Дапаможа Сонца

Главное

IMG_0575 (Small)Як ужо адзначала наша газета, завершаны нядаўна дэманстрацыйны праект “Прасоўванне энергазберагальных тэхналогій і аднаўляльных крыніц энергіі на мясцовым узроўні”, акрамя ўсяго іншага, меў мэту паказаць людзям, што сучасныя энергаэфектыўныя тэхналогіі можна паспяхова ўкараняць і на Браслаўшчыне. Для гэтага ў якасці эксперыменту ў раённай ДЮСШ усталявалі сістэму сонечнага нагрэву вады. Яе праектаваннем і мантажом займаліся спецыялісты сталічнага ЗАТ “Тэрра-геліо” – фірмы, якая спецыялізуецца на гэтай дзейнасці.
Сапраўды, існуе меркаванне, маўляў, сонца ў нас мала, а таму і падобныя пачынанні бесперспектыўныя. Аднак спецыялісты сцвярджаюць адваротнае. Нашы шыроты на працягу больш чым 6 месяцаў у год атрымліваюць дастатковую колькасць сонечнай энергіі, каб эфектыўна выкарыстоўваць геліакалектары. У той жа Германіі, якая з’яўляецца адным з міравых лідараў па тэмпах укаранення сонечнай энергетыкі, умовы значна горшыя. Тым не менш у ФРГ дзяржава імкнецца стымуляваць развіццё гэтага накірунку, у тым ліку і насельніцтвам, каб у выніку знізіць залежнасць ад выкапнёвага паліва. Адзін з прыкладаў: там немагчыма атрымаць дазвол да будаўніцтва ці рэканструкцыю дома, калі ў яго праектам не прадугледжана ўстаноўка геліакалектараў.
Аднак вернемся да нашай рэчаіснасці. У Беларусі, па разліках экспертаў, з сакавіка па кастрычнік інсаляцыі (паступлення сонечнай энергіі) дастаткова, каб на 100% закрыць патрэбы ў гарачым водазабеспячэнні. Як адзначыў дырэктар ЗАТ “Тэрра-геліо” Аляксандр Пікуль, які ў райвыканкаме прэзентаваў праект па забеспячэнні Браслаўскай спартшколы “сонечнай” гарачай вадой, такі падыход дазволіць эканоміць 1500 – 2000 кілават гадзін электраэнергіі за сезон. У астатні ж час сонечнае святло, няхай і рассеянае, усё адно дапаможа і часткова паўдзельнічае ў нагрэве. Што тычыцца тэрміну службы сістэмы, то ён перавышае 15 гадоў, а акупліваецца праект увогуле за 3—5. Сам жа яго кошт з мантажнымі работамі складае прыкладна 10 мільёнаў рублёў – па меншай меры такія лічбы справядлівыя для сістэмы, устаноўленай у ДЮСШ.
Дарэчы, па словах дырэктара спартшколы Вікенція Жданковіча, сістэма будзе забяспечваць гарачай вадой душавыя. Праўда, на поўную магутнасць яна выйдзе толькі вясной: тады і можна будзе рабіць высновы наконт яе эфектыўнасці.

Вячаслаў Каладынскі.
Фота аўтара.IMG_7723 (Small)