Зноў пра смецце, ці Адваротны бок праблемы

Люди

IMG_5439 (Small)Даволі часта даводзіцца чуць у адрас камунальнікаў скаргі ад грамадзян наконт вывазу цвёрдых бытавых адыходаў: то несвоечасова ачышчаны кантэйнеры, то пляцоўкі вакол іх забруджаны, то ў прыватным сектары трэба доўга чакаць смеццявоз.
Безумоўна, падставы для такіх выказванняў існуюць. Але, як вядома, у медаля ёсць і адваротны бок. Вось на яго і хочацца звярнуць увагу.
Для вывазу бытавых адыходаў у ЖКГ “Браслаў-камунальнік”, як паведаміў начальнік участка добраўпарадкавання і санітарнай ачысткі горада Станіслаў Галіцкі, пяць смеццявозаў рознага аб’ёму, якія, акрамя горада, абслугоўваюць Опсу, Слабодку, Ахрэмаўцы, Пагошчу, Відзы і іншыя населеныя пункты раёна. У кожнага вадзіцеля свой графік і маршрут. І каб увачавідкі пазнаёміцца з іх работай, накіравалася па адным такім маршруце разам з Яўгенам Пучынскім (на здымку). Амаль тры гады ён працуе ў арганізацыі вадзіцелям на самай аб’ёмнай машыне па зборы і вывазе смецця.
— Спачатку было складана, — узгадвае Я. Пучынскі. — Вялікая машына, мноства рычагоў. Але з часам прызвычаіўся, ды і зарплата па-браслаўскіх мерках нядрэнная.
Пад’язджаем да кантэйнернай пляцоўкі, што каля могілак. Прыемны рухавы вадзіцель саскочыў з высокай кабіны і спрытна, бы па клавішах, пачаў націскаць на рычагі, і “рука” смеццявоза ўзялася за сваю справу.
Смецця было вельмі многа. Поліэтыленавыя мяшкі горкай высіліся ў кантэйнерах і каля іх, тут жа ў некалькі радоў стаялі пустыя бутэлькі з-пад спіртных напіткаў. Безумоўна, усе гэтыя бытавыя адыходы ну ніяк не адпавядалі сумнаму месцу.
Няцяжка здагадацца, што смецце сюды перакачавала з бліжэйшых (і не толькі) дачных дамоў. Наўрад ці хто з іх гаспадароў заключыў з “Браслаў-камунальнікам” дагавор на вываз смецця. А гэта значыць, што даводзіцца загружаць у машыну зусім не запланаваны аб’ём адыходаў.
Не лепшы малюнак назіраецца і каля шматкватэрных дамоў. Іншаму нават лянота падысці бліжэй да кантэйнера, каб акуратна палажыць мяшок са смеццем, і ён валяецца пабач. Яго разрываюць бадзяжныя сабакі і каты, расцягваюць рэшткі па бліжэйшым наваколлі. Усё гэта камунальнікам даводзіцца ўбіраць з дапамогай рыдлёўкі. І чым больш вакол насмечана, тым больш трэба затраціць часу, каб навесці парадак.
Не меншы галаўны боль камунальнікам, па словах Я. Пучынскага, выклікаюць будаўнічыя адыходы, зламаныя ложкі і канапы, сапсаваная габарытная бытавая тэхніка, скіданыя кучай каля кантэйнераў.
Хочацца яшчэ раз нагадаць, што гэтае ламачча ніяк не змяшчаецца ў смеццявоз, а ў ЖКГ ёсць паслуга па яго вывазе, ды і каштуе яна нядорага.
Даволі няпростыя адносіны ў камунальнай службы складваюцца і з жыхарамі прыватнага сектара.
Доўга прыходзіцца чакаць смеццявоз? Два — тры кантэйнеры некалькі дзён стаяць паўнюткія? А ці не мы самі ў гэтым вінаватыя?
Прыгадайце летні час. Колькі родных, гасцей, адпачываючых прыязджаюць да нас. Напрыклад, дагавор на вываз цвёрдых камунальных адыходаў заключаны на 20 чалавек, адсюль і колькасць кантэйнераў, а смецця выкінулі па аб’ёме значна больш. Вось і ляжыць яно смуроднай горкай каля бакаў, бо вадзіцелям смеццявозаў даводзіцца рабіць лішнія рэйсы.
Адметны і сезон агароднікаў. Трава, як губка, у кузаве не прасуецца і перашкаджае аптымальнай загрузцы. Ад гнілой садавіны і гародніны машына ператвараецца ў перасовачную сокавыціскалку. Вось толькі такі сок становіцца сапраўднай гніласнай кармушкай для мух. Да таго ж, адзначае Яўген Пучынскі, уся гэтая кіслата раз’ядае метал машыны.
Няўжо нельга бліжэйшым суседзям дамовіцца і разам заказаць для “агародных” адыходаў трактар.
Узнікаюць у камунальнікаў праблемы па аплаце вывазу смецця, асабліва сярод сельскіх жыхароў, пазначыў С. Галіцкі. “Жыву ў чысціні, і смецця ў мяне няма,” — часцей за ўсё ў адказ на ўшчуванне за неаплату чуюць супрацоўнікі ЖКГ. У той жа час кожны разумее, што бытавое смецце — звычайная з’ява ў любым доме. Праблема ў тым, што людзі не навучыліся пакуль успрымаць вываз смецця як неабходную паслугу. Гэта ж не падача вады ці газу, карыстанне якімі можна прыпыніць. А за кожным гаспадаром, каб прасачыць, калі і куды ён выносіць ці вывозіць смецце, наглядчыка не паставіш.
Вось і атрымліваецца, перш чым скардзіцца, часам не лішнім было б паглядзець на праблему пад іншым ракурсам.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.