Каб першы лёд не стаў апошнім

Человек и закон

Зіма ўжо заявіла пра сябе першымі маразамі. Азёры і рэкі пакрыліся першым лёдам. Аднак трэба памятаць, што ў час ледаставу таўшчыня лёдавага покрыва розная. На вадаёмах раёна сярэдняя таўшчыня складае ад 8 да 12 см, аднак гэта не азначае, што знаходзіцца на іх бяспечна. Асаблівая небяспека падсцерагае на вялікіх азёрах і рэках, там часта ўзнікаюць трэшчыны, а падводныя плыні падмываюць лёд і ўтвараюць палонкі.
Таварыства выратавання на вадзе ўжо неаднаразова папярэджвала насельніцтва раёна пра небяспеку пры выхадзе на тонкі лёд. На жаль, не ўсе прынялі гэта да ведама.
Так, 10 снежня ўжо здарылася першая ў гэтым зімовым сезоне трагедыя. На возеры Струста ў 400 метрах ад берага ў палонку праваліўся 55-гадовы браслаўчанін, які самастойна не змог вызваліцца ад халоднага воднага палону і ў выніку загінуў. Рыбалоў нагрэбаваў элементарнымі меры бяспекі. Ён пры поўнай амуніцыі, якая павялічвае вагу ў некалькі разоў, рухаўся па возеры Струста на веласіпедзе.
Памятайце, што перш чым ступіць на лёд, уважліва агледзьце паверхню вадаёма, пераканайцеся ў яе трываласці 2–3 ударамі пешні. Калі вада з’яўляецца пасля першага ўдару, трэба тэрмінова спыніцца і, не спяшаючыся, спакойна вярнуцца на бераг. Выходзьце на лёд тады, калі яго таўшчыня дасягне не менш за 7 сантыметраў, і толькі ў сухое марознае надвор’е. Трэба таксама разумець, што кола веласіпеда вузкае, таму стварае вялікі ціск на малую плошчу апоры.
Пры выхадзе на першы лёд трэба мець вяроўку з пятлёй на канцы і грузам, каб пры неабходнасці дапамагчы тапельцу. У верхніх кішэнях адзення павінны быць пара цвікоў прыкладна 150 мм, якія яны дапамогуць выбрацца з палонкі.
Калі па неасцярожнасці вы ўсё ж праваліліся пад лёд, ні ў якім разе не панікуйце, не рабіце рэзкіх рухаў, стабілізуйце дыханне. Раскіньце рукі ў бакі і паспрабуйце зачапіцца за край лёду, надайце целу гарызантальнае становішча па накірунку плыні. І – выбірайцеся.
Аказваючы дапамогу чалавеку, які праваліўся пад лёд, памятайце, што да яго трэба набліжацца толькі паўзком. Лепш за ўсё падаваць пацярпеламу вяроўку, жэрдку, шалік, пояс, каб дапамагчы выбрацца з палонкі. Затым адпаўзці ў бок ад небяспечнага месца. У першую чаргу трэба ўхутаць пацярпелага і хутка даставіць у цёплае памяшканне.
Ідучы на зімовую рыбалку, не забудзьце ўзяць з сабой прасцейшыя выратавальныя сродкі. Прабівайце лункі на бяспечнай адлегласці адна ад адной. Не збірайцеся на лёдзе групамі.
Паважаныя бацькі, забараніце дзецям бегчы на лёд.
Толькі сумеснымі намаганнямі мы зможам папярэдзіць бяду!

Анатоль Міласердаў, старшыня РА ТВВад.