Калі мама чараўніца

Главное

IMG_8800 (Small)Святочны дзень ад звычайнага буднага адрозніваецца вясёлым настроем, радаснай атмасферай, упрыгожаным памяшканнем і, безумоўна, арыгінальнымі падарункамі. Але і любы дзень можа ператворыцца ў святочны пры наяўнасці паветраных шарыкаў, бо колькі станоўчых эмоцый выклікае, здаецца, звычайная рэч. А калі гэта не проста шарыкі, а прыгожыя зайчыкі, мядзведзі, казачныя персанажы, кветкі, то цікавей удвая. Такая фігурка можа быць і ўпрыгажэннем залы для любога мерапрыемства і нечаканым падарункам.
Менавіта такі падарунак атрымала Зоя Аносава ад сябровак, якія прыйшлі павіншаваць яе з нараджэннем сына. Так адкрыла для сябе новы від творчасці — твістынг (стварэнне прыгожых кампазіцый з выкарыстаннем рознай формы і колеру шароў, напоўненых паветрам).
— Мяне вельмі ўразіў букет з шарыкаў, — расказвала Зоя. – Прыгожа, арыгінальна і, здавалася, так проста. Раскажу па сакрэту, увечары, калі госці разышліся, а дамашнія ляглі спаць, я разабрала адну кветачку, каб зразумець, як гэта робіцца. І, напэўна, каб у нас у доме былі патрэбныя прылады для твістынгу – шарыкі і помпа, я б яшчэ доўга не клалася. Вельмі хацелася зрабіць такі цуд сваімі рукамі. Увогуле, — працягвае мая суразмоўца, — я люблю рукадзелле, шыю, крыху вышываю, пяку тарты і ўпрыгожваю іх мастыкай, рабіла тапіарыі, пляла з газетных трубачак. Паспрабаваць сябе ў новым відзе мастацтва стала для мяне мэтай.
Калі набыла ўсё патрэбнае, узялася за справу. Зрабіць першую кветку аказалася нялёгка. Шары, якія з дапамогай маленькай помпы напаўняліся паветрам, не слухаліся рук, то загіналіся не ў тым месцы, то наогул – лопаліся. Але настойлівасць перамагла, – кажа Зоя.
У сусветнай павуціне яна знайшла майстар-класы, у якіх крок за крокам распавядалася пра тое, як трэба рабіць, каб са звычайных паветраных шароў атрымаўся прыгожы выраб. З цягам часу самыя простыя сталі атрымлівацца хутка, але на гэтым спыняцца Зоя не збіралася. Тым больш, што маленькі сынок Глеб падрастаў, і яму вельмі падабалася маміна захапленне. У сыночка паветраныя шаблі, любімыя героі мультфільмаў і іншыя плады мамінай працы выклікалі шмат прыемных эмоцый.
– Абсалютна любое свята стала нагодай парадаваць малышню кампазіцыяй з шарыкаў. Так сталі нараджацца новыя ідэі – зайчыкі, рыбкі, лялькі і г.д., – з агеньчыкамі ў вачах працягвала сваё апавяданне мая субяседніца. – Скажу шчыра, дарослыя не менш за дзяцей рады арыгінальным падарункам. Напрыклад, на дзень нараджэння для мужа зрабіла келіх з півам і рака. Ён быў вельмі здзіўлены і радаваўся як падарунку, так і за, за мае новыя поспехі.
Увогуле, як я паспела прымеціць, у сям’і Аносавых усе творчыя натуры. Калі пад’ехала да іх дома (жывуць яны ў прыватным сектары), убачыла прыгожы двор. Дарэчы, на вуліцы было не лета, калі усё патанае ў рознакаляровых кветках, а пачатак зімы, прычым пакуль без снегу. У такім выпадку кідаецца ў вочы прыгажосць, створаная рукамі чалавека. Так, у цэнтры двара стаяла прыгожая альтанка, зробленая мужам Раманам, каменныя фігуры, машынкі, лялькі, цягнікі, акуратна выразаныя з дошчачак і размаляваныя.
– Гэта старэйшая Насця прыгожа малюе. Яны з татам і Глебам зрабілі гэтыя ўпрыгажэнні, — прачытаўшы ў маіх вачах пытанне “хто?”, – неўзабаве сказала Зоя. – У Рамана ёсць гараж, і ён адтуль бывае прыходзіць, – пажартавала мая суразмоўца.
Дарэчы, у гаражы, нібы ў музеі, паўсюль размешчаны фігуркі звяроў, іх рогі. Утульна і прыгожа!
Ужо некалькі разоў Зоя Аносава удзельнічала ў кірмашах-продажах сваіх вырабаў. І расказвала пра іх з вялікім захапленнем.
— Для нашай сям’і гэта цікавая прыгода. У Наваполацку быў дзень горада, і мы ўсім сямействам падаліся туды. Вы ж разумееце, што жыццё ў кампазіцый з паветраных шарыкаў нядоўгае, таму нарыхтаваць іх загадзя немагчыма. Тым больш, што я заўсёды крытычна адношуся да сваіх вырабаў. Дык вось, — расказвае Зоя, – усю ноч я рабіла рамонкі, хрызантэмы, жабак, шаблі, ракаў і іншае, потым да мяне далучыліся і дзеці. Самыя простыя фігуркі яны таксама ўжо навучыліся рабіць. Раніцай мы сабралі ўсё, што зрабілі і пайшлі прадаваць на святочных вуліцах Наваполацка. Хто бачыў нас у той дзень, абвешаных з ног да галавы шарыкамі, абавязкова падыходзіў з усмешкай, станоўчымі эмоцыямі і нават, калі не рашаўся купіць фігурку, фатаграфаваўся з намі на памяць. Паветраныя вырабы, што засталіся ад кірмашу, мы проста дарылі прахожым. Гэты дзень мы часта ўспамінаем з дамашнімі. Ён запомніўся як адзін з самых прыемных і прынёс нам толькі пазітынасць.
Падчас гутаркі Зоя прызналася, што з выхадам на працу пасля “дыкрэту” часу на хобі безумоўна стала менш, але, калі справа падабаецца, то і часу не шкада. А калі пацікавілася ў дзяцей Насці, Вадзіма і Глеба, што яны думаюць пра маміна захапленне, адказалі: “Мама, нібы чараўніца, у яе руках звычайныя паветраныя шарыкі ажываюць, а калі прыглядзецца, кожны з іх мае свой настрой, характар, сваю непаўторную усмешку.”

Вольга Патаповіч.
Фота аўтара.