Папярэдзіць карупцыю і вытворчы траўматызм

Актуальное

IMG_9996 (Small)Падчас адзінага дня інфармавання насельніцтва, які праходзіў на мінулым тыдні, гутарка ішла па двух асноўных тэмах: аб выніках барацьбы з карупцыяй на тэрыторыі раёна і стане вытворчага траўматызму.
Інфармацыйная група райвыканкама на чале са старшынёй райвыканкама Сяргеем Шматавым сустракалася з працаўнікамі ДЭУ-34.
Напачатку старшыня райвыканкама коратка падвёў вынікі адыходзячага года. Пры гэтым зазначыў, што, нягледзячы на пэўныя складанасці ў выкананні прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, цалкам прафінансаваны асноўныя накірункі расходаў, якія забяспечваюць стабільнае функцыяніраванне сацыяльнай сферы. На 2015 год прагназуецца, што бюджэт раёна будзе бездэфіцытным, ён захавае сваю сацыяльную накіраванасць, але свабодных сродкаў практычна не прадбачыцца. Тым не менш раён актыўна рыхтуецца да святкавання 950-годдзя горада, распрацаваны цэлы комплекс мерапрыемстваў. І ў гэтый справе павінны паўдзельнічаць усе раённыя арганізацыі, хоць бы па добраўпарадкаванні ўласнай тэрыторыі.
Пракурор раёна Юрый Кезік паведаміў, што за 9 месяцаў на тэрыторыі вобласці выяўлена 130 карупцыйных злачынстваў, такіх як крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, злоўжыванне ўладай, атрыманне ці даванне хабару. У нашым раёне злачынстваў карупцыйнай накіраванасці ў бягучым годзе не выяўлялася. І ўвогуле крымінагенная абстаноўка на Браслаўшчыне не першы год спакойная. У разрэзе на колькасць насельніцтва ў нас па-ранейшаму найменш па вобласці ўчыненых злачынстваў.
Тым не менш падчас нагляднай дзейнасці пракуратура сістэматычна выяўляе на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна парушэнні патрабаванняў заканадаўства аб брацьбе з карупцыяй, якія ў сукупнасці могуць пацягнуць здзяйсненне карупцыйных злачынстваў. «Таму сутнасць нашых праверак — растлумачыць, указаць, што робіцца не так, каб папярэдзіць карупцыйныя праяўленні», — сказаў Юрый Кезік.
Ён таксама нагадаў, што пракуратура правярае дакладнасць дэкларавання фізічнымі асобамі сваіх даходаў і маёмасці. І ёсць выпадкі, калі людзі ці па няўважлівасці, ці наўмысна ўтойваюць падчас запаўнення дакумента сваю маёмасць. Трэба памятаць, што за такія дзеянні прадугледжана адмінстрацыйная адказнасць (ч. 1 арт. 23.9 КоАП).
Галоўны спецыяліст аддзела занятасці насельніцтва, аховы працы і сацыяльна-працоўных адносін Ларыса Лапко патлумачыла, што за 11 месяцаў года на Браслаўшчыне адбыліся 3 няшчасныя выпадкі на вытворчасці з лёгкім зыходам, на 2 менш у параўнанні з аналагічным мінулагоднім перыядам.
У раёне пастаянна праводзяцца прафілактычныя мерапрыемствы, накіраваныя на недапушчэнне вытворчага траўматызму.
На паляпшэнне бытавых умоў працы, набыццё спецвопраткі і індывідуальных сродкаў абароны затрачана каля 3 млрд руб.
На жаль, зазначыла Ларыса Лапко, некаторыя кіраўнікі безадказна адносяцца да пытанняў аховы працы, бо праводзімыя праверкі паказваюць, што некаторыя парушэнні паўтараюцца з года у год. За парушэнні заканадаўства аб ахове працы аштрафавана 46 службовых асоб на агульную суму звыш 22 млн руб.
Але і самі работнікі павінны быць зацікаўленымі ва ўласнай бяспецы і дакладна выконваць патрабаванні інструкцый па ахове працы. «Важна заўжды памятаць, што дома вас чакаюць жывымі і здаровымі,» — засцерагла Ларыса Лапко.
Завяршыліся зносіны інфармацыйнай групы з працаўнікамі ДЭУ-34 прапановай старшыні райвыканкама задаць яму пытанні агульнага ці канфідэнцыяльнага характару.

Казімір Пятушка.