Першы браслаўчанін 2015г. – хлопчык

Новости

IMG_5504 (Small)Першы жыхар Браслаўскага раёна, народжаны ў 2015 годзе, з’явіўся на свет 2 студзеня ў 13.10 у радзільным аддзяленні ЦРБ. Хлопчык, які будзе насіць імя Кірыл па прозвішчы Александровіч, нарадзіўся здаровым, меў рост 54 сантыметры і вагу 3 кілаграмы 800 грамаў. Цяпер жа ён з мамай ужо выпісаны дамоў – у вёску Аколіца.
З гэтай прыемнай нагоды ў госці да шчаслівых бацькоў – Іны і Анатоля – завіталі старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў, яго намеснік па сацыяльных пытаннях Іна Лысенка, старшыні раённай арганізацыі “Белая Русь” Віталь Даўжэнка і Ахрэмавецкага сельвыканкама Дзіяна Тарун. Высокія госці, вядома, прыехалі не з пустымі рукамі: яны прывезлі з сабой падарункі і шмат цёплых слоў.
Кірыл, дарэчы, трэцяе дзіця ў сям’і. У маладых бацькоў ёсць яшчэ дзве старэйшыя дачкі – шасцігадовая Таццяна і Кацярына, якой 1 годзік. Такім чынам, ужо ў першыя дні новага года наш раён “прырос” не толькі яшчэ адным жыхаром, але, што немалаважна, і шматдзетнай сям’ёй, якая, акрамя ўсяго іншага, першай на Браслаўшчыне зможа прэтэндаваць на “мацярынскі капітал” у 10 тысяч долараў.

Вячаслаў Каладынскі.
Фота аўтара.
Здымак: віншаванні ад старшыні райвыканкама.
На момант вёрсткі нумара газеты ў радзільным аддзяленні Браслаўскай ЦРБ з’явіліся на свет яшчэ 7 немаўлят. Сярод іх 4 хлопчыкі і 3 дзяўчынкі.