Узнагароды за поспехі, актыўнасць, ініцыятыву

Главное

SAM_0255 (Small)У Відзаўскім каледжы стала добрай традыцыяй праводзіць конкурсы на лепшага вучня, майстра, куратара, а таксама лепшай групы, пакоя. І пераможцаў штогод узнагароджваць грашовай прэміяй.
Вось і сёлета лепшая група навучальнай установы была адзначана прэміяй у памеры 3 млн рублёў і экскурсійнай паездкай. Да таго ж навучэнцы самі выбралі сабе маршрут і аб’екты для экскурсіі. Аднагалосна хлопцы і дзяўчаты рашылі наведаць нашу сталіцу і гісторыка-культурны комплекс “Лінія Сталіна”.
Лістападаўскай раніцай група навучэнцаў у складзе 22 чалавек адправілася ў цікавую паездку. Першым прыпынкам стаў новы Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, які здзівіў і ўразіў сваёй незвычайнай архітэктурай і аб’ёмным празрыстым купалам.
Велічныя залы музея, запоўненыя ўнікальнымі экспанатамі ваеннага часу, перанеслі ў тыя цяжкія для нашага народа гады. Мы пабывалі ў зруйнаваным Мінску, у партызанскай зямлянцы, акунуліся ў трагічнае мінулае нашых бабуль і дзядуляў.
У хлопцаў, як у будучых абаронцаў Айчынны, незабыўнае ўражанне пакінулі ўзоры ваеннай тэхнікі часоў Вялікай Айчыннай вайны, асабліва самалёты і танкі.
Завяршылася экскурсія па музеі наведваннем Залы Перамогі. У гэтай беласнежнайзале пад празрыстым купалам з цудоўным святлом мы адчулі ўсю веліч перамогі савецкага народа ў гады той жорсткай вайны.
Прадоўжылася экскурсія ў гісторыка-культурным комплексе пад адкрытым небам “Лінія Сталіна”, дзе сабрана калекцыя ўзораў ваеннай тэхнікі розных часоў. У той дзень ішоў снег, было халодна і зябка, прама як тады, ў снежні 1941 года, калі і было створана гэта ўмацаванне для абароны нашай сталіцы ад ворага. Пранікнуцца пачуццём патрыятызму тут можна больш, чым, на ўроках гісторыі і выхаваўчых гадзінах, бо сваімі вачамі датыкаемся да гераічнага мінулага беларускага народа.
Вельмі ўразіла і дзівіла ў мінскім дэльфінарыі “Нэма” цікавае, незабыўнае прадстаўленне з дэльфінамі, гэтымі разумнейшымі жывёламі на Зямлі. Не пакінулі нікога раўнадушнымі і экзатычныя жывёлы, птушкі і паўзуны ў сталічным заапарку.
Пасля цікавай экскурсіі пераможцы конкурсаў падзяліліся сваімі ўражаннямі на агульнакаледжнай лінейцы, падрыхтавалі відэапрэзентацыю і пажадалі ўсім паспеху ў вучобе, быць актыўнымі, каб выправіцца ў незабыўнае падарожжа, а таксама падзякавалі адміністрацыю каледжа за арганізацыю паездкі.

Галіна Януль,
навучэнка каледжа.