Зроблены першы крок для супрацоўніцтва

Новости

Несумненна, шматлікія міжнародныя праекты па супрацоўніцтве ў розных сферах нашага жыцця, сумесная работа па іх рэалізацыі з замежнымі партнёрамі ідзе толькі на карысць жыхарам і інфаструктуры любога краю. Акрамя таго, сустрэчы каардынатараў і рабочых груп праектаў даюць магчымасць для далейшага пашырэння сувязей паміж краінамі. І прадстаўнікі раённай улады актыўна шукаюць новых замежных сяброў, каб пабудаваць паміж Браслаўшчынай і замежнымі суседзямі яшчэ адзін трывалы мост супрацоўніцтва і сяброўства.
На мінулым тыдні ў Відзаўскім сельвыканкаме сабраліся галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Галіна Паніч, старшыня сельсавета Сяргей Алёшын, дырэктар Відзаўскай дзіцячай школы мастацтваў Галіна Фадзеева і дырэктар Шпагскай музычнай і мастацкай школы Даўгаўпілскага краю Андрэй Рэпін, каб падпісаць пагадненне аб супрацоўніцтве двух устаноў пазашкольнага выхавання.
Дзякуючы гэтаму, у відзаўскіх музыкантаў з’явілася магчымасць прадэманстраваць свае таленты, пазнаёміць суседзяў з беларускай культурай, паўдзельнічаць у сумесных разнапланавых мерапрыемствах, а яшчэ набыць сабе новых цікавых сяброў і прыемныя ўражанні. Ды і педагогам школы абмен вопытам і метадамі работы дапамогуць удасканаліць сваё прафесійнае майстэрства.
Удзельнікі рабочай сустрэчы абмеркавалі шэраг арганізацыйных пытанняў і намецілі накірункі для далейшай дзейнасці.
— Наша школа таксама калісьці была невялікай і не надта запатрабаванай, — адзначыў А. Рэпін. — Але з цягам часу мы выраслі і расшырыліся, і на сённяшні дзень у нас 189 выхаванцаў. Таму ўсе памкненні і жаданні Галіны Максімаўны мне вельмі знаёмы, і будзем спадзявацца, што наш вопыт дапаможа вашай школе ўзняцца на больш высокі ўзровень.
У сваю чаргу Г. Фадзеева падзялілася сваімі задумамі і планамі па расшырэнні дзейнасці Відзаўскай ДШМ.
Падпісанне пагаднення — гэта толькі першы крок для далейшага развіцця адносін паміж латвійскім п. Шпогі і Відзамі. Замежнае партнёрства у рамках памежнага супрацоўніцтва дае магчымасць для напісання міжнароднага праекта, і выхад на еўрапейскія фонды.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.