Для святочнага настрою

Главное

IMG_4763 (Small)Напрыканцы 2014 года ў браслаўскім касцёле “Нараджэнне Маці Божай” адбылося шэраг мерапрыемстваў для дзяцей. Так, у дзень святога Мікалая для хлопчыкаў і дзяўчынак, якія маюць праблемы са здароўем, правялі духоўна-забаўляльную праграму. На працягу некалікіх гадзін яны спявалі і танцавалі, гулялі, радаваліся добразычлівасці прысутных і таму, як добра ўсё атрымлівалася ў іх. Закончылася гэта свята сумесным абедам і ўручэннем падарункаў кожнаму з прысутных.
Для святочнага настрою дзяцей пастараліся многія. Парафіяне прынеслі пачастункі. Работнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і карэкцыйнага цэнтра аддзела адукацыі райвыканкама разгарнулі выставы дзіцячых работ, якія ўражвалі палётам фантазіі юных стваральнікаў, дасканаласцю вырабаў. Сёстры-эўхарысткі і цэнтр дзяцей і моладзі прапанавалі цікавую праграму, у якой спалучылі сур’ёзны роздум над каштоўнасцямі жыцця і вясёлыя забавы. Так агульнымі сіламі была здзейснена значная дабрачынная акцыя, якая можа стаць прыкладам таго, як можна і трэба аб’ядноўваць намаганні ў рэалізацыі многіх спраў.
Адбыўся ў касцёле і традыцыйны конкурс “Калядная зорка”. Юныя чытальнікі і спевакі прадэманстравалі свае таленты ў песнях і вершах, якія расказвалі пра Каляды, цуд Божага Нараджэння, за што былі аддзячаны апладысментамі гледачоў і падарункамі ад парафіяльнага “Карытаса”.
А 31 снежня юныя валанцёры дабрачыннага таварыства наведалі дзяцей, якім давялося сустракаць Каляды і Новы год у розных аддзяленнях райбальніцы. Усіх павіншавалі са святамі, пажадалі хутчэйшага выздараўлення, разам пачыталі вершы і спявалі песні, уручылі салодкія падарункі і прызы.
Такім чынам, і парафіяльны “Карытас” не застаўся ў баку ад рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”, як і многія іншыя арганізацыі раёна, стараўся, каб ніводнае дзіця не засталося ў святочныя дні без увагі і падарунка.

Тамара Пашкевіч.