Маладосць – не перашкода

Главное

Маргарыта Несцярэнка працуе ў нацыянальным парку “Браслаўскія азёры” крыху менш за год, аднак нават за такі кароткі тэрмін яна здолела зарэкамендаваць сябе найлепшым чынам і прайсці кар’ерны шлях ад спецыяліста аддзела да выконваючага абавязкі намесніка генеральнага дырэктара ўстановы.
Ураджэнка Бабруйска на лесагаспадарчым факультэце Беларускага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта атрымала спецыяльнасць турызм і прыродакарыстанне. Калі ж паўстала пытанне наконт месца размеркавання, амаль без разважанняў абрала Браслаў. «“Нацыянальны парк “Браслаўскія азёры”» – гэта гучыць, згадзіцеся, а таму і не сумнявалася,” – кажа Маргарыта.
Па прыбыцці на месца (было гэта ў красавіку мінулага года) малады работнік заняла пасаду спецыяліста аддзела турызму, экалагічнай асветы і інфармацыйнага забеспячэння, а ўжо праз месяц – в.а. яго начальніка. Па прызнанні дзяўчыны, усе яе чаканні наконт Браслаўшчыны апраўдаліся, аднак спачатку было нялёгка: даволі далёка ад дома, нікога тут не ведаеш, як і яны цябе. Аднак такія асабістыя рысы, як напорыстасць, прафесіянальная граматнасць, адказнасць і ўвага да кожнай дробязі, дазволілі хутка адаптавацца на новым месцы і праявіць сябе, як выдатнага работніка. Да таго ж усебакова падтрымлівала кіраўніцтва ўстановы: аказвала кансультацыйную і матэрыяльную дапамогу, забяспечыла жыллём. Як адзначае гендырэктар нацыянальнага парка Віталь Дрожжа, у адносінах да Маргарыты Барысаўны справядлівыя ўсе добрыя словы са стандартнай характарыстыкі работніка, аднак што яе выдзяляе – гэта надзвычайная працаздольнасць.
У выніку ўжо ў верасні маладому спецыялісту прапанавалі заняць яшчэ больш высокі пост. Маргарыта згадзілася, і цяпер яна – выконваючы абавязкі намесніка генеральнага дырэктара. Дзяўчына курыруе пытанні турызму, навукі і грамадскага харчавання, акрамя таго, адказвае за ідэалагічную работу на прадпрыемстве. На пытанне, ці не цяжка кіраваць людзьмі, якія значна старэйшыя за цябе, Маргарыта чэсна адказвае: “Так, цяжкавата, аднак я імкнуся не столькі кіраваць імі, колькі вучыцца ў іх і набірацца вопыту. Нашы ўзаемаадносіны хутчэй нагадваюць роўнае супрацоўніцтва.” Сапраўды, па водгуках калег, дзяўчына лёгка знаходзіць агульную мову з кім бы то ні было, хутка авалодвае новымі навыкамі і ведамі, з непадробным энтузіязмам і інтарэсам бярэцца за любую новую справу і нязменна даводзіць яе да канца. “Работа мне вельмі падабаецца,”— кажа Маргарыта. “Новыя праекты, новыя людзі – гэта надзвычай цікава. Да таго ж лічу, заўсёды і ўсюды ёсць, што развіваць і куды імкнуцца. І Браслаўшчына – не выключэнне.”
Нават вольны час, якога, дарэчы, нямнога, Маргарыта прысвячае самаўдасканальванню: яна шмат чытае, вывучае замежныя мовы, шукае інфармацыю па развіцці турызму ў рэгіёнах накшталт нашага.
Вядома, я не мог не запытацца пра планы на будучыню. І адказ на маё пытанне, здаецца, чытаецца паміж радкоў ва ўсім папярэдні тэксце. Па шэрагу прычын, і ў першую чаргу дзякуючы шырокай прасторы для развіцця і прыкладання намаганняў, Маргарыта Несцярэнка не збіраецца з’язджаць з Браслаўшчыны. Яна плануе і надалей займацца любімай справай на карысць сабе і, вядома, нашаму рэгіёну.
Як стала вядома, Маргарыта Несцярэнка так улюбілася ў Браслаўшчыну, што актыўна агітуе сваіх сяброў па ўніверсітэце размяркоўвацца да нас. Ужо ў красавіку гэтага года дзве дзяўчыны пасля заканчэння БДТУ прыйдуць працаваць у нацыянальны парк.

Вячаслаў Каладынскі.
Фота аўтара.
Маргарыта Несцярэнка – самы малады намеснік гендырэктара за ўсю гісторыю прыродаахоўнай установы.