Прафесіяналізм згуртаванага калектыву

Главное

IMG_4884 (Small)Вось ужо на працягу 20 гадоў прафесіяналізм, а таксама ўважлівыя і тактоўныя адносіны да сваіх пацыентаў дапамагаюць калектыву неўралагічнага аддзялення райбальніцы ставіць на ногі самых безнадзейных хворых. За гэты час, паведаміў загадчык неўралагічнага аддзялення Ігар Козел, было выпісана 12 тыс. 118 чалавек, з якіх 1 тыс. 349 пасля інсульту.
Раней у “старой бальніцы” такога аддзялення не існавала, было выдзелена толькі 10 ложкаў для неўралагічных хворых у тэрапіі. А ў снежні 1994 года з адкрыццём новага сучаснага будынка ўстановы аховы здароўя з’явілася паўнавартаснае аддзяленне на 40 ложкаў, якое ўзначаліў спачатку ўрач-неўрапатолаг Іван Міткевіч.
Несумненна, стаяць ля вытокаў новага вельмі складана і адказна, бо трэба ўлічыць усе дробязі, стварыць камфортныя і спецыялізаваныя ўмовы для лячэння пацыентаў. А, бадай, самае важнае — падабраць надзейны медперсанал. Што загадчык аддзялення выдатна справіўся з пастаўленай задачай, сведчыць той і факт, што з шасці медсясцёр чатыры працуюць па сённяшні дзень. Не назіраецца цякучкі кадраў і сярод малодшага медперсаналу.
Так, старшая медсястра Галіна Уласенка, паставыя Валянціна Варанецкая, Наталля Гардзевіч, Святлана Юран, санітарка Святлана Шапалоўская добра памятаюць радасныя ўражанні прыемнай мітусні пры пераездзе ў новы прасторны будынак райбальніцы. І сёння ўжо з усмешкай успамінаюць, як цяжка было вывучыць шматлікім калідоры, памяшканні і не заблудзіцца ў іх.
Неўралагічнае аддзяленне не самы лёгкі ўчастак у бальніцы, калі такі наогул там існуе. У большасці тут ляжаць пацыенты сталага ўзросту з цяжкімі захворваннямі, многія ляжачыя, і каб людзі хутчэй выздараўлівалі, догляд з боку персаналу для іх мае вялікае значэнне.
— Сёння ў нашым аддзяленні, — кажа Ігар Мікалаевіч, — 25 ложкаў, дзве камфортныя палаты, маецца спецыяльная апаратура для абследавання сасудаў галоўнага мозга, што дазваляе паставіць пацыентам больш дакладны дыягназ. У гэтым годзе з’явілася палата інтэнсіўнай тэрапіі з сучасным медыцынскім абсталяваннем для аказання экстранай дапамогі цяжкім хворым. У аддзяленні працуе вопытны і спрактыкаваны медперсанал.
Шмат гадоў нясуць вахту міласэрнасці, спагады паставая і працэдурная медсёстры Людміла Скірмант і Аксана Апячонак. На ўсё аддзяленне працэдурная медсястра адна, і кожны дзень ёй трэба паставіць не менш за 25 кропельніц ды яшчэ па некалькі пакетаў лякарства. Таму А. Апячонак нават і прысесці за дзень не ўдаецца.
Не абыходзіцца ў аддзяленні без клапатлівых працавітых рук санітарак і буфетчыц. Некага і пакарміць неабходна, некаму дапамагчы выйсці ў санвузел, пераслаць ложак, да таго ўсё павінна быць крышталёва чыстым.
А пяць месяцаў таму назад рады ўрачоў аддзялення папоўніў малады інтэрн Алена Праўдзівая. І паколькі яна ўраджэнка Браслаўшчыны, то, як запэўніла сама, пасля атрымання дыплома вернецца на радзіму.
Любоў да працы, адданасць сваёй справе, спачуванне да людзей, гатоўнасць у любую хвіліну прыйсці ім на дапамогу — усё гэта ўласціва прафесійнаму згуртаванаму калектыву неўралагічнага аддзялення райбальніцы, які ўзначальвае вопытны і ўважлівы ўрач-неўрапатолаг Ігар Козел. Да кожнага пацыента загадчык падыходзіць з усмешкай, умее цярпліва выслухаць, даць яму слушную параду. Таму ўвагай і клопатам тут ніхто і ніколі не абдзелены. Усе пацыенты задаволены і лячэннем, і медперсаналам, і абслугоўваннем.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.
На здымку: Галіна Уласенка і Людміла Скірмант у працэдурным кабінеце.