Перспектывы развіцця Браслава

Главное

IMG_4914 (Small)“Браслаў вычарпаны”, – так каротка, але вельмі трапна ахарактарызаваў сітуацыю з расшырэннем горада начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Юрый Міраш. Гэта тэма актыўна абмяркоўвалася ў мінулы аўторак на прэзентацыі праекта генеральнага плана развіцця нашага горада да 2030 года. На ім прысутнічалі старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў, а таксама прадстаўнікі ўсіх зацікаўленых ведамстваў.
Як паведаміла Жанна Сіныцына, галоўны спецыяліст РУП “Беларускі навукова-даследчы інстытут праектавання горадабудаўніцтва”, якая непасрэдна займалася распрацоўкай праекта, Браслаўшчына аднесена да катэгорыі курортна-рэкрэацыйных раёнаў. А таму і ўзгаданы генплан мае на ўвазе развіццё нашага горада як турыстычнага цэнтра з адпаведнай інфраструктурай. Па разліках спецыялістаў, Браслаў мог бы прыняць да 2000 адпачываючых адначасова, аднак пакуль для гэтага няма патрэбнай матэрыяльнай базы. З гэтай нагоды перад праекціроўшчыкамі стаяла задача так распланаваць забудову райцэнтра, каб ён быў камфортным і для карэнных жыхароў, якіх да канца разліковага перыяду будзе налічвацца каля дзесяці з паловай тысяч, і для шматлікіх турыстаў.
На сённяшні дзень галоўныя прапановы архітэктараў тычацца развіцця вулічнай сеткі горада, стварэння новых і ўдасканальвання існуючых грамадскіх зон, адводу зямель пад жыллёвае будаўніцтва і аптымізацыі інжынерных сетак.
Так, праектам генплана прадугледжана будаўніцтва транспартнай артэрыі з цэнтра горада да раёна новай забудовы ў Краснасельцах праз Леснічоўку. Новыя вуліцы павінны з’явіцца і паралельна існуючай Юбілейнай. Адна звяжа прамзону на Дзяржынскага з Муражамі, а другая стане працягам Піянерскай і выйдзе на аб’язную дарогу ў раёне вёскі Рубеж. Такі падыход павінен разгрузіць трафік і пазбавіць горад ад цэлага раду тупіковых вуліц, якіх быць не павінна. Прапануецца таксама напрамую звязаць вуліцы Кастрычніка і Булойчыка. Аднак у такой перспектывы пакуль больш пытанняў, чым адказаў.
Грамадскія цэнтры, якія ўключаюць аб’екты гандлю, бытавога абслугоўвання, грамадскага харчавання і т.п., павінны з’явіцца ў Краснасельцах, Муражах і Княжына.
Найбольш актыўная дыскусія разгарэлася на тэму жылой забудовы. Па разліках спецыялістаў, да 2030 года Браслаў павінен прырасці на 100 тысяч квадратных метраў жылля (прыкладна 50/50 паміж шматкватэрнай і сядзібнай забудовай). Пад гэтыя мэта спатрэбіцца каля 70 га тэрыторыі. І калі месца пад шматпавярхоўкі ўжо больш – менш дакладна вызначана – будаваць іх плануецца ў раёне рэтранслятара, то зямлі пад індывідуальную забудову пакуль пад пытаннем.
Тое, што будавацца можна будзе ў Княжына, – не падлягае сумненню. Аднак першапачатковая прапанова праектантаў наконт адводу пад гэтыя мэты зямель у Заборных Гумнах трапіла пад крытыку раённых спецыялістаў. У выніку дэбатаў бакі прыйшлі да высновы, што будаваць жылыя дамы сядзібнага тыпу лепш у існуючых межах Краснасельцаў. Там забудова будзе прыводзіцца ў парадак і ўшчыльняцца. Праўда, для гэтага трэба будзе змяніць межы горада. Згодна з генпланам, гарадской тэрыторыяй павінны стаць усе Заборныя Гумны і Краснасельцы. А вось Муражы, ці па меншай меры тая іх частка, што знаходзіцца за аб’язной дарогай, застануцца сельскай мясцовасцю. У той жа час многія прыбярэжныя тэрыторыі будуць аддадзены пад турыстычную інфраструктуру – санаторыі, гасцініцы, турбазы, яхтклуб і іншае.
Сярод іншых цікавых прапаноў – рэканструкцыя ачышчальных збудаванняў у Дубках, перанос АЗС “Белнафтахім” на скрыжаванне аб’язной і “ўрбанскай” дарог, будаўніцтва новага гарадскога сметніка і закладка новых гарадскіх могілак на мёрскім накірунку насупраць газаразмеркавальнай станцыі.
Пасля таго, як у праект генеральнага плана развіцця горада Браслава будуць унесены папраўкі і дапаўненні, дакумент чакае шэраг узгадненняў, экспертыз і грамадскае абмеркаванне.

Вячаслаў Каладынскі.
Фота аўтара.
Здымак: Жанна Сініцына прэзентуе генплан г.Браслава.