Утылізаваць — не значыць выкінуць

Главное

Мы жывём у грамадстве спажывання, дзе на кожным кроку сустракаецца інфармацыя, як правільна рабіць пакупкі. Так, у СМІ і інтэрнэце можна знайсці падрабязныя рэкамендацыі па набыцці розных рэчаў. Праўда, век той жа сучаснай тэхнікі кароткі і рана ці позна прыходзіць час з ёй развітацца. Традыцыйна тое, што выходзіць са строю, прынята выкідваць. Але рэаліі сённяшняга жыцця паказваюць, што гэта няправільна і з пункту гледжання прыродаахоўных арганізацый, і з боку эканамістаў. Таму вельмі важна ведаць, як не толькі правільна набыць рэчы, а і як граматна ад іх пазбавіцца. Тым больш калі гутарка ідзе пра састарэлае электраабсталяванне, якому зараз прысвойваецца высокі клас небяспекі. Гэта значыць, што на сметнік яго выкідваць нельга, а трэба адпаведна ўтылізаваць.
Пра гэта задумаліся і ў СШ №1, дзе ў мінулую пятніцу адбыўся вечар адпачынку — прадукцыйная гульня “Утылізаваць — не значыць выкінуць”. У ім прынялі ўдзел каманды ў складзе вучняў старэйшых класаў і іх бацькоў, эксперты па ахове навакольнага асяроддзя, журы, у якое ўвайшлі старшакласнікі і выпускнікі школы, што завіталі ў госці. Вяла мерапрыемства намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Тэрэза Станіслаўчык.
З першых хвілін каманды ўключыліся ў барацьбу за балы, падчас якой і веды паказалі, і таленты праявілі. Удзельнікі тлумачылі розныя паняцці, якія мелі адносіны да тэмы вечара, выяўлялі прычыны няправільнага абыходжання з адыходамі, нават даследавалі прапанаваныя матэрыялы. Загадзя каманды атрымалі тэматычнае дамашняе заданне: нехта маляваў плакат з дэвізам “Выкінутая батарэйка — хімічны завод”, а хтосьці “ўдарыў” рыфмай па няправільнай утылізацыі адыходаў электрычнага і электроннага абсталявання.
Як адзначылі члены журы, вучні першай школы і іх бацькі паказалі добрыя веды па тэме і нават справіліся з самым каверзным заданнем: назвалі месца ў Браславе, дзе можна пазбавіцца ад старых батарэек — магазін “Тэхніка ў быце”, у якім устаноўлены спецыяльны кантэйнер. Найбольшую ж колькасць балаў набрала каманда 9 “Б” класа, якая і святкавала перамогу. Але сапраўдным пераможцам стане кожны тады, калі зробіць свой выбар — выкінуць ці граматна ўтылізаваць.

Жанна Бялько.
Фота аўтара.