Паўвека ў ладзе і згодзе

Главное

Паўвека ў ладзе і згодзеУ адзін з халодных студзеньскіх дзён у хаце браслаўчан Георгія і Жанны Сяліцкіх было шматлюдна і весела, а ўсмешкі і добрыя словы стваралі цёплую атмасферу. За адным сталом сабраліся родныя, каб шчыра павіншаваць Георгія Фёдаравіча і Жанну Паўлаўну з залатым вяселлем. Пяцьдзясят гадоў разам у згодзе, вернасці і каханні прайшлі яны па жыцці. На сумесным шляху за гэты час было шмат вясёлага і сумнага. Але, нягледзячы ні на што, у святы і ў будныя дні, у радасці і ў горы яны надзейна падтрымлівалі ва ўсім адзін другога.
Каханне з першага позірку
А пачыналася ўсё ў сярэдзіне 60-ых гадоў… Жанна Паўлаўна у той час скончыла медвучылішча і па размеркаванні прыехала з Міншчыны ў Браслаў працаваць фельчарам-лабарантам. А яе першым месцам працы стаў тубсанаторый. Георгій Фёдаравіч вярнуўся са службы ў арміі на родную Браслаўшчыну, уладкаваўся на працу. Звёў іх, як кажуць, выпадак. Аднойчы малады хлопец вырашыў наведаць сястру і зазірнуў да яе на работу ў тубсанаторый. Тут жа працавала і маладзенькая Жанна. І гэта было каханне, як ні банальна, з першага позірку: паміж юнаком і дзяўчынай прабегла нейкая няўлоўная іскрынка, якую яны беражліва пранеслі праз дзесяцігоддзі, а, галоўнае, яна і сёння працягвае саграваць цеплынёй, дабрынёй і пяшчотай. Маладыя людзі пачалі сустракацца, а ў 1965 годзе для Георгія і Жанны прагучаў марш Мендэльсона.
Георгій Фёдаравіч на пытанне, чаму яму прыглянулася менавіта Жанна, заўсёды паўтарае, што хоць у той час у горадзе было шмат прыгожых дзяўчат, але выбраў тую адзіную, якую падказала сэрца. Сустрэўшы аднойчы сваю палавінку, ён больш ніколі не разлучаўся з ёй.
Залатыя сумесныя гады
Ім здаецца, што зусім нядаўна, маладыя і закаханыя, яны падалі заяву на рэгістрацыю шлюбу. Між тым за плячыма сям’і Сяліцкіх паўвека радасці і кахання, трывог і надзей. Быццам нядаўна сустракаў з раддома жонку спачатку з адной дачушкай, потым з другой. І вось ужо вакол дарослыя дзеці, унукі і нават праўнучка. Было ў сумесным жыцці, як расказваюць юбіляры, усялякае: сварыліся, мірыліся, шмат працавалі. Радаваліся поспехам дачушак, новай кватэры, якую выдзелілі Георгію Фёдаравічу за добрасумленную працу. Разам перажывалі хваробу спачатку дачкі, а потым і самой Жанны Паўлаўны.
Для сваіх дзяцей бацькі сталі ўзорным прыкладам адносін да працы, а галоўнае — сямейнага ладу і згоды. Каля 7 гадоў адпрацавала ў тубсанаторыі Жанна Паўлаўна, потым перайшла ў санстанцыю, а пазней ёй прапанавалі месца ў СНІД-лабараторыі ЦРБ, адкуль і пайшла на заслужаны адпачынак. Георгій Фёдаравіч амаль увесь час шчыраваў трактарыстам у меліярацыі і быў адным з самым вопытных і адказных работнікаў. Аднойчы ён нават прымаў удзел у ліквідацыі наступстваў паводкі ў Брэсцкай вобласці, за што быў адзначаны шматлікімі падзячнымі лістамі і граматамі.
Іх сэрцы заўсёды біліся ў адным такце і нават захапленні ў мужа і жонкі Сяліцкіх аднолькавыя. З ранняй вясны да позняй восені яны завіхаюцца на дачы, а яшчэ разам любяць адправіцца па грыбы.
Свята для ўсіх
Дзеці, унукі і ўсе родныя Георгія Фёдаравіча і Жанны Паўлаўны да юбілёю іх сумеснага жыцця вырашылі зрабіць сапраўдны падарунак. Яны нічога не сказалі бацькам, толькі прыслалі запрашэнне ў ЗАГС. А тут іх чакаў сюрпрыз: сабраліся родныя і сябры, каб павіншаваць з залатым вяселлем.
Свяціліся радасцю твары юбіляраў, а на вачах блізкіх раз-пораз блішчалі слёзы радасці. І вось ён, адказны момант. Праводзячы ўрачысты абрад рэгістрацыі залатога вяселля, начальнік аддзела загса Галіна Юрэнка пажадала “маладажонам” адзначыць падобным чынам і наступныя сямейныя юбілеі. Прозвішча Сяліцкіх было занесена ў кнігу ганаровых юбіляраў, яны паставілі свае подпісы і абмяняліся, як і 50 гадоў таму назад, залатымі пярсцёнкамі. А потым атрымалі памятнае пасведчанне пра рэгістрацыю іх залатога юбілею.
Падчас мерапрыемства былі запалены свечкі на святочным торце, у адрас юбіляраў гучала звонкае “горка”. У гэты дзень сям’і Сяліцкіх было сказана шмат цёплых, шчырых слоў.
Пяцьдзясят гадоў разам у радасці і ў горы — вялікі дар і адначасова выпрабаванне, узнагародай за якое служыць залаты юбілей сумеснага жыцця, такі ж каштоўны, як аднайменны метал, што ззяе, быццам само сонца. Я ж пацікавілася, у чым сакрэт такога доўгага сямейнага шчасця.
— Мой бацька загінуў на вайне, і маці гадавала мяне адна. Таму я марыла пра поўную і шчаслівую сям’ю. І мае мары споўніліся. У жыцці бывае ўсякае, але трэба імкнуцца разумець таго, хто побач, паважаць, дапамагаць, — дзеліцца сваім сакрэтам Жанна Паўлаўна.
— Вельмі важнымі для мужа і жонкі з’яўляюцца цярпенне і шчырыя адносіны. Нездарма гавораць, што гэта дзве палавінкі, якія зліліся ў адно цэлае. Яны нават падобнымі знешне становяцца праз многія гады сумеснага жыцця, — дапаўняе жонку Георгій Фёдаравіч.
Будзем спадзявацца, праз дзесяць гадоў разам з роднымі і блізкімі муж і жонка Сяліцкія сабяруцца за сталом і ўрачыста адзначыць брыльянтавае вяселле. У хуткім жа часе госці сабяруцца ў хаце з іншай нагоды — сёлета 70-гадовы юбілей адзначыць Жанна Паўлаўна.
Шчасця вам, залатыя маладыя.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.