Далучыліся да гармоніі Сусвету

Главное

IMG_6826 (Small)Наша зямля здаўна поўніцца талентамі. У гэтым яшчэ раз пераканаліся вучні 9 “Б” класа СШ №1, якія на мінулым тыдні наведалі ў музеі традыцыйнай культуры выставу “Сцяжынкамі Язэпа Драздовіча”. На ёй прадстаўлены працы беларускіх мастакоў з пленэраў, праведзеных у гонар нашага сусветна вядомага земляка.
Перад аглядам карцін загадчык музея Эла Зінкевіч пазнаёміла наведвальнікаў з асноўнымі момантамі жыцця Я. Драздовіча. Вучні з цікавасцю слухалі расказ пра беларускага мастака, вандроўніка і паэта, фалькларыста і настаўніка, даследчыка і летуценніка. А знятая “Беларусьфільмам” стужка “Неба і зямля”, прымеркаваная да 125-годдзя мастака, пазнаёміла з найцікавейшай творчай спадчынай Я. Драздовіча. Асабліва ўразіла гледачоў яго апантанае захапленне космасам, імкненне пазнаць Сусвет, разгадаць таямніцу гармоніі руху нябесных свяціл. І, безумоўна, нікога не пакінулі абыякавымі неверагодныя касмічныя краявіды.
Атрыманая інфармацыя дапамагла дзевяцікласнікам лягчэй успрымаць і лепш разумець карціны, прадстаўленыя на выставе. Напрыканцы мерапрыемства Эла Зінкевіч правяла віктарыну, вынікі якой паказалі, што вучні ўважліва слухалі і многае запомнілі. Самыя актыўныя яе ўдзельнікі атрымалі невялікія прызы.
Наведванне выставы пакінула прыемныя ўражанні і гонар за зямлю, на якой жыў і тварыў славуты мастак.

Жанна Бялько.
Фота аўтара.IMG_6834 (Small)