Тэма тыдня: Уручэнне прэміі «За духоўнае адраджэнне», спецпрэміі дзеячам культуры і мастацтва, «Беларускі спартыўны Алімп»

Главное

9 студзеня Аляксандр Лукашэнка ўручыў прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне», спецыяльныя прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва, «Беларускі спартыўны Алімп». Цырымонія ўзнагароджання адбылася ў Палацы Рэспублікі.

Прэмія «За духоўнае адраджэнне» заснавана ў 1997 годзе. Яна прысуджваецца штогод за выдатныя творы літаратуры і мастацтва і (або) актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы, што садзейнічае зберажэнню і прымнажэнню нацыянальнага культурнага здабытку, выхаванню ў моладзі любові да Айчыны, умацаванню духоўных каштоўнасцей і мастацка-маральных традыцый, ідэй чалавекалюбства, дабрачыннасці і міласэрнасці.

Прэмія прысуджваецца ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Прыняцце ўказа з’яўляецца яскравым сведчаннем пастаяннай увагі дзяржавы да пытанняў фарміравання ў беларускім грамадстве здаровай духоўнай атмасферы, захавання і прымнажэння нацыянальнага культурнага здабытку, выхавання любові да Айчыны, распаўсюджвання ідэй чалавекалюбства і міласэрнасці.

Спецыяльныя прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва заснаваны ў 1998 годзе. Яны прысуджаюцца штогод за выдатныя дасягненні ў галіне выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога, музычнага, тэатральнага, харэаграфічнага, эстраднага, цыркавога мастацтва, архітэктуры, дызайну, кінавідэамастацтва, літаратуры, журналістыкі, тэлебачання і радыёвяшчання, крытыкі і мастацтвазнаўства, а таксама народнай і аматарскай мастацкай творчасці, музейнай і бібліятэчнай справы, навучання і выхавання творчай моладзі, якія атрымалі грамадскае прызнанне.

Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Беларускі спартыўны Алімп» заснавана ў 2003 годзе, прысуджаецца ў мэтах стымулявання і сацыяльнай падтрымкі дзейнасці ў галіне фізічнай культуры і спорту.

Беларуская дзяржава будуецца на прынцыпах міру і згоды — Лукашэнка

Аб гэтым заявіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ў час цырымоніі ўручэння прэмій.

Прэміяй «За духоўнае адраджэнне» адзначаны калектывы Рэспубліканскага інтэрната ветэранаў вайны і працы і вучэбна-вытворчых майстэрань прыхода храма абраза Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць». Прэзідэнт адзначыў:

«Беларускі народ заўсёды імкнуўся да стваральнага жыцця, заснаванага на працавітасці, справядлівасці, узаемадапамозе. Таму спакон веку ў пашане ў нас людзі, якія працуюць у імя падтрымання гэтых асноватворных маральных прынцыпаў. Мы ўзнагароджваем тых, хто прысвяціў жыццё справам міласэрнасці і дапамогі блізкім».

Прэзідэнт падкрэсліў, што адна з галоўных мэт беларускай дзяржавы — стварэнне ўмоў для самарэалізацыі маладых грамадзян, гатовых прыкласці свае сілы і здольнасці на карысць Айчыны. «І ў гэты ўрачысты дзень мы аддаём даніну павагі людзям, якія дзень пры дні працуюць на дасягненне гэтай мэты. Высокіх узнагарод удастоены Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубраня», Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Бягучы год — гэта год 70-годдзя Вялікай Перамогі, нагадаў Аляксандр Лукашэнка. «У Беларусі робіцца ўсё магчымае для захавання памяці пра яе. Мы ахоўваем гістарычную праўду і стараемся атрымліваць з яе бясцэнныя ўрокі. Дзякуючы працы, таленту работнікаў культуры ў мінулым годзе ўведзены ў строй сучасны будынак Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і створана новая экспазіцыя ў мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой». Заслугі гэтых калектываў мы сёння таксама адзначаем», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

У час цырымоніі ўшаноўвалі і тых, хто выхоўвае будучых чэмпіёнаў. «Мы хочам, каб здаровы лад жыцця, любоў да спорту, актыўнага адпачынку ў людзей розных узростаў таксама сталі добрай традыцыяй. І, вядома, наша краіна павінна прырастаць яркімі трыумфамі беларускіх прафесійных спартсменаў, якія звязалі сваё жыццё са спортам вышэйшых дасягненняў», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь даўно і трывала заняла месца ў ліку спартыўных дзяржаў. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што мінулы год быў адзначаны яркімі і памятнымі для беларусаў спартыўнымі падзеямі. «Упершыню за ўсю гісторыю суверэннай Беларусі мы прымалі сусветны чэмпіянат. Нашы спартсмены дастойна паказалі сябе і на Алімпійскіх гульнях у Сочы», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ўручэнне прэмій «За духоўнае адраджэнне», спецыяльных прэмій дзеячам культуры і мастацтва, «Беларускі спартыўны Алімп» пацвярджае старажытную ісціну: добрыя справы заўсёды ўзнагароджваюцца. Кіраўнік дзяржавы падзякаваў узнагароджаным за тое, што яны паказваюць прыклад служэння грамадству і шчырай любові да роднай зямлі.

Па выніках 2014 года прысуджаны пяць прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне». Сярод лаўрэатаў гэтай высокай узнагароды — аўтарскі калектыў у складзе настаяцеля рэлігійнай абшчыны «Прыход храма абраза Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць» у Мінску Мінскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы протаіерэя Ігара Карасцялёва і дацэнта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Марыны Краўцовай. Іх намаганнямі створаны вучэбна-вытворчыя майстэрні пры названым прыходзе для сацыялізацыі людзей з цяжкімі захворваннямі. Лаўрэатам прэміі стаў таксама калектыў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, які ўвасобіў нацыянальна-гістарычную тэматыку ў балеце «Вітаўт». Сярод лаўрэатаў і калектыў Рэспубліканскага інтэрната ветэранаў вайны і працы, які ўнёс вялікі ўклад у развіццё дзяржаўнай сістэмы сацыяльнай абароны, умацаванне ідэй чалавекалюбства і міласэрнасці ў грамадстве. Гэтай узнагароды ўдастоены і Цэнтральны камітэт Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, што ўнёс значны ўклад у грамадзянскае выхаванне і фарміраванне патрыятычнай самасвядомасці моладзі.

Кіраўнік дзяржавы прысудзіў 10 спецыяльных прэмій Прэзідэнта Беларусі: ансамблю песні і танца «Медуніца» Магілёўскай абласной філармоніі, аўтарскаму калектыву тэлеканала «Сталічнае тэлебачанне» ў складзе дырэктара дырэкцыі спецыяльных праектаў Аляксея Адашкіна, карэспандэнта спецыяльнай службы карэспандэнтаў дырэкцыі інфармацыйнага вяшчання Вольгі Макей; аўтарскаму калектыву ў складзе супрацоўнікаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Алены Боганевай і Тамары Варфаламеевай, педагога Цэнтра дадатковай адукацыі «Ветразь» Кастрычніцкага раёна Мінска Мікалая Козенкі.

Узнагароды ўдастоены таксама аўтарскі калектыў у складзе дацэнта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Людмілы Дамнянковай, дырэктара творча-эксперыментальнага прыватнага ўнітарнага прадпрыемства «Гударт» Пятра Лабковіча, супрацоўніка Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Барыса Лазукі. Прэміі ўдастоены калектыў мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой». Сярод узнагароджаных — калектыў творчых майстэрань «Цэнтра сучасных мастацтваў», калектыў Неглюбскага сельскага цэнтра ткацтва Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці. Прэмія прысуджана галоўнаму спецыялісту прадпрыемства «Мінская спадчына» Сяргею Багласаву, мастаку-скульптару, члену Беларускага саюза мастакоў Сяргею Бандарэнку, прафесару кафедры малюнка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Уладзіміру Ганчаруку.

Лаўрэатамі прэмій «Беларускі спартыўны Алімп» сталі спартсмен-інструктар нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы Марына Арзамасава, трэнер-выкладчык установы «Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па гімнастыцы мастацкай» Ірына Ільянкова, трэнер-выкладчык па лёгкай атлетыцы ўстановы «Мінская спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву нумар 2 БФСТ «Дынама» Наталля Шыкаленка.

Лукашэнка: прыхільнасць да хрысціянскіх каштоўнасцей — адзін з фактараў захавання адзінства беларускай нацыі

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўручэнне прэмій «За духоўнае адраджэнне» не выпадкова прымеркавана да Ражджаства Хрыстовага.

«Прыхільнасць да хрысціянскіх каштоўнасцей, маральных, эстэтычных традыцый з’яўляецца адным з галоўных фактараў у развіцці беларускай нацыі, захаванні яе адзінства», — сказаў Прэзідэнт.

«Да чаго можа прывесці пагарджанне імі, паказваюць падзеі ў нашых суседзяў. Хваля міжнацыянальных, міжканфесійных канфліктаў, тэрарыстычных пагроз ахапіла сёння ўвесь свет», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў гэтых умовах асаблівую каштоўнасць набываюць адзінства і з’яднанасць народа. «Як сказана ў Евангеллі: «Усякае царства, падзеленае само ў сабе, апусцее, а дом, падзелены сам у сабе, падзе». Гісторыя вучыць, што толькі мір і згода служаць надзейным фундаментам дабрабыту любой краіны. Менавіта на гэтым фундаменце мы будзем будаваць і будуем нашу дзяржаву», — заявіў беларускі лідар.

Беларусь адкрыта для асваення сусветнага вопыту. Але, спасцігаючы культуру іншых народаў, важна не згубіцца ў ёй, не страціць свой твар.

«Мы ўзнагароджваем тых, хто стварае сучасныя творы ў розных жанрах, абапіраючыся на нашу мастацкую спадчыну, светапогляд і традыцыі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Дырэктар Неглюбскага сельскага цэнтра ткацтва: наша мэта — захаваць традыцыі сапраўды народнага беларускага промыслу

Указам кіраўніка дзяржавы па выніках 2014 года калектыву Неглюбскага сельскага цэнтра ткацтва Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці прысуджана спецыяльная прэмія за значныя дасягненні ў справе адраджэння і развіцця народных рамёстваў, захаванне і папулярызацыю традыцыйных тэхналогій вытворчасці неглюбскіх ручнікоў. «Прызнацца, крыху нечакана было даведацца, што наша работа атрымала такую высокую ацэнку. Гэта надае ўпэўненасці ў тым, што наш цэнтр ткацтва будзе прадаўжаць жыць і развівацца», — лічыць дырэктар цэнтра Уладзімір Кавалёў.

Дзякуючы таму што тканыя неглюбскія ручнікі экспанаваліся на выстаўках у Англіі, Бельгіі, Францыі, ЗША, Канадзе, Японіі і іншых краінах, свет больш даведаўся пра Беларусь, пра нашу культуру. Для сваёй калекцыі іх набыў амерыканскі музей «Метраполітэн». «Не ведаю дакладна, як цяпер, але раней нашы ручнікі ўпрыгожвалі адну з залаў ААН у Нью-Ёрку. Вырабы нашых майстрых ахвотна набываюць іншаземныя турысты, якія часта наведваюць цэнтр. Не памылюся, калі скажу, што за межамі рэспублікі знаходзяцца ўжо тысячы неглюбскіх ручнікоў. Вельмі хочацца, каб з цягам часу яны змаглі стаць такім жа сімвалам Беларусі, як слуцкія паясы», — сказаў ён.

Ансамбль песні і танца «Медуніца» рыхтуе да 70-годдзя Перамогі праграму для ветэранаў

«У гэтым годзе Беларусь будзе святкаваць 70-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, і мы, вядома, рыхтуем спецыяльны творчы праект для ветэранаў вайны і працы. Многія песні, якія былі напісаны ў тыя і пасляваенныя гады, сталі сапраўды народнымі, іх ведаюць і выконваюць усе. Таму невыпадкова ў свой новы праект, над якім цяпер працуем, мы ўключылі песні такіх вядомых расійскіх і беларускіх кампазітараў, як Васіль Салаўёў-Сяды, Максім Дунаеўскі, Леанід Захлеўны, Уладзімір Карызна», — сказала мастацкі кіраўнік ансамбля песні і танца «Медуніца» Валянціна Кандрацьева.

Калектыў мае намер аб’ехаць з канцэртамі ўсе раёны Магілёўскай вобласці, а таксама прэзентаваць новую праграму ў іншых рэгіёнах Беларусі і краінах блізкага замежжа. «Мы пастаянна ўдзельнічаем у розных абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах, рыхтуем новыя песенныя праграмы, папаўняем рэпертуар новымі песнямі, развіваемся прафесійна. Менавіта таму мы запатрабаваны, нас заўсёды цёпла сустракае глядач. Не важна — гэта канцэрт у сельскай глыбінцы або ў еўрапейскай сталіцы», — сказала субяседніца. Галоўнай сваёй задачай Валянціна Кандрацьева лічыць шырокую папулярызацыю і прапаганду беларускай народнай песні як аднаго з найбагацейшых пластоў нацыянальнай культуры.

Беларусам удалося захаваць сваю традыцыйную культуру — вучоны

Такое меркаванне выказала старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследавання беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Тамара Варфаламеева, якая атрымала ў складзе аўтарскага калектыву спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2014 года за стварэнне фундаментальнага навуковага 6-томнага выдання «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў».

«Калі мы задумвалі гэта выданне, то адразу паставілі перад сабой звышзадачу — зрабіць сінхронны зрэз традыцыйнай культуры на стыку другога і трэцяга тысячагоддзя, паколькі беларусы як ніхто змаглі захаваць сваю традыцыйную культуру да гэтага часу. Яна была, ёсць і будзе, няхай і ў іншых формах», — падкрэсліла Тамара Варфаламеева.

Работа над шасцітомнікам вялася на працягу 20 гадоў. Паводле слоў Тамары Варфаламеевай, якая і стала ініцыятарам гэтага праекта, выданне цікавае не толькі для беларусаў, але і для прадстаўнікоў іншых краін. Кнігамі актыўна карыстаюцца даследчыкі Расіі і Літвы, зацікавіліся вучоныя Сербіі. У дзесяці кнігах (апошнія чатыры тамы выходзілі ў дзвюх кнігах) сабрана вялікая колькасць матэрыялу: тут і народны каляндар, і песні, і танцы, і народная проза, і традыцыйны касцюм, і беларускі тэкстыль. «Далёка не ўвесь матэрыял увайшоў у кнігі. Мяне здзіўляе, наколькі беларусы, якія жывуць у глыбінцы, — крэатыўныя людзі, як творча яны падыходзяць да сваіх традыцый, колькі ведаюць і як ахвотна дзеляцца інфармацыяй», — адзначыла вучоны.

Вобразную мову слуцкага пояса можна перанесці на сучасныя рэчы, упэўнены Барыс Лазука. Матывы могуць з’явіцца на тканінах, бытавых прадметах, каб яны былі пазнавальныя не толькі прафесіяналамі, але і звычайнымі грамадзянамі. На думку вучонага, матывы слуцкага пояса будуць дарэчы і на кераміцы, і на жаночай хустцы. Нацыянальны элемент можа натуральным чынам увайсці ў жыццё прадстаўнікоў усіх пакаленняў беларусаў.

«Работа завершана, але мы не спыняем даследаванні. Напрыклад, ёсць мара перавыдаць першыя два тамы — Віцебск і Магілёў. Іх выданне сутыкнулася з вялікімі цяжкасцямі: гэта быў пачатак праекта, і шмат матэрыялу не ўвайшло ў гэтыя тамы», — адзначыла Алена Боганева.

Слуцкія паясы з’яўляюцца характэрнай адметнасцю беларускай культуры — вучоны

Такое меркаванне выказаў загадчык аддзела старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Барыс Лазука.

Аўтар дзвюх кніг аб слуцкіх паясах Барыс Лазука вельмі ганарыцца гэтым праектам, рэалізацыя якога ішла з поўнай аддачай сіл. Стараннямі калектыву ў Слуцку існуе музей, экспазіцыя якога робіць даступным вялізны цікавы пласт нацыянальнай гісторыі і культуры, раней малавядомы шырокай публіцы.

Экспазіцыя Музея гісторыі слуцкіх паясоў была створана за паўтара гады, хоць, як правіла, такая работа вядзецца на працягу некалькіх гадоў. Як расказаў вучоны, наведвальнікі музея маюць магчымасць трапіць у атмасферу XVIII стагоддзя, калі ствараліся слуцкія паясы. Экспазіцыя расказвае аб гісторыі слуцкага пояса, традыцыях яго вырабу, праводзяцца паралелі з культурамі іншых краін, дзе падобны элемент касцюма таксама існаваў. У адноўленай зале радзівілаўскага замка госці могуць убачыць касцюмы, пашытыя па арыгінальных выкрайках XVIII стагоддзя.

Работа над напаўненнем экспазіцыі музея будзе прадаўжацца, паведаміў Барыс Лазука. Акрамя таго, беларускі вучоны пачаў рэалізацыю другога такога ж значнага ў беларускай гісторыі і культуры праекта.