Сустрэча з парламентарыямі

Новости

IMG_7097 (Small)Сустрэча дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь з дэпутатамі Браслаўскага райсавета і старшынямі сельскіх Саветаў дэпутатаў нашага раёна адбылася 16 снежня. Ініцыятыва райсавета была падтрымана дэпутатам Палаты прадстаўнікоў па Браслаўскай выбарчай акрузе №2 Мечыславам Морхатам, які пасадзейнічаў у арганізацыі сустрэчы і на працягу дня працаваў з дэпутатамі.
Напачатку для дэлегацыі дэпутацкага корпуса Браслаўшчыны была арганізавана экскурсія па парламенце нашай краіны, музеі гэтага заканадаўчага органа, дзе ўдзельнікі сустрэчы больш падрабязна пазнаёміліся з яго гісторыяй, убачылі вельмі цікавыя і рэдкія экспанаты. А затым зносіны працягваліся ў Авальнай зале парламента. Перад гасцямі з Браслава выступілі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, старшыні і намеснікі пастаянных камісій Генадзь Грыцкевіч, Людміла Дабрыніна, Аляксандр Цацоха, Наталля Гуйвік, Вадзім Дзевятоўскі, Аляксандр Сягоднік. Народныя выбраннікі расказалі пра сваю парламенцкую дзейнасць, новыя заканадаўчыя напрацоўкі. У прыватнасці, старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах Людміла Дабрыніна пазнаёміла з праектам бюджэту нашай краіны на будучы год, які літаральна на наступны дзень слухаўся ў другім чытанні, праінфармавала таксама пра змены ў фарміраванні мясцовых бюджэтаў.
У ходзе зносін зацікаўлена абмяркоўваліся пытанні, якія датычаць мясцовага самакіравання, аховы здароўя, адукацыі, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыкі. Дэпутаты Браслаўскага райсавета задалі прадстаўнікам парламента шмат пытанняў. Яны тычыліся такіх праблем, як дысбаланс цэн на сельгаспрадукцыю, павелічэнне падатку з гаспадароў аграэкасядзіб, прыцягненне моладзі да заняткаў спортам, выдача лякарстваў па рэцэптах і іншыя. На ўсе зададзеныя пытанні парламентарыі далі кампетэнтныя адказы.
У сваю чаргу дэпутаты Палаты прадстаўнікоў звярнуліся да браслаўчан з просьбай больш актыўна прымаць удзел у абмеркаванні распрацоўваемых заканадаўчых актаў, бо на месцах больш відавочныя праблемы, якія хвалююць людзей.
Затым у Авальнай зале парламента ва ўрачыстай абстаноўцы дэпутатам Браслаўскага райсавета былі ўручаны пасведчанні і значкі. Як пазней адзначылі парламентарыі, да гэтага часу такой знамянальнай падзеі яшчэ не адбывалася.
Паездка ў сталіцу стала таксама добрай нагодай для наведвання браслаўскімі дэпутатамі Музея Вялікай Айчыннай вайны і музея авіяцыйнай тэхнікі пад адкрытым небам пры рэспубліканскім цэнтры ДТСААФ.
Я папрасіла ўдзельнікаў сустрэчы падзяліцца сваімі ўражаннямі пра паездку.
Іван Абаровіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму, дэпутат райсавета па Дрысвяцкай выбарчай акрузе №28:
— Зносіны з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў застануцца ў памяці назаўсёды. Па-першае, не кожны дзень атрымліваеш пасведчанне дэпутата з рук парламентарыя. Па-другое, было вельмі карысна пачуць шмат важнай інфармацыі, у тым ліку і пра сферу адукацыі, фізічнай культуры.
Віктар Сырыца, начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Браслаўскім раёне, дэпутат райсавета па Іказненскай выбарчай акрузе №20:
— Сустрэча пакінула толькі станоўчыя ўражанні. Прыемна ўразіла атмасфера, у якой яна праходзіла. Парламентарыі гутарылі з намі на роўных і вельмі даступна даносілі тую інфармацыю, якой валодаюць самі. Не пакінулі без увагі ніводнае з зададзеных намі пытанняў. Асабіста мне было цікава ўсё, што гаварылася ў першую чаргу пра падатковае заканадаўства.
Павел Антанёнак, старшыня Цяцеркаўскага сельвыканкама:
— Як і ўсім маім калегам, мне ўпершыню пашчасціла прымаць удзел у мерапрыемстве такога высокага ўзроўню. Карысна і цікава было ўсё, пра што гаварылі з намі парламентарыі. Аднак найбольш для сябе я пазнаў пра новаўвядзенні ў мясцовым самакіраванні, фарміраванні бюджэтаў сельсаветаў. І, безумоўна, прыемна было ўбачыць вядомага ў нашай краіне спартсмена Вадзіма Дзевятоўскага, даведацца не толькі пра яго дэпутацкую дзейнасць, а і ўласныя погляды на жыццёвыя каштоўнасці.

Зінаіда Палулех.
Фота аўтара.