Насычаная паездка

Главное

12На мінулым тыдні намеснік начальніка УУС Віцебскага аблвыканкама, начальнік упраўлення ідэалагічнай работы і кадравага забеспячэння палкоўнік міліцыі Сяргей Пашко наведаў Браслаўскі РАУС і сустрэўся з асабовым складам. Таксама ён правёў прыём грамадзян і адказаў на пытанні браслаўчан падчас прамой тэлефоннай лініі.
Увогуле паездка кіраўніка кадравага падраздзялення вобласці ў Браслаўскі раён аказалася насычанай. Пачалася яна з агульнага сходу асабістага складу РАУС, на якім Сяргей Пашко асаблівую ўвагу надаў пытанням дысцыпліны, расказаў пра здарэнні, учыненыя міліцянерамі вобласці, акцэнтаваў увагу супрацоўнікаў аддзела на няўхільным выкананні транспартнай дысцыпліны. Завяршаючы выступленне, С. Пашко падзякаваў супрацоўнікам РАУС за працу і ўручыў грамату ўпраўлення ўнутраных спраў оперупаўнаважанаму аддзялення крымінальнага вышуку Сяргею Мацуку, а таксама чарговае спецыяльнае званне інспектару аддзела грамадзянства і міграцыі РАУС Таццяне Казлоўскай.
У гэты ж дзень С. Пашко наведаў Опсаўскую сярэднюю школу, дзе выступіў перад навучэнцамі і выкладчыкамі. Пры гэтым ён акцэнтаваў увагу на праблеме ўжывання моладдзю “спайсаў”, расказаў пра факты дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам дзяцей на тэрыторыі вобласці, заклікаў строгага прытрымлівацца транспартнай дысцыпліны. Таксама С. Пашко ўручыў дыплом вучаніцы чацвёртага класа школы Настассі Голубевай, дачцэ супрацоўніка Браслаўскага РАУС Івана Голубева. Дзяўчынка прыняла актыўны ўдзел у конкурсе дзіцячых малюнкаў пры правядзенні рэспубліканскай акцыі “Сям’я — служым разам!”. Яе работа другі год запар высока адзначана ў вобласці. Разам з дыпломам Насця атрымала і салодкі прыз — торт.
Завяршылася паездка С. Пашко ў зале пасяджэнняў Браслаўскага РАУС прыёмам грамадзян і правядзеннем прамой тэлефоннай лініі. На прыём да кіраўніка кадравага падраздзялення вобласці прыйшла А. Лаўрыновіч, якую цікавіў парадак паступлення ва УА “Магілеўскі інстытут МУС Рэспублікі Беларусь”, бо яе сын плануе ў наступным годзе паступаць у гэтую навучальную ўстанову. Сяргей Пятровіч падрабязна растлумачыў жанчыне парадак паступлення, умовы і магчымасці. Падчас прыёму на прамую тэлефонную лінію звярнулася яшчэ адна жанчына, якую цікавілася прыёмам на службу ў органы ўнутраных спраў сына пасля заканчэння ім вышэйшай навучальнай установы. С. Пашко адказаў і на гэтае пытанне.

Часлаў Угарэнка,
намеснік начальніка Браслаўскага РАУС
па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні.