Каларытныя і яскравыя “Лёлі”

Главное

ЛёліЦікава, што можа атрымацца, калі разам збяруцца некалькі творчых таленавітых асоб? Ды шмат чаго! Напрыклад, …тэатр.
Так, каля дваццаці гадоў таму назад, па ініцыятыве Алены Котавай, на той час супрацоўніка раённага метадычнага цэнтра, у сценах раённага Дома культуры нарадзіўся народны тэатр гульні “Лёлі”, які спалучае тэатральныя пастаноўкі і элементы гульні з гледачамі.
А мілагучная назва, патлумачыла рэжысёр тэатра А. Котава, з’явілася ў гонар беларускай багіні вясны і кахання, бо ў першым складзе трупы былі адны жанчыны.
Вельмі хутка заўзятыя артысты запаланілі сэрцы гледачоў, і без іх гумарыстычных выступленняў сёння не абыходзіцца ні адно свята ў раёне. Ды і не толькі браслаўчане мелі магчымасць атрымаць асалоду ад незабыўных вясёлых вобразаў, створаных калектывам. За гады свайго існавання “Лёлі” неаднойчы выступалі на абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах, сваім гумарам весялілі жыхароў суседніх краін.
Багаты на разнастайныя падзеі выдаўся для артыстаў тэатра і мінулы год. На суд гледачоў яны прадставілі тры новыя тэатралізаваныя гульнявыя праграмы. Сцэнарыі для выступленняў з выкарыстаннем фальклорнага матэрыялу Браслаўшчыны піша Алена Грыгор’еўна. Безумоўна, гэта складаная карпатлівая работа, бо спачатку трэба знайсці адпаведныя гульні, забавы, прыказкі і прымаўкі, звязаць у адзіны цікавы і ў той жа час павучальны сюжэт, знайсці запамінальныя вобразы, падабраць яскравыя касцюмы.
Прым’ера гульнявой праграмы “Купальскія забавы” адбылася на Замкавай гары падчас народнага свята Купалле. Дзве гадзіны тэатралізаванага прадстаўлення, насычанага разнастайнымі конкурсамі і забавамі, браслаўчанам вельмі спадабаліся і запомнілася надоўга.
Здзівілі нашы артысты і гасцей абласнога свята працаўнікоў сяла “Дажынкі —2014” у Гарадку, дзе прадставілі сваю праграму “Сырны разгуляй”. Усе гульні і атракцыёны былі звязаны з тэмай сыру. На працягу дня на браслаўскім падво’і разыгрывалася цэлая галава сыру “Браслаўль”. Гулялі, як кажуць, і малыя, і старыя.
У планах калектыву ў бягучым годзе прыняць удзел з гэтай гульнявой праграмай на раённым свяце “Масленіца” і абласным масленічным разгуляі ў Оршы.
Неаднойчы калектыў тэатра выступаў і для адпачываючых на турыстычных базах нашага раёна з забаўляльнай праграмай “Лачхадавэс, ромалэ!”. Цыганскія танцы і спевы, вясёлыя пацехі з мядзведзем, варажба не толькі на картах, але і на гародніне выклікалі непадробнае захапленне ў гасцей Браслаўшчыны.
Вясной мінулага года па запрашэнні Даўгаўпілскага краю калектыў тэатра прыняў удзел у святкаванні Масленіцы ў Рэзакнэ (Латвія). Пасля выступлення артысты прывезлі з сабой не толькі дыплом, салодкія традыцыйныя падарункі з рук мэра горада, але і цеплыню, добрыя ўражанні ад сустрэчы з суседзямі.
Радаваў калектыў браслаўчан сваім гумарам і падчас адкрыцця “Еўраопту”, і на свяце, прысвечаным дню працаўнікоў сельскай гаспадаркі, запомніліся гледачам і каларытныя вобразы афіцыянтак з шоу-праграмы “Дзве зоркі”, ды і шматлікія агеньчыкі не праходзілі без іх удзелу.
Калектыў тэатра заўсёды знаходзіцца ў пастаянным пошуку новых форм, сюжэтаў і вобразаў для сваіх забаўляльных праграм. Шмат задум у артыстаў і сёлета.

Алена Пятушка.