах нашага раёна. А педагогі, хто з імі працуе, выявілі і развілі гэтыя таленты да такой ступені, што браслаўскія вучні прадэманстравалі, што могуць канкурыраваць з гарадскімі школьнікамі і прадстаўнікамі ліцэяў, быць у пераможцах.
Наперадзе ў браслаўскіх школьнікаў заключны рэспубліканскі этап алімпіяды. Зараз фарміруецца каманда, у якую кандыдатамі значацца нашы Алег Янковіч і Валянцін Любінскі, і якая ў сакавіку зноў пазмагаецца за першыя месцы.

Таццяна Пятушка.