Іх служба не ведае спакою

Главное

IMG_4674 (Small)Заўтра Браслаўскаму аддзяленню Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь спаўняецца 30 гадоў. Да 1984 г. яно з’яўлялася структурнай адзінкай Мёрскага аддзялення пазаведамаснай аховы пры АУС Мёрскага райвыканкама.
На той час ахоўвалася ўсяго 27 аб’ектаў Браслаўшчыны, у штаце налічвалася 86 супрацоўнікаў. Амаль уся ахова была вартавой, і толькі тры аб’екты ахоўваліся пры дапамозе тэхнічных сродкаў.
Першым кіраўніком Браслаўскага аддзялення пазаведамаснай аховы быў прызначаны Міхаіл Дышлевіч. Потым падраздзяленнем кіравалі і ўнеслі пэўны ўклад у яго развіццё Віталь Брылевіч, Міхаіл Парфяновіч, Пётр Дзехцяронак, Аляксандр Шакель, Яўген Бейнар, Віктар Калкоўскі. Найбольшае ўдасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы аддзялення і станаўленне яго як самастойнага органа ўнутраных спраў адбылося пры Аляксандры Шакелю і Яўгене Бэйнары. У 1999 годзе з’явіўся і свой адміністрацыйны будынак, дзе ёсць вучэбны клас, памяшканне для электраманцёраў і трэнажорная зала. Цяпер аддзяленне аховы ўзначальвае падпалкоўнік міліцыі Мікалай Сільчонак.
Як паведаміў Мікалай Сафронавіч, пад пільным вокам супрацоўнікаў аддзялення аховы зараз знаходзяцца 130 аб’ектаў у горадзе і сельскай мясцовасці, 188 памяшканняў з асабістай маёмасцю грамадзян. Акрамя гэтага, нарады аховы сочаць за грамадскім парадкам у нашым горадзе.
Сёння служба аховы выкарыстоўвае аўтаматызаваную сістэму ахоўнай сігналізацыі “Алеся”, якая дазваляе хутка атрымліваць дакладную інфармацыю пра стан аб’екта, што ахоўваецца, і, калі трэба, неадкладна рэагаваць, каб затрымаць верагоднага злодзея. Несумненна, каб ім супрацьстаяць, ахоўнікам, а іх у штаце 20, трэба заўсёды быць у добрай фізічнай форме. Таму з імі рэгулярна праводзяцца заняткі па агульнафізічнай падрыхтоўцы, на стэльбішчы ў Рацкім бары адточваюць яны трапнасць стральбы. Ды і да аб’екта пасля паступлення сігналу трывогі на пункт цэнтралізаванага назірання аператыўная група павінна прыбыць на месца не пазней за 7 мінут.
Таму патрабаванні да супрацоўнікаў аддзялення аховы даволі жорсткія. Тым не менш міліцыянеры ім адпавядаюць і, акрамя выдатнай усебаковай падрыхтоўкі, паказваюць добрыя вынікі па затрыманні правапарушальнікаў. Адзін з лепшых супрацоўнікаў аддзялення міліцыянер-вадзіцель прапаршчык Мікалай Коваль.
Служаць у аддзяленні аховы і чатырохногія вартаўнікі. Паколькі вальераў для іх няма, сабакі жывуць у сваіх гаспадароў. Кінолагі іх даглядаюць, займаюцца з імі і вучаць асноўнаму — пошуку правапарушальніка па следу.
Найбольшага поспеху ў выхаванні сваіх гадаванцаў дасягнулі міліцыянары-кінолагі Ігар Пука і Валерый Новікаў.
Акрамя міліцыянераў, сем аб’ектаў Браслава і раёна ахоўваюць вартаўнікі, таксама не выпадковыя людзі, бо даўно адышоў у мінулае вобраз вартаўніка-пенсіянара з дубальтоўкай на плячы. Перавага ў гэтай справе, адзначыў Мікалай Сафронавіч, надаецца найбольш падрыхтаваным кандыдатам, у тым ліку і жанчынам, бо яны больш старанна адносяцца да сваіх службовых абавязкаў.
У аддзяленні аховы ёсць асаблівы калектыў — дзяжурныя пульта кіравання пункта цэнтралізаванага назірання. Гэта “сэрца” сістэмы аховы, дзякуючы якому каардынуецца праца паставых і груп затрымання. Ад іх аператыўнасці і ўважлівасці таксама залежыць бяспека аб’екта, захаванасць маёмасці, а часам — і жыццё чалавека.
Дзяжурныя пульта кіравання — прадстаўніцы слабага полу, але задачы, пастаўленыя перад імі, здольны выканаць не кожны мужчына. І паслабленняў ім тут ніхто не робіць. У чым даўно ўпэўнілася самы вопытны дзяжурны Ірына Лясовіч.
Сённяшняя служба аховы ніяк не можа існаваць без электраманцёраў, бо на іх умелых руках трымаецца спраўнасць і безадказная работа складанай ахоўна-пажарнай сігналізацыі.
Так, дзякуючы зладжанай рабоце ўсіх супрацоўнікаў падраздзялення, аб’екты Браслаўшыны знаходзяцца пад надзейнай аховай.
Карыстаючыся выпадкам, М. Сільчонак віншуе сваіх падначаленых і ветэранаў з юбілеем, жадае ім моцнага здароўя і поспехаў у нялёгкай справе.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.IMG_4670 (Small)