Адкрыты купальны сезон у басейне

Главное

IMG_5548 (Large)Пра тое, што вада валодае мноствам карысных уласцівасцей і здольная станоўча ўздзейнічаць на нашу энергетыку, ведаюць многія. Таму водныя віды фітнесу карыстаюцца вялікай папулярнасцю і ў якасці асновы для трэніровак, і як дадатковая фізічная актыўнасць.
Магчымасць займацца адным з найбольш бяспечных і эфектыўных відаў фітнесу — аквааэробікай — з’явілася і ў браслаўчанак. Несумненна, у гэтыя халодныя зімовыя месяцы жадаючых займацца ў вадзе пад рытмічны плёскат хваль, каб набыць сабе стройную фігуру, хапае.
Заняткі праходзяць у басейне з цёплай вадой у адным з карпусоў базы адпачынку нацыянальнага парка “Дрывяты”. Пад бадзёрую музыку і пры наглядзе інструктара Жанны Кабак жанчыны рознага ўзросту з задавальненнем выконваюць фізічныя практыкаванні, а ўтульнае памяшканне і прыглушанае святло ствараюць прыемную атмасферу. Да таго перад ж заняткамі і пасля іх жадаючыя могуць папесціцца ў джакузі.
— Гэта вельмі эфектыўны від фізічных заняткаў, — тлумачыць Ж. Кабак. — Вада не дае небяспечных нагрузак на наш апорна-рухальны апарат і ў той жа час стварае значнае супраціўленне. У выніку заняткаў аквааэробікай паскараецца абмен рэчываў, калорыі актыўна спальваюцца, а вага зніжаецца. Масажны эфект, які ствараецца пад уздзеяннем вады, дазваляе эфектыўна змагацца з цэлюлітам, паляпшае крывазварот і агульны стан скуры, ды і падчас трэніровак менш стамляешся. А яшчэ вада добра заспакойвае нервовую сістэму.
Аднак ёсць у аквааэробікі і супрацьпаказанні. Гэта, паведаміў урач-тэрапеўт Міхаіл Героеў, прастудныя і інфекцыйныя захворванні ЛОР-органаў, мочапалавой сістэмы, скуры, гельмінтоз, праблемы са зрокам і з сардэчна-сасудзістай сістэмай, а таксама астма і схільнасць да алергіі на хлорку. Таму, акцэнтаваў увагу Міхаіл Сяргеевіч, перад пачаткам трэніровак абавязкова трэба параіцца з урачом. Да таго ж паберагчы сябе ад хлоркі варта і тым, хто да алергіі не схільны. Для гэтага абавязкова, раіць урач, прымайце душ да і адразу пасля басейна, перад заняткамі змывайце касметыку з твару і хавайце валасы пад купальную шапачку.
Аквааэробіка спалучыла ў сябе станоўчыя якасці плавання і многіх “наземных” спосабаў трэніроўкі, і гэта, несумненна, робіць яе па-сапраўднаму ўніверсальным відам фітнесу. Таму водгукі ад гэтых заняткаў толькі самыя найлепшыя.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.