Чароўны і наіўны свет маляванак

Люди

IMG_5450 (Small)Упершыню маляваныя дываны на Беларусі з’явіліся ў 20-ыя гады мінулага стагоддзя. Нягледзячы на цяжкае і складанае жыццё ў часы НЭПа, калектывізацыі і пасляваенныя гады беларусы цягнуліся да прыгожага і хацелі мець у хаце свой маленечкі рай, хоць бы намаляваны на палатне.
Маляваныя дываны з іх немудрагелістымі сюжэтамі і ўзорамі былі вельмі запатрабаванымі сярод вяскоўцаў. Маляванкі замаўлялі ў якасці падарунка на вяселле, народзіны дзіцяці ды іншыя святы.
Вось і хадзілі мастакі-самавучкі, не абдзеленыя талентам, ад вёскі да вёскі і на самаробных ільняных палотнах каляровымі алейнымі фарбамі малявалі рай-шчасце, тым самым зарабляючы сабе на хлеб.
А пасля з’явіліся машынныя дываны. І паступова выцеснілі маляванкі ў калідоры, пуні, хлявы. Іх сталі падсцілаць пад ногі, на іх насілі жывёле сена.
На шчасце, у канцы 20 ст. мастакі новага пакаленні і супрацоўнікі музеяў пачалі шукаць апошнія ўзоры народнай творчасці, што адрозніваліся ўнікальнай тэхнікай, якую вельмі важна не страціць.
У фондах Браслаўскага музейнага аб’яднання таксама захоўваюцца маляваныя дываны, якія ўдалося знайсці на тэрыторыі нашага раёна.
З пяшчотай і захапленнем расказвае пра старадаўнія маляванкі малодшы навуковы супрацоўнік па фондавай рабоце Аліна Выжыкоўская. Яна сама прыклала нямала намаганняў, каб адшукаць і зберагчы мясцовыя народныя шэдэўры.
Акуратна і беражліва перагортваем патрапаныя часам рознакаляровыя палотны. Колькі радасці і светлых мар прыносілі гаспадыням і дзецям гэтыя прыгожыя маляваныя дываны. Звычайна для іх характэрны кампазіцыі з парай выкананых у наіўна-рэалістычнай манеры аленяў, галубоў, паваў у цэнтры палатна, а па краях расцвітаюць гірлянды кветак. Сустракаюцца маляванкі і сюжэтна-тэматычнага характару — сцэнкі катання на лодках, сустрэчы ці развітанні закаханых, архітэктурныя ці экзатычныя пейзажы таксама ў акаймоўцы раслінных узораў.
Безумоўна, вельмі важна зберагчы гэтыя шэдэўры народнай творчасці для нашчадкаў, але не менш значна і аднавіць тэхніку іх выканання. Амаль восем гадоў таму назад Аліна Выжыкоўская ўзялася за гэтую няпростую патрэбную справу. На курсах у Віцебску яна пазнаёмілася з сакрэтамі старадаўніх майстроў. Архітэктар па адукацыі, Аліна Аляксандраўна выбрала для сябе тэхніку штампавання.
— Раней штампы выразалі з бульбіны ці бурака, — тлумачыць супрацоўнік музея. — Для сваіх жа маляванак выкарыстоўваю сучасны матэрыял — лінолеум.
Дэталі кветак і лісцікаў рознай велічыні прыклейваюцца да драўлянай асновы, а затым з дапамогай фарбы наносяцца розныя ўзоры.
На першы погляд можа здацца, што гэта вельмі лёгка — апускай загатоўку ў фарбу і штампуй малюнак. Але не ўсё так проста. Роспіс маляванак патрабуе ад мастака карпатлівасці, акуратнасці і, бясспрэчна, мастацкага густу.
Спачатку трэба падрыхтаваць палатно, выбраць сюжэт, затым асцярожна і дакладна нанесці ўзор, бо сцерці ці змыць яго ўжо немагчыма. Некалькі разоў Аліна Аляксандраўна размалёўвае сваё палатно, каб малюнак атрымаўся яскравым і насычаным, таму на стварэнне маляванкі часам патрэбна да двух тыдняў.
Два гады запар А. Выжыкоўская прымала ўдзел у конкурсе маляванак, які праходзіў у рамках міжнароднага фестывалю традыцыйнай культуры “Славянскі базар у Віцебску”. І кожны раз яе самабытныя вырабы былі адзначаны дыпломамі.
Пакуль Аліна Аляксандраўна — адзіная мастачка ў раёне, якая займаецца роспісам маляваных дыванаў традыцыйным спосабам. Але свае веды і навыкі яна перадае маладым таленавітым супрацоўнікам музея, а гэта значыць, што народныя традыцыі не знікнуць і будуць данесены да будучых пакаленняў.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.