Весела і запамінальна

Главное

IMG_0629Кожныя канікулы ў гімназіі, як адзначыла намеснік дырэктара ўстановы па выхаваўчай рабоце Людміла Хілько, насычаны разнастайнымі цікавымі і карыснымі мерапрыемствамі, таму яны заўсёды праходзяць весела і запамінальна.
Так, напярэдадні каталіцкіх Каляд адміністрацыя ўстановы арганізавала для 40 гімназістаў незабыўную экскурсію. Яны пабывалі на навагоднім прадстаўленні ў Палацы Рэспублікі, падчас якога выправіліся ў незвычайнае падарожжа ў свет чароўнай казкі. Ашаламляльныя дэкарацыі, яскравыя дзівосныя касцюмы герояў, добрыя і вясёлыя навагоднія песні не пакінулі нікога раўнадушным.
Затым вучні наведалі выставу елачных цацак ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі, дзе пазнаёміліся з гісторыяй вырабу шкляных елачных цацак, калекцыяй Дзедаў Марозаў з сярэдзіны 19 ст. і да нашых дзён. Зацікавіў дзяцей і інтэрактыўны мініяцюрны калядны гарадок. Безумоўна, сучасныя цацкі значна адрозніваюцца ад сваіх папярэднікаў, тым не менш экскурсанты прыйшлі да высновы, што крохкія ўпрыгожванні ніколькі ім не саступаюць, а наадварот, маюць сваю непаўторнасць. Буру здзіўлення і захаплення выклікаў працэс вытворчасці шкляной цацкі — гэткая дэманстрацыя маленькага цуда.
У апошні дзень старога гада гімназісты правялі акцыю “З Новым годам, ветэраны!”. Падчас практыкума ў музеі традыцыйнай культуры, паведаміла Л. Хілько, яны вырабілі сваімі рукамі невялікія сувеніры і павіншавалі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны з надыходзячым святам.
Разам з героямі мюзікла “Навагоднія прыгоды Машы і Віці” вучні 5-8 класаў выправіліся ў музычнае казачнае падарожжа, а старшакласнікі правялі вясёлы навагодні капуснік.
Валанцёры групы “Данка” 6 студзеня наладзілі навучанне камп’ютарнай грамаце для жадаючых ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Акрамя забаўляльных праграм, дзейнічаў ва ўстанове і зімні лінгвакультуралагічны лагер “Дружба”, дзе гімназісты вывучаюць калядныя звычаі Беларусі і Англіі, развучваюць тэматычныя песні на беларускай і англійскай мовах, нацыянальныя зімовыя гульні гэтых краін, ладзяць тэатралізаваныя прадстаўленні на адпаведных мовах.
Значная ўвага ў гімназіі ўдзяляецца і фізічнай загартоўцы дзяцей, таму не на апошнім месцы тут і спартыўныя мерапрыемствы. Па сведчанні Людмілы Валер’еўны, падчас канікулаў прайшлі шахматны турнір і першынство па дартсе, працавалі спартыўны гурткі і баскетбольная секцыя.
Як бачна, ва ўстанове адукацыі створаны ўсе ўмовы для рэалізацыі разнастайных магчымасцей навучэнцаў. Галоўнае, не заставацца ў баку ад цікавага і насычанага гімназічнага жыцця.

Алена Пятушка.