Перамаглі веды і кемлівасць

Главное

100_7192 (Small)Весела і мнагалюдна было суботнім днём у актавай зале СШ №1. Там праходзіў восеньскі раённы турнір па інтэлектуальных гульнях сярод школьнікаў, арганізаваны цэнтрам дзяцей і моладзі. Каб праявіць свой інтэлектуальны вопыт, веды і кемлівасць, сабраліся 12 каманд сярэдняга школьнага ўзросту і 7 — старэйшага. Праводзіла турнір кіраўнік раённага клуба інтэлектуальных гульняў “Санет” пры ЦДМ Алена Панцялейка.
Праграма была насычанай і складалася з трох гульняў. “Медыя-азбука” ўключала пытанні, прадстаўленыя ў выглядзе малюнкаў і фотаздымкаў на розныя тэмы, а адказы павінны былі пачынацца з адпаведнай літары алфавіта. У сярэдняй узроставай групе самай кемлівай і ўважлівай стала каманда гімназіі “Favorite”, 2-е месца заваявала “Карусель” СШ №1, 3-е ў каманды гімназістаў “Дынаміт”. У старэйшай групе разгарнулася сур’ёзная барацьба за прызавыя месцы. Першае падзялілі з роўнай сумай балаў каманды гімназіі “Шквал” і “Тры+тры”, другое — “Вектар” СШ №1, “Гары Потэр і яго сябры” і “Жансавет+1” гімназіі, трэцяе заваявала каманда “Без понятия” СШ №1.
У “Сваёй гульні” трэба было адказаць на пытанні, згрупаваныя па тэмах, у кожнай па 5 пытанняў, размеркаваных па ўзроўню складанасці ад 10 да 50 балаў. У сярэдняй узроставай групе лепшыя вынікі паказалі каманды “Карусель” СШ №1 (1-е месца), “Эўрыка” СШ №1 (2-е) і “Дынаміт” гімназіі (3-е). У старэйшых інтэлектуалаў у тройку прызёраў увайшлі “Жансавет+1” (1-е), “Тры+тры” (2-е), “Вектар” (3-е).
“Што? Дзе? Калі?” праводзілася ў два туры. Удзельнікам на працягу хвіліны трэба было абмеркаваць і сфармуляваць адказ на зададзенае пытанне, запісаць яго на спецыяльных картках. Пры роўнай колькасці балаў пераможцы вызначаліся па рэйтынгу. У сярэдняй групе імі сталі каманда гімназіі “Экстрэмалы” (1-е), “Рэальныя дзяўчаты” (2-е) і “Карусель” (3-е) СШ №1. У старшакласнікаў лепшай стала каманда гімназіі “Жансавет+1” , другое месца ў “Вектара” СШ №1, трэцяе — у каманды “Тры+тры” гімназіі.
Як адзначылі члены журы, удзельнікі турніру дастойна справіліся з заданнямі, праявілі логіку і крэатыўнасць мыслення. І вось пасля напружанага спаборніцтва па выніках трох гульняў былі вызначаны абсалютныя пераможцы. У сярэдняй узроставай групе не аказалася роўных камандзе “Карусель” СШ №1, у старэйшай перамогу заваявала каманда “Жансавет+1” гімназіі. Усе прызёры былі ўзнагароджаны граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму, а ў гімназію і СШ №1 адправіліся яшчэ і такія жаданыя кожнаму інтэлектуалу пераходныя прызы — мудрыя совы.
Чарговы зімовы раённы турнір па інтэлектуальных гульнях сярод школьнікаў плануецца ў лютым.

Жанна Бялько.
Фота аўтара.

Абсалютныя пераможцы турніру — каманды “Карусель” і “Жансавет+1”.