Свята адважных людзей

Главное

Свята адважных людзейКалі “разгуляўся” пажар, адбылася аварыя на дарозе, чалавек заблудзіўся ў лесе ці здарылася іншая надзвычайная сітуацыя, мы ведаем, што ёсць служба МНС, якая ў лічаныя мінуты прыйдзе на дапамогу. У панядзелак яе супрацоўнікі ў 16-ы раз адзначылі сваё прафесійнае свята — Дзень выратавальніка.
Святочнае мерапрыемства з гэтай нагоды для выратавальнікаў Браслаўскага РАНС ладзілася ў гімназіі. Кожны супрацоўнік уносіць значны ўклад у справу ратавання і папярэджвання надзвычайных сітуацый, праяўляе мужнасць пры выкананні службовых задач. Аднак многія і ў гэты святочны дзень засталіся на сваіх баявых пастах.
Гаварыць пра гэтых адважных людзей прынята з павагай і ўдзячнасцю. Таму ў прафесійнае свята работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях пачулі шмат прыемных слоў за сваю мужнасць і адвагу, атрымалі вялікую порцыю шчырых пажаданняў, а таксама заслужаныя ўзнагароды.
Першым ад імя кіраўніцтва раёна павіншаваў супрацоўнікаў РАНС намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Давыдзенка. Ён зазначыў, што браслаўскія выратавальнікі заўсёды славіліся сваёй мужнасцю, адданасцю справе і адвагай, а ўвогуле супрацоўнікі МНС паправу лічацца сярод лепшых у свеце. Таксама А. Давыдзенка выказаў словы падзякі за добрасумленную працу, пажадаў моцнага здароўя і спакойных дзяжурстваў.
З прывітальным словам звярнуўся да прысутных начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Сачыўка. Ён падвёў вынікі работы за мінулы год, адзначыў, што ў 2014 годзе супрацоўнікі РАНС выдатна пастараліся, пра што сведчыць той факт, што пажараў і гібелі людзей на іх стала менш. І гэта дзякуючы чалавечаму фактару, штодзённай самаадданай працы кожнага супрацоўніка. С. Сачыўка таксама падзякаваў ветэранам і ўсяму асабоваму складу аддзела, падкрэсліў, пры гэтым, што прафесія выратавальніка — адна з самых небяспечных у свеце. І таму патрабуе мужнасці і гатоўнасці ў любы час прыйсці на дапамогу тым, хто ў гэтым мае патрэбу. А тое, што браслаўскія выратавальнікі свае абавязкі выконваюць шчыра і добрасумленна, ён пацвердзіў уручэннем узнагарод. Ганаровай граматай Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС адзначаны вадзіцель ПАВЧ №1 г. Браслава Дзяніс Кандрац’еў, а пажарны ПАВП №15 г.п. Відзы Аляксандр Чанчын граматай гэтай жа структуры. Шэраг супрацоўнікаў Браслаўскага РАНС ўзнагароджаны памятнымі нагруднымі знакамі “15 год органам і падраздзяленням, падначаленым МНС Рэспублікі Беларусь”.
Пажаданні і словы ўдзячнасці гучалі доўга. А салісты і калектывы раёна падарылі віноўнікам урачыстасці свае лепшыя канцэртныя нумары.

Таццяна Пятушка.Свята адважных людзей 2