Выступленне юных артыстаў

Главное

100_7240 (Small)Божае Нараджэнне — дзіўны час, калі душа напаўняецца радасцю і чаканнем цуду. Гэта светлае свята, якое нясе свету дабро і згоду. Да яго рыхтуюцца і дарослыя, і дзеці. Нярэдка Каляды нават называюць дзіцячым святам, бо ў гэты час вялікую ўвагу надаюць дзецям, а галоўнае, яны самі з натхненнем і радасцю прымаюць удзел ва ўрачыстасцях.
Вось і ў г. Браславе 7 студзеня ў навучальным класе нядзельнай школы Свята-Панцеляймонаўскага жаночага манастыра прайшло каляднае прадстаўленне, якое стала традыцыйным. Выхаванцы пры садзейнічанні ігуменні Нікі паказалі прыхаджанам сцэны евангельскіх падзей Нараджэння Богадзіцяці Хрыста, а таксама кранальную гісторыю пра дзвюх сясцёр на маральную тэму. Тэатралізаванае прадстаўленне суправаджалася каляднымі спевамі. Прыемна і замілавальна было глядзець, як, трохі хвалюючыся, выступаюць юныя артысты. Ім у поўнай меры ўдалося стварыць цёплую і светлую атмасферу свята.

Жанна Бялько.
Фота аўтара.