Мужныя людзі — мужныя справы

Главное

IMG_7728 (Small)Штогод 19 студзеня ратавальнікі Беларусі адзначаюць сваё прафесійнае свята. З гэтай даты ў 1999 годзе пачаўся адлік дзейнасці новай структуры, накіраванай на папярэджванне і ліквідацыю здарэнняў прыроднага і тэхнагеннага характару, забеспячэнне пажарнай, прамысловай i радыяцыйнай бяспекі, грамадзянскай абароны.
Стварэнне аварыйна-выратавальнай службы пашырыла пералік задач, якія стаяць перад падраздзяленнямі МНС. Увогуле, у кругласутачным рэжыме функцыянуе і даказвае сваю эфектыўнасць магутны корпус сіл рэагавання на надзвычайныя сітуацыі. І яго базавай асновай з’яўляюцца органы і падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях, куды ўваходзіць і Браслаўскі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях.
Зараз у падраздзяленнях Браслаўскага РАНС нясуць службу 70 чалавек — 12 афіцэраў і 58 работнікаў радавога і малодшага начальніцкага складу. На ўзбраенні знаходзіцца 8 адзінак асноўнай баявой тэхнікі і 6 рэзервовай.
Дэвіз людзей, якія штодня ратуюць жыцці, — “Прафесіяналізм. Адвага. Гонар”. Выратавальнік — гэта прызванне і лад жыцця. Прадстаўнікі гэтай прафесіі заўсёды першыя там, дзе трапіўшым у бяду людзям патрэбна дапамога.
За 2014 год на тэрыторыі раёна адбылося 35 пажараў, што на 6 выпадкаў менш, чым у папярэднім годзе. На іх загінулі 6 чалавек (на 5 выпадкаў менш, чым у 2013г.). Шкода ад пажараў у 2014 годзе склала 1 825 228 085 беларускіх рублёў.
У асноўным прычыны пажараў і гібелі людзей на іх не звязаны з якімі-небудзь няспраўнасцямі, а адбываюцца з-за безадказнага стаўлення да ўласнай бяспекі. Так, у мінулым годзе прычынамі ўзгарання ў жылым фондзе ў 18 выпадках стала неасцярожнае абыходжанне з агнём (як правіла, пры курэнні або ад непатушанай запалкі); парушэнне правілаў пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі пячнога ацяплення (4 выпадкі), пры эксплуатацыі электраправодкі і электраабсталявання (9); падпал (2); прыродны фактар (1); дзіцячае свавольства (1).
Страт магло быць значна больш, калі б не самаадданая праца пажарных-ратавальнікаў. За мінулы год выратаваны жыцці 4 чалавек, матэрыяльных каштоўнасцей на суму больш за 1 мільярд рублеў, 59 будынкаў, адна адзінка тэхнікі, 9 галоў жывёлы.
Штогод пажарныя падраздзяленні раённага аддзела звыш 270 раз выязджаюць па трывозе, у асноўным на пажары, аварыі і іншыя надзвычайныя сітуацыі, а таксама на практычныя заняткі і вучэнні. Прадстаўнікі аддзела прымаюць актыўны ўдзел у спартыўным жыцці раёна, каманда аддзела займае прызавыя месцы ў розных спаборніцтвах.
У нашай прафесіі не бывае выпадковых людзей. І ў першую чаргу заслугоўваюць слоў падзякі тыя супрацоўнікі, хто перадаў нам у спадчыну багаты вопыт папярэдніх пакаленняў пажарных, стаяў ля вытокаў стварэння і развіцця службы МНС. Сёння ж служба ганарыцца такімі супрацоўнікамі, як Аляксей Капылоў, начальнік каравула ПАВЧ №1 г. Браслава; Аляксей Бузо, начальнік ПАВП агр. Плюсы; Сяргей Максімовіч, вадзіцель ПАВЧ № 1 г. Браслаў; Аляксандр Чанчын, пажарны ПАВП №15 г. п. Відзы. Лепшае ж падраздзяленне па выніках мінулага года — пост № 14 у агр. Плюсы.
Для спецыялістаў пажарнай справы зразумела, што пажар — з’ява экстрэмальная. Яна патрабуе ад выратавальніка максімальнай сабранасці, дысцыпліны, уважлівасці, поўнай самааддачы, хуткай, калі не сказаць імгненнай рэакцыі на штомінутную і штохвілінную зменлівую сітуацыю. На пажары ці аварыі нельга ні хвалявацца, ні тым больш панікаваць, усё гэта для нас аб’ядноўваецца адным словам — прафесіяналізм.
Напярэдадні свята хацелася б павіншаваць ветэранаў пажарнай службы і ўвесь асабовы склад раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях з прафесійным святам, пажадаць ім і іх сем’ям здароўя, шчасця, дабрабыту, бадзёрасці і душэўнай маладосці. Поспехаў у справе абароны жыцця людзей і простай чалавечай удзячнасці.

Сяргей Сачыўка,
начальнік Браслаўскага РАНС.

На здымку: Віншаванні і пажаданні з нагоды прафесійнага свята разам з астатнімі супрацоўнікамі РАНС будзе прымаць і каравул ПАВЧ №1 г. Браслава у складзе (на здымку злева направа) начальніка каравула Івана Белуся, вадзіцеля Віталя Лапко, старшага пажарнага Руслана Дземідовіча, пажарнага Дзмітрыя Гродзя, стажора Алега Пучынскага.