Навагодняя красуня

Главное

Амаль на кожны Новы год ад жыхароў горада даводзілася чуць незадаволеныя каментарыі адносна галоўнай ёлкі. То яна крывая, то лысая, то недастаткова высокая ці кепска ўпрыгожаная, то яшчэ што-небудзь. І вось сёлета гарадскія ўлады здолелі, здаецца, дагадзіць усім. На гарадской плошчы ўстанавілі металічны каркас, на якім з 43 елак пабудавалі навагоднюю красуню.
На набыццё металаканструкцыі вышынёй 14,5 м былі затрачаны сродкі, заробленыя на раённым суботніку, – усяго 77 247 600 рублёў. Работнікі прадпрыемства ЖКГ “Браслаў-камунальнік” на працягу месяца залівалі 14 кубічных метраў бетону пад фундамент, на якім амаль трохтонны каркас змог бы трывала замацавацца.
А каб сфармаваць такую высокую ёлку давялося набыць 13 двухмятровых, 10 – 4,5-мятровых і 20 – 3,5-мятровых елак агульным коштам амаль на 7 мільёнаў рублёў. Сёлета, каб яшчэ больш падкрэсліць прыгажосць навагодняй красуні, на 33 мільёны былі закуплены новыя гірлянды.
Да Новага года застаюцца лічаныя дні, і ў горадзе актыўна вядзецца падрыхтоўка да яго сустрэчы: упрыгожваюцца вуліцы і хаты, а таксама гарадскія прадпрыемствы. Калі надвор’е ўсё ж пераменіцца на сапраўды зімовае, то запланаваныя на святочны перыяд мерапрыемствы парадуюць браслаўчан удвая больш.

Галляш Сялява.