Адчувальныя вынікі міжнародных праектаў

Международное сотрудничество

Мінулы год для Браслаўшчыны стаў багатым на цікавыя і плённыя міжнародныя праекты. Спачатку стаўленне да некаторых з іх, дакладней да іх мэтазгоднасці, у многіх было скептычным. Аднак сёння можна казаць не толькі пра актуальнасць падобных ініцыятыў, але і пра іх прамую карысць для нашага рэгіёну і насельніцтва.
Мы ўжо неаднаразова пісалі пра Мясцовы экалагічны план дзеянняў, распрацаваны для нашага раёна пад кантролем Рэгіянальнага экалагічнага цэнтра па Усходняй і Цэнтральнай Еўропе. Дакумент быў высока ацэнены экспертамі, і ў выніку Браслаўшчына атрымала прамы замежны грант у памеры 50 615 еўра ад Шведскага агенцтва міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы развіцця (SIDA). Грошы ўжо знаходзяцца на рахунку райвыканкама.
Праект мае экалагічную накіраванасць, таму сродкі пойдуць на распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі па стварэнні рэкрэацыйнай інфраструктуры і зялёных зон у раёне, абмежаваным вуліцамі Кастрычніка – Дзяржынскага – Садовая, а таксама ў раёне шматкватэрнай забудовы па вуліцы Кастрычніка. Дакументам будзе прадугледжана добраўпарадкаванне даволі значнай тэрыторыі, на якой цяпер балота, кустоўе і смецце.
Там правядуць меліярацыйныя работы, пракладуць дарожкі і зоны адпачынку, магчыма, нават з’явіцца натуральны каток. Па словах намесніка старшыні райвыканкама Андрэя Давыдзенкі, дакументальны этап вельмі важны, бо наяўнасць праекта дазволіць у будучым прэтэндаваць на гранты, прадугледжаныя іншымі міжнароднымі ініцыятывамі. Папярэднія дамоўленасці, дарэчы, ужо ёсць.
Другі праект, які завяршыўся найлепшым для Браслаўшчыны чынам, быў распачаты амаль год таму назад падпісаннем “Пагаднення мэраў”. Тады наш раён трапіў у лік сямі адміністрацыйных адзінак Беларусі, якія летась сталі падпісантамі дакумента – своеасаблівага конкурсу на падтрымку гарадоў у сферы ўстойлівага і энергетычнага развіцця. Заяўку разглядалі ў Бруселі, Еўракамісія палічыла праект “Браслаўскі раён – першы кліматычна нейтральны муніцыпалітэт Беларусі” перспектыўным і ў лістападзе адобрыла яго. Такімі ж поспехамі могуць пахваліцца Полацкі раён і Чавускі раён Магілёўскай вобласці. У выніку амаль напярэдадні Новага года – 30 снежня – быў падпісаны грант-кантракт на 600 тысяч еўра, якія Браслаўшчына атрымае ўжо ў гэтым годзе. Праўда, праект мае на ўвазе сафінансаванне, таму суму ў памеры 20% ад больш чым 700-тысячнага праекта (у еўра) давядзецца знайсці тут.
Пасля неабходных працэдур узгаднення ў Саўміне і рэгістрацыі ў Міністэрстве фінансаў грошы будуць накіраваны на мерапрыемствы, якія дазволяць нашаму краю канвертавацца ў кліматычна нейтральны раён. Для гэтага неабходна знізіць выкіды парніковых газаў, павялічыць долю выкарыстання мясцовых відаў паліва і павысіць энергаэфектыўнасць рэгіёну ўвогуле.
Пасля даследчай і навуковай дзейнасці настане час канкрэтных спраў. Акцэнт будзе зроблены на выкарыстанне ў якасці паліва саломы, якой штогод у раёне застаецца незапатрабаванай каля 10 тысяч тон. Пад гэтыя мэты плануецца рэканструяваць кацельні з заменай ацяпляльных труб на больш энергазберагальныя. Таксама запланаваны шэраг больш дробных мерапрыемстваў: устаноўка сонечных калектараў, цеплавых насосаў і цеплаабменнікаў. Шырокае прымяненне светадыёдных лямпачак, датчыкаў руху, гуку і іншае. Акрамя таго, у выпадку паспяховай рэалізацыі задуманага Браслаўшчына, як піянер у гэтай сферы, стане інфармацыйным і нават адукацыйным цэнтрам для насельніцтва, турыстаў, увогуле ўсіх зацікаўленых. Рэалізацыя запланаванага пачнецца ўжо вясной.
Яшчэ адным поспехам нашай міжнароднай дзейнасці можна назваць удзел у конкурсе на атрыманне экспертнай падтрымкі па ўдасканаленні ўстойлівага развіцця тэрыторыі. Праект фінансуецца ўрадам Германіі і міжнародным фондам развіцця сельскіх тэрыторый. Справа ў тым, што ўсе раёны Беларусі павінны распрацаваць уласныя стратэгіі ўстойлівага развіцця да 2030 года. А ў гэтай справе вельмі важныя вопыт і дапамога экспертаў, якіх не так і многа. Па выніках жа конкурсу права на экспертнае суправаджэнне распрацоўкі СУР з Беларусі атрымалі толькі мы і Бярозаўскі раён Брэсцкай вобласці. У якасці экспертаў для нас будуць выступаць спецыялісты Асацыяцыі мясцовай павесткі-21 зямлі Паўночны Рэйн – Вестфалія, а гэты рэгіён лічыцца адным з самых развітых у ФРГ.
Такім чынам, удзел Браслаўскага раёна ў шматлікіх міжнародных праектах прыносіць адчувальныя вынікі. А таму дзейнасць у гэтым накірунку будзе працягвацца.

Вячаслаў Каладынскі.