Да кліентаў – з увагай і павагай

Люди

IMG_7613 (Small)Сёння, бадай, не знойдзеш ніводнага чалавека, які б хоць раз у жыцці не скарыстаўся паслугамі аператара паштовай сувязі. З кожным годам пашыраецца кола паслуг, якія прапануюць у РВПС. Гэта выдача пенсій, прыём плацяжоў за камунальныя паслугі, мабільную сувязь, прыём і адпраўка пасылак, бандэроляў, іншай карэспандэнцыі і г.д. Уявіце, што толькі адных пасылак з Кітая цяпер штодня прыходзіць каля 300. І на ўсіх з іх адрасы і імёны адрасатаў напісаны на кітайскай мове. Як тут не памыліцца – нават зразумець звычайнаму чалавеку цяжка. А трэба ж даставіць адпраўленне адрасату своечасова.
Усе, хто прыходзіць на пошту ў г. Браславе, добра ведаюць прывабную, заўсёды з прыемнай усмешкай на вуснах маладую жанчыну. Завуць яе Святлана Капусціна. Вось ужо восем гадоў яна радуе кліентаў добразычлівасцю, увагай. Не займаць ёй і прафесіяналізму. Святлана паспяхова спраўляецца з любой паштовай аперацыяй, за што яе паважаюць не толькі кліенты, але і калегі па цэху.
Асабліва напружанымі бываюць дні, калі пачынаецца прыём розных плацяжоў. Але на РВПС ужо даўно працуюць па прынцыпе “адно акно”, каб не ствараць вялікіх чэргаў і як мага хутчэй абслужыць кліентаў.
— Для таго, каб пазбегнуць канфліктаў з людзьмі, а іх усё больш у апошні час раздражняльных, прытрымліваюся аднаго жалезнага правіла: мне грубяць, а я стараюся быць ветлівай і завяраю кліента, што выканаю яго заяўку хутка і якасна, — гаворыць Святлана.
За гады працы яна многіх ведае ў твар, а таксама амаль заўсёды сама загадзя здагадваецца, за якімі паслугамі чалавек звяртаецца. Многія кліенты, сустракаючы Святлану Капусціну на вуліцы, вітаюцца з ёй, як з блізкай знаёмай. Вядома ж, гэта прыемна.
У Калядныя і навагоднія святы, калі большасць з нас адпачывала, паштавікі знаходзіліся на сваіх рабочых месцах, працавалі па графіку. Святлане ж асабіста давялося абслугоўваць кліентаў 1 студзеня. І тых, хто прыйшоў у першы дзень новага года на пошту, было нямала. Нехта не паспеў своечасова аплаціць паслугі мабільнага аператара ці павіншаваць родных і знаёмых, а зрабіць гэта, акрамя пошты, не было дзе.
Прафесія аператара не з лёгкіх не толькі таму, што даводзіцца працаваць з людзьмі. Трэба быць вельмі ўважлівым і дысцыплінаваным, бо маеш справу да таго ж з лічбамі і грошамі. Дапусціш памылку – сабе даражэй. У Святланы, па яе прызнанні, за гады работы падобных недарэчнасцей не здаралася.
Кіраўніцтва РВПС характарызуе яе як прафесіянальнага, дысцыплінаванага і адказнага работніка, гатовага да самаўдасканалення ў вывучэнні новых паштовых аперацый і праграм. Цяпер С. Капусціна з лёгкасцю ўжо сама дае парады маладым калегам.

Тэкст і фота Зінаіды Палулех.
Аператар паштовай сувязі Святлана Капусціна.