Ёлачка, запаліся!

Новости

IMG_5056 (Small)Гарадская плошча ў мінулую пятніцу стала месцам, дзе афіцыяльнасць гарманічна спалучалася з чараўніцтвам, дарослыя нараўне з дзецьмі заміралі ў чаканні цуда, а ў паветры лунаў насычаны водар свята. Усе, хто сабраўся ў той дзень ля галоўнай ёлкі раёна, сталі ўдзельнікамі акцыі “Запальваем навагоднія агні”.
Вядома, на мерапрыемства завіталі Дзед Мароз са Снягурачкай, якія забаўлялі натоўп песнямі і гульнямі. Аднак галоўным дзействам таго вечара стала запальванне святочнай ілюмінацыі, як непасрэдна на лясной прыгажуні, так і на вуліцах горада. У ролі добрага чараўніка выступіў старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў. Ён павітаў прысутных і выказаў спадзяванне, што, мякка кажучы, не зусім зімовае надвор’е не стане перашкодай для выдатнага навагодняга настрою. “Сёння мы распачынаем працяглую і цікавую святочную кампанію, падчас якой кожны знойдзе сабе мерапрыемства па душы. Паважаныя браслаўчане, з надыходзячымі вас святамі, міру і дабрабыту вашым сем’ям,”— сказаў кіраўнік раёна.
Па добрай традыцыі ёлка заззяла рознакаляровымі агеньчыкамі толькі пасля вядомай калектыўнай просьбы. Прычым магічнае заклінанне “ёлачка, запаліся” аднолькава выкрыквалі ўсе, нягледзячы на ўзрост і чыны. Урачыстасці моманту дадаў святочны феерверк.
Пасля прысутныя вадзілі вакол лясной красуні карагоды і гулялі з казачнымі персанажамі. Працягнулася мерапрыемства дыскатэкай.
Такім чынам, у раёне пакладзены пачатак шэрагу святочных мерапрыемстваў, прымеркаваных да сустрэчы новага 2015 года. Ранішнікі, вечарыны, канцэрты і т.п. цяпер будуць праходзіць ці не штодня.

Вячаслаў Каладынскі.
Фота аўтара.IMG_5065 (Small) IMG_5068 (Small)