ВЕКАВЫ ЮБІЛЕЙ

Общество

100 летКажуць, жыццё пражыць — не поле перайсці. А калі за плячамі цэлае стагоддзе жыццёвай дарогі?!
На днях ступіла на стогадовы парог жыхарка дома-інтэрната для саста­рэлых і інвалідаў Любоў Свілёнак. Яго пераступіць удаецца не кожнаму, практычна адзінкам.
На звычайны дзень нараджэння запраша­юць родных, сяброў. Аднак гэты — зусім асаблівы. Таму павіншаваць бабулю з незвычайным юбілеем завіталі старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў і старшыня райсавета Ніна Пучынская.
Ва ўтульным светлым пакоі адпачынку сабраліся жыхары і супрацоўнікі дома-інтэрната, самае па­чэснае месца заняла імянінніца.
Сяргей Шматаў і Ніна Пучынская павіншавалі віноўніцу ўрачыстасці з такой значнай датай, пажадалі мець моцнае здароўе і абавязкова дайсці да наступнага юбілею. А букет прыгожых кветак і пакет саладосцей да святочнага стала былі прыемным падарункам для Любові Адамаўны.
На сваім доўгім жыццёвым шляху Л. Свілёнак пабачыла многае і вынесла шмат выпрабаванняў, наканаваных лёсам, у тым ліку не вярнуўся з фронту муж, памерла адзіная дачка.
А дажыць да такога паважнага ўзросту, лічыць бабуля, дапамаглі ёй клопат супрацоўнікаў дома-інтэрната і выдатныя ўмовы пражывання.

АЛЕНА ПЯТУШКА.
Фота аўтара.100-гадоў 100-год