Буйнейшы трафей Браслаўшчыны

Главное

pike_7500Нацыянальны парк “Браслаўскія азёры” з 10 кастрычніка па 10 лістапада з мэтай папулярызацыі рыбнай лоўлі праводзіў фотаконкурс «Буйнейшы трафей Браслаўшчыны”. Заўзятыя аматары атрымалі магчымасць падзяліцца вынікамі сваёй рыбацкай удачы і разам з тым праявіць творчыя здольнасці, бо ўлічвалася і агульнае ўспрыманне, мастацкі ўзровень здымкаў, арыгінальнасць ідэі і змест, тэхніка і якасць выканання. Удзельнікі актыўна дасылалі фатаграфіі ў электронным варыянце, і, па шматлікіх просьбах, конкурс быў прадоўжаны да 1 снежня.
Кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі генеральны дырэктар нацпарка Віталь Дрожа, навуковы супрацоўнік Яўген Кардэль, начальнік аддзела аховы прыродных комплексаў Іван Тышкевіч, начальнік рыбагаспадарчага ўчастка Алег Аўласевіч, вядучы спецыяліст аддзела турызму Уладзімір Пяткевіч, ацаніла, наколькі работы адпавядалі заяўленай тэматыцы і ўстаноўленым патрабаванням. І, галоўнае, улічваліся памеры вылаўленага трафея. У выніку былі вызначаны пераможца і прызёры конкурсу.
Як паведаміў член журы Уладзімір Пяткевіч, пераможцам стаў ураджэнец Мінска Павел Кот. Першае месца яму прынеслі фатаграфіі злоўленых велізарных шчупакоў памерамі 101, 95 і 97 см. У якасці прыза пераможцу дасталася бясплатная рыбалка на год у вадаёмах нацпарка. “Рыбачыць пачаў прыкладна гадоў з 4-х — бацька браў з сабой на рыбалку, ды і самі бегалі лавіць карасёў ў вясковай сажалцы. У класе 5-м мне падарылі стары кітайскі спінінг — тады я і захапіўся спінінгавай рыбалкай. Ішлі гады, паляпшаліся снасці, удасканальваліся навыкі. І вось я дарос да рыбалкі на “джэрк” па прынцыпе “злавіў-адпусці”. Мае асноўныя вадаёмы для рыбалкі — Заходняя Дзвіна і Ушацкая група азёр. Апошнія 2 гады ўдзельнічаю ў рыбалоўных фестывалях, якія праводзяцца клубам jerkbait.by. Фестывалі традыцыйна праводзяцца на Браслаўскіх азёрах, таму што гэта адно з нямногіх месц у Беларусі, дзе яшчэ ёсць буйныя шчупакі ў нармальнай колькасці. У чэрвені 2014 г. я і стаў пераможцам такога фестывалю. У цэлым лоўляй на спінінг сябе не абмяжоўваю — люблю лавіць на розныя снасці. Вельмі падабаецца зімовая рыбалка (быў і на воз. Снуды зімой 2 гады запар — вельмі спадабалася, прыгажосць невыказная) “, — расказаў Павел Кот.
Другое месца заняў жыхар Браслава Павел Шульга. Яго ўзнагарода — права бясплатна паўгода рыбачыць у нацпарку.
Трэцяе месца і прыз — рыбалку на працягу квартала — падзялілі паміж сабой браслаўчане Аляксандр Еўдакімаў і Антон Паўловіч.
Больш фотаздымкаў, дасланых рыбаловамі-аматарамі на конкурс, можна знайсці на сайце braslavpark.by.
Арганізатары дзякуюць усім удзельнікам конкурсу і абяцаюць зладзіць новы ў студзені 2015 года.

Жанна Бялько.