Праект завершаны. Наперадзе — чарговы

Главное

IMG_0551 (Small)Двухгадовы дэманстрацыйны праект пад назвай “Прасоўванне энергазберагальных тэхналогій і аднаўляльных крыніц энергіі на мясцовым узроўні”, які рэалізаваўся на Браслаўшчыне пры падтрымцы Цэнтра экалагічных рашэнняў (Мінск), паспяхова завяршыўся. Яго вынікі прэзентавалі ў мінулую пятніцу ў райвыканкаме. На пасяджэнні, акрамя вузкіх спецыялістаў, прысутнічалі старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў і прадстаўнікі грамадскасці.
Як адзначыла на прэзентацыі Алена Ракава, прадстаўнік офіса Еўрапейскай камісіі па Беларусі, штогод на фінансаванне рознага кшталту праектаў Еўрасаюз выдаткоўвае каля 20 мільёнаў еўра, якія галоўным чынам накіроўваюцца на падтрымку менавіта мясцовых ініцыятыў. І перавага аддаецца тым пачынанням, якія тычацца сферы энергазберажэння і энергаэфектыўнасці, бо з кожным годам барацьба за выкапнёвае паліва толькі абвастраецца. Браслаўскі ж раён у гэтай сферы зарэкамендаваў сябе як ініцыятыўны і надзейны партнёр, а таму ёсць усе падставы меркаваць, што плённае супрацоўніцтва будзе працягнута.
Непасрэдна вынікі завершанага праекта падводзіў супрацоўнік ЦЭР Дзмітрый Буронкін. Ён завастрыў увагу на тым, што раёны накшталт Браслаўскага маюць значна большы патэнцыял у сферы энергаэфектыўнасці, чым прынята думаць. Аднак, каб яго выкарыстаць, трэба вывучаць перадавы вопыт і, вядома, укладваць пэўныя сродкі.
Па словах Д. Буронкіна, наша дзяржава, а разам з ёй і Браслаўскі раён, за апошнія гады зрабіла значны крок наперад у гэтай сферы. Тым не менш не ўсе пытанні можна вырашыць адміністрацыйнымі метадамі – вельмі важна матываваць насельніцтва берагчы энергію, а яно, дарэчы, у маштабах раёна штогод спажывае да 40% паліўна-энергетычных рэсурсаў. І адна з задач дэманстрацыйнага праекта — паказаць людзям, што сучасныя тэхналогіі даступныя і рэальна працуюць.
Што тычыцца самога праекта, то ў рамках яго была дадзена экспертная ацэнка энергапатэнцыялу Браслаўшчыны, выпрацавана энергетычная стратэгія рэгіёну, падрыхтаваны канкрэтныя бізнес-планы, праведзена растлумачальная работа з грамадзянамі і, што вельмі важна, знойдзены шляхі для фінансавання.
Яго канцэпцыя мае на ўвазе ўкараненне ў нас тэхналогій, якія дазволяць скараціць ужыванне энергіі і выкіды СО2, павысіць долю мясцовых відаў паліва. Адметна, што эксперты прапануюць нам за бліжэйшыя дзесяцігоддзі цалкам адмовіцца ад выкарыстання ў якасці паліва торфу, бо ён пры згаранні выдзяляе надта многа парніковых газаў. Замест яго прапануецца паліць драўляную шчэпку і салому. Справа ў тым, што і адна, і другая – хуткааднаўляльны рэсурс, які да таго ж з’яўляецца раслінным. Кожны ведае, што ў сілу сваёй фізіялогіі расліны паглынаюць з атмасферы вуглекіслы газ, назапашваючы яго ў біямасе. І пры іх згаранні выдзяляецца такі ж аб’ём СО2, што па сутнасці азначае “нулявыя” выкіды. Пры гэтым салома не патрабуе спецыяльнай вытворчасці — яна пабочны прадукт, які застаецца ад вырошчвання зерня. Па гэтых прычынах яе і выбралі асноўным альтэрнатыўным палівам для нашага раёна.
Больш канкрэтныя прапановы знайшлі сваё адлюстраванне ў бізнес-планах. Так, напрыклад, ужо зроблены рознабаковыя разлікі для абсталявання цэнтральнай гарадской кацельні катламі на саломе. Па сутнасці, на адыходах сельгасвытворчасці плануецца атрымліваць каля 50% цяпла.
Яшчэ адна актуальная прапанова тычыцца браслаўскага малаказавода, дзе прапануецца прымяніць сістэму мнагакратнага выкарыстання вады. Таксама ў якасці эксперыменту адзін са шматкватэрных дамоў Браслава плануецца абсталяваць цеплаабменнікам для патрэб гарачага водазабеспячэння, а музей традыцыйнай культуры — інавацыйнай сістэмай ацяплення з выкарыстаннем цеплавых насосаў. Прыемна адзначыць, што такія новаўвядзенні, па прагнозах спецыялістаў, цалкам акупяцца вельмі хутка — у тэрмін да трох гадоў у выпадку самага складанага і дарагога праекта з кацельняй. Да таго ж кожны ўкладзены еўра абернецца прыбыткам з каэфіцыентам ад 2,5 да 4,9.
Такім чынам, калі абагульніць сказанае, то атрымаецца наступная матэматыка. Пры ўкараненні ўсіх інавацый, прадугледжаных праектам, Браслаўшчына да 2020 года скароціць ўжыванне паліва прыкладна на 20% — з 57 тысяч тон умоўнага паліва ў год да 45,7 тысячы. Выкарыстанне мясцовых відаў паліва ўзрасце і складзе 45% у агульным энергабалансе (без торфу), а выкіды СО2 па раёне скароцяцца на трэць. Лічбы яшчэ больш уражваюць, калі працягнуць “лінію” да 2030 года. Аднак, па падліках спецыялістаў, усё гэта будзе каштаваць нам 8,5 мільёна еўра — па сусветных мерках сума даволі сціплая, тым не менш у нас яе няма.
І тут на дапамогу прыходзяць міжнародныя гранты. Трэба сказаць, што амаль усе прапановы спецыялістаў, адлюстраваныя ў апісаным праекце, знойдуць працяг у яшчэ адным цікавым пачынанні, якое мае на ўвазе канвертацыю Браслаўскага раёна ў кліматычна нейтральны рэгіён. Згодна з апошнім, мы ўжо прыцягнулі амаль €600 тысяч інвестыцый. Тым не менш патрэбна яшчэ, а таму актыўнасць Браслаўшчыны ў сферы саіскання міжнародных грантаў набывае асаблівую актуальнасць. Прычым папярэдні павінен ствараць падставу для наступных. “У такім накірунку наш раён і будзе рушыць,” — рэзюмаваў намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Давыдзенка.

Вячаслаў Каладынскі.
Фота аўтара.

IMG_0556 (Small) IMG_0568 (Small)