Кардынальная перамена ў жыцці Андрэя Абрамава

Люди

АбрамовПрыгожая аграсядзіба “Хутар Ёдзішкі” ўтульна размясцілася на беразе невялікай рачулкі Дрывятка. Шчыльны статны лес вакол яе, бы той вартаўнік, пільна ахоўвае гаспадарскія ўгодзі і спакой. Ствараецца ўражанне, што трапіў у нейкі іншы свет, дзе час, здаецца, запавольвае свой імклівы бег.
Амаль восем гадоў таму назад Андрэй і Таццяна Абрамавы без шкадавання пакінулі сталічную мітусню з усімі яе выгодамі і перасяліліся на ўлонне браслаўскай прыроды.
Цікавы парадокс: большая частка моладзі з невялікіх мястэчак, часам грэбуючы сваім здароўем і жаданнямі, прагна імкнецца знайсці сабе месца пад сонцам у вялікіх гарадах. А многія карэнныя гараджане, якія маюць вышэйшую адукацыю, іншы раз і не адну, дасягнулі значных поспехаў у прафесійнай кар’еры, кардынальным чынам змяняюць наладжаны камфортны лад жыцця на нялёгкія сельскія будні.
Сёння ў свеце існуе нават і назва гэтаму руху — даўншыфцінг, да якога залічвае сябе і Андрэй Міхайлавіч.
На некалькі гадоў для сям’і Абрамавых прытулкам спачатку стаў рублены дом даволі старой пабудовы. Грунтоўна і з энтузіязмам падышлі новаспечаныя сельскія жыхары да далейшага ўладкавання сваёй сядзібы, і з цягам часу на пустым месцы вырасла невялікае паселішча. Пры гэтым, як усміхаецца сам гаспадар, акрамя ручкі і кашалька, ён у руках нічога не трымаў.
З цікавасцю і здзіўленнем пасля такога прызнання аглядаю прыгожыя два рубленыя дамы, пабудаваныя А. Абрамавым. Усё тут прадумана дасканала і з веданнем справы: простая і душэўная самабытнасць сельскага інтэр’ера гарманічна спалучаецца з сучаснымі выгодамі. У пакоях дыхаецца лёгка, дрэва заспакойвае, здымае цяжкасці і нервознасць.
— Многія адпачываючыя, — дзеліцца сваімі назіраннямі гаспадар, — першыя дні амаль і не выходзяць з пакояў.
У планах гаспадара сядзібы пабудаваць яшчэ адзін прасторны асноўны дом, у якім абавязкова будзе збірацца вялікая дружная сям’я. А гэта трое дзетак і маці Андрэя Міхайлавіча.
Безумоўна, кардынальная перамена ўкладу жыцця патрабуе і такой жа змены дзейнасці. Менавіта так і паступілі Андрэй і Таццяна.
Фізічны выхавацель, трэнер, эканаміст і юрыст у адной асобе А. Абрамаў пачаў займацца авечкагадоўляй. Ды не проста развядзеннем авечак, а, як сам адзначыў, сапраўднай селекцыйнай работай.
Акрамя авечак, у статку, які налічвае больш за 100 галоў, ёсць яшчэ козы і цяляты. Усе жывёлы гадуюцца па асабістай сістэме.
— Наша прадукцыя, — запэўніў жывёлавод, — а гэта бараніна, казляціна, малочная цяляціна і ялавічына зерневага адкорму, па-сапраўднаму экалагічна чыстая. З рацыёну жывёл поўнасцю выключаны камбікармы, антыбіётыкі, стымулятары росту, ГМА.
Харчуюцца жывёлы толькі кармамі, якія вырасціў непасрэдна сам гаспадар альбо іншыя жыхары раёна, але абавязкова пад наглядам Андрэя Міхайлавіча.
— У дзень адна галава, — кажа А. Абрамаў, — з’ядае каля 2 кг агародніны, 3 — 4 кг сена, 400 гр зерня, калі да яго прывучыш, а працэс гэта доўгі і складаны.
Па-навуковаму падышоў гаспадар і да апрацоўкі пашы. Патрэбнае насенне травы для яе, улічваючы ўсе асаблівасці мясцовай глебы, падабралі супрацоўнікі сталічнай сельскагаспадарчай акадэміі. Тэрыторыя амаль у 4 га засеяна пяццю рознымі відамі галандскіх траў, што дазваляе за сезон выкарыстоўваць адно і тое ж месца для выпасу аж тры — чатыры разы.
Безумоўна, сабекошт прадукцыі, выгадаванай у такіх умовах, даволі высокі, і цана на мяса вагаецца ад 200 да 300 тысяч рублёў за кілаграм. Але, па словах Андрэя Міхайлавіча, недахопу ў пакупнікоў у яго няма.
З гонарам паказваў гаспадар сваіх дагледжаных жывёл, для якіх створаны найлепшыя ўмовы — дабротныя ўцепленыя хлявы з каналізацыяй, прасторныя загоны, усюды чысціня, няма ніякага спецыфічнага паху. Адкормленыя, з бліскучай воўнай авечкі, бараны і козы, многія з якіх элітных парод, сапраўды выклікаюць захапленне.
А літаральна за некалькі гадзін да майго прыезду статак павялічыўся яшчэ на адну галаву — на свет з’вілася прыгожае ягня.
Уся жаночая справа — прыгатаваць ежу сабе і гасцям, наводзіць парадак, дагледзець агароды, выхадзіць маленькіх жывёл — ляжыць на плячах Таццяны і маці Андрэя. Да таго ж жанчыны нарыхтоўваюць аж да 500 слоікаў рознага аб’ёму разнастайных кансерваў — варэнне, кампоты, саленне, марынады.
Сваім пастаяльцам, акрамя утульнага жылля, чароўнай прыроды, экскурсій, разнастайных забаў і экалагічна чыстай прадукцыі, гаспадары сядзібы прапаноўваюць працу па гаспадарцы, што прапісана і ў правілах пражывання. Жадаючых, з усмешкай кажа Андрэй Міхайлавіч, не надта многа, тым не менш сустракаюцца ахвотнікі датыкнуцца да зямлі і прапалоць градку ці хоць бы самім сарваць зеляніну і агародніну для свайго стала.
З цікавасцю слухаю Андрэя Міхайлавіча, разглядаю тварэнне рук яго і толькі дзіву даюся, наколькі дасканала карэнны гараджанін змог прадумаць і пралічыць кожную дробязь, выдатна арганізаваць і ўтрымліваць сваю гаспадарку, што не пашкодзіць многім сялянам у яго павучыцца.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.