Служыць праўдзе і справядлівасці

Главное

IMG_6819 (Small)Заўтра ў нашай краіне адзначаецца Дзень юрыста. Важнасць гэтай прафесіі ў сучасным грамадстве складана пераацаніць, бо ад якасці работы юрыста напрамую залежыць законнасць, грамадскі правапарадак і стабільнасць. А яшчэ быць юрыстам — вялікі гонар і адказнасць, бо прафесія патрабуе аб’ектыўнасці, вытрымкі, справядлівасці і асабістай бездакорнасці. Так лічыць начальнік юрыдычнай службы райвыканкама Уладзімір Фурс.
Гэтых прынцыпаў ён прытрымліваецца і ў сваёй рабоце. Увогуле ж у юрыдычнай дзейнасці мужчына больш за 25 гадоў, прафесію сваю любіць і лічыць яе цікавай. А яшчэ прызнаецца, што нягледзячы на розныя складанасці, з якімі даводзіцца сутыкацца, не памяняў бы яе на іншую.
Юрыдычную спецыяльнасць У. Фурс атрымаў у вышэйшай школе міліцыі. У 80-я гады паспяхова будавалася прававая дзяржава, існавалі ўмовы, пры якіх выконваўся закон, а юрысты былі запатрабаваны. Гэта і стала зыходным крокам ва ўпэўненым выбары будучай прафесіі.
Працаваць Уладзімір Уладзіміравіч пачынаў у праваахоўных органах нашага раёна, хоць сам родам з Міёршчыны. Пазней быў юрыстам, начальнікам аддзела ў нацыянальным парку, на харчовым камбінаце. Працаваць у тыя часы ў арганізацыях было складана. Было шмат праблем з юрыдычнага боку, а дзейнасць службы яшчэ толькі наладжвалася. Не было камп’ютараў, ва ўсім даводзілася разбірацца самастойна. А яшчэ погляды кіраўніцтва і юрыста часам не супадалі, але заўсёды Уладзімір Уладзіміравіч дзейнічаў у рамках закона і справядлівасці. Менавіта таму яго цанілі як добрага спецыяліста і адказнага работніка.
Розная спецыфіка галіновага права дапамагла набрацца вопыту, замацаваць веды на практыцы, развівацца і самаўдасканальвацца. А ў 2013 годзе У. Фурсу прапанавалі ўзначаліць юрыдычную службу райвыканкама. Багаты вопыт і добрыя напрацоўкі папярэдняга спецыяліста Галіны Качаргіной дапамаглі хутка ўвайсці ў курс спраў. Падтрымку аказала і куратар юрыдычнай службы, кіраўнік спраў райвыканкама Іна Мініна.
Работа ў юрыдычнай службе адказная і шматгранная. У абавязкі спецыяліста ўваходзіць вядзенне перапіскі, прававое суправаджэнне дзейнасці райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў, праверка рашэнняў гэтых органаў на адпаведнасць заканадаўству, кантроль прававой дзейнасці сельвыканкамаў, правядзенне юрыдычнай экспертызы. Таксама начальнік юрыдычнага сектара ўваходзіць у склад розных камісій райвыканкама, прадстаўляе інтарэсы гэтага органа ў судах і многае іншае. Шмат даводзіцца працаваць з іскамі, заяўленымі райвыканкаму.
А яшчэ даводзіцца даваць кансультацыі арганізацыям і юрыстам. Па дапамогу да У. Фурса звяртаюцца і людзі. За час работы хапала складаных сітуацый, даводзілася сутыкацца з рознымі спрэчнымі справамі. Людзі просяць дапамагчы ў вырашэнні самых розных пытанняў. Гэта і абарона правоў спажыўцоў, рэгістрацыя ў раёне, жыллёвае заканадаўства, кансультуюцца па працоўным заканадаўстве. Уладзіміра Уладзіміравіча можна назваць універсальным юрыстам, і заўсёды ён дэталёва і падрабязна растлумачыць чалавеку, як дзейнічаць, якія будуць наступствы. Менавіта таму скаргаў на спецыяліста ніразу не было.
Юрыдычная дзейнасць не стаіць на месцы. Мяняюцца законы, уносяцца папраўкі. У. Фурс заўсёды ў курсе змяненняў. А спраўляцца з вялікімі аб’ёмамі работы, па яго словах, яму дапамагаюць такія якасці характару, як уседлівасць, камунікабельнасць і агульная эрудыцыя. Пра сваю прафесію мужчына можа расказваць доўга і цікава, узважана і кампетэнтна. І зазначае, што трэба любіць сваю справу і сваю работу, тады будзе і вынік.
Напярэдадні свята Уладзімір Уладзіміравіч калегам па галіне жадае цярпення, сямейнага дабрабыту і поспехаў у такой нялёгкай службе.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.