Якасць пачынаецца на парозе фермы

Главное

IMG_7183 (Small)Кампенсаваць грашовыя страты магчыма
На кожным з пасяджэнняў калегіі ўпраўлення райсельгасхарча, калі размова заходзіць пра нізкую якасць здаваемага малака, кіраўнікі гаспадарак, як правіла, імкнуцца абвінаваціць у тым лабарантаў і кіраўніцтва нашага завода. Маўляў, ім выгадна заніжаць якасць прадукцыі, каб атрымліваць максімум прыбытку, а і без таго бедныя сельгаспрадпрыемствы нясуць страты. Пры гэтым заўважыў, што больш за іншых абураюцца тыя, чыя прадукцыя па якасных параметрах рэдка дацягвае да вышэйшага ці нават першага гатунку, а то і вяртаецца назад як негатунковая.
У гэтай завочнай спрэчцы, як мне здаецца, нельга адназначна заняць пазіцыю таго ці другога з апанентаў. У цяперашніх стасунках, калі валавая вытворчасць малака ўпала да рэкордна нізкай лічбы за апошніх 5 гадоў, а раён па гэтым паказчыку за 9 месяцаў заняў перадапошняе месца ў рэспубліцы, і яркіх арыенціраў на павышэнне надояў пакуль не бачна, грашовыя страты гаспадаркі могуць часткова кампенсаваць толькі за кошт павышэння якасці.
У той жа час перавод нашага філіяла на выпуск сыроў на новых тэхналагічных лініях з арыентацыяй пастаўкі 90% выпускаемай прадукцыі на экспарт прымушае тэхнолагаў завода скрупулёзна адносіцца да якасці прымаемай сыравіны. Тут адступленняў і паслабленняў быць не можа. У пацвярджэнне таму нядаўні “мяса-малочны канфлікт” паміж Беларуссю і Расіяй. Бо менавіта наша суседка з яе непрадказальным Рассельгаснаглядам і з’яўляецца асноўным імпарцёрам нашага сыру. Таму любое адступленне ад тэхналагічных патрабаванняў можа закончыцца для браслаўскіх сыраробаў адлучэннем ад расійскага рынку збыту.

Зацікаўлены закупляць больш
Каб неяк прыйсці да абаюдавыгаднага супрацоўніцтва і ўзаемаразумення паміж пастаўшчыкамі малака і яго перапрацоўшчыкам, апошняе пасяджэнне калегіі ўпраўлення райсельгасхарча пачалося на Браслаўскім філіяле ААТ “Глыбоцкі МКК”.
Дырэктар прадпрыемства Віталь Далжэнка расказаў, на якія з параметраў якасці малака трэба звяртаць найбольшую ўвагу, што рабіць, каб пазбегнуць перавышэння іх дапушчальных норм. Затым загадчыца лабараторыі Марыя Вайцяховіч запрасіла ўдзельнікаў калегіі прасачыць за працэсам аналізу прадукцыі ад прыезду малакавоза на тэрыторыю завода да правядзення ўсіх аналізных працэдур. Такім чынам, кіраўнікі, галоўныя ветэрынары і заатэхнікі змаглі сваімі вачыма ўбачыць, як усё адбываецца і ці не падманваюць іх лабаранты. У выніку неабходных працэдур дастаўленая на выпадкова выбраным малакавозе прадукцыя выцягнула ўсяго толькі на другі гатунак. А такое малако для вырабу сыроў непрыгоднае, і яно адпраўляецца на далейшую перапрацоўку на галаўное прадпрыемства. Тут, як кажуць, фактам не запярэчыш.
Дарэчы, і дырэктар прадпрыемства, і начальнік лабараторыі падчас размовы тлумачылі прысутным, што пры цяперашніх магутнасцях завод зацікаўлены закупляць як мага больш малака, таму кіраўнікам і спецыялістам трэба надаваць больш увагі непасрэднаму працэсу атрымання прадукцыі, каб яна адпавядала якасным паказчыкам. І на першае месца тут выступаюць захаванне ветэрынарных і санітарных норм.
Падчас зносін абмеркавалі такі факт безгаспадарчасці. На адной з ферм раёна ўжо тры месяцы не працуе бойлер. І ні кіраўнік, ні зоаветспецыялісты не звярнуліся на прадпрыемства па дапамогу, каб адрамантаваць ці набыць новы электраагрэгат. Дык пра якую якасць можна казаць, калі малочны посуд месяцамі мыецца халоднай вадой. Затое прэтэнзій да лабараторыі ў сельгаспрадпрыемства вышэй галавы.
Запрошаныя на калегію пазнаёміліся таксама з умовамі ўтрымання і даення кароў на ферме “Вялікае Абаб’е” ААТ “Альшанка”. Паездка туды загадзя планавалася, таму гаспадары мелі магчымасць навесці на аб’екце належны парадак. А аператар Людміла Осіпава нават дала майстар-клас даення.
Рэзервы – у вытворчай і тэхналагічнай дысцыпліне
Непасрэдна на пасяджэнні калегіі на гэты раз рабілі акцэнт не на выніках работы ў жывёлагадоўчай галіне, а менавіта на якасці прадукцыі. У прыватнасці, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама Максім Чагарын звярнуў увагу прысутных на такую акалічнасць: на большасці ферм прыборы лабараторнага аналізу гадамі не павяраліся ў службе стандартызацыі, а шмат дзе іх наогул няма, часта аналізы праводзяць людзі, якія не маюць нават мінімальных у тым навыкаў, таму сёння трэба не прэтэнзіі прад’яўляць, а брацца наводзіць парадак на месцах.
— Якасць малака пачынаецца на парозе фермы, — гаварыў Максім Чагарын. – Дык давайце спачатку прывядзём малочныя блокі, стойлавыя памяшканні ў адпаведны санітарны стан, навучым даярак элементарным правілам даення кароў, прымусім выконваць свае абавязкі загадчыкаў ферм. А для гэтага кожнаму спецыялісту і кіраўніку трэба рэгулярна быць на фермах, больш размаўляць з людзьмі, тлумачыць, што недабор аб’ёмаў надоенага малака кампенсуецца яго высокай якасцю. Іншага выйсця няма. І толькі калі навучымся атрымліваць высакаякасную прадукцыю, з’явяцца рэзервы і нарошчвання яе аб’ёмаў.

Аляксандр Азевіч.