З каханнем у сэрцы

Главное

Встреча с поэтами (Small)Браслаўская зямля заўсёды была крыніцай творчага натхнення. Тут нараджаліся, жылі і сёння працуюць таленавітыя людзі. Таму і стала добрай традыцыяй праводзіць у гімназіі сустрэчы з паэтамі Браслаўшчыны, арганізатарам якіх з’яўляецца бібліятэкар установы Таццяна Гордава.
“З каханнем у сэрцы” — пад такой назвай прайшло чарговае мерапрыемства з нашымі зямлячкамі — паэтэсамі Тэрэзай Крумплеўскай і Святланай Цыўнель. Добразычлівую атмасферу сустрэчы стваралі вядучыя Эліза Грыб і Таццяна Шакель.
Тэрэза Крумплеўская паведаміла нам пра дасягненні, творчыя планы літаратурнага аб’яднання “Ветразь надзеі”, прапанавала ўвазе цікавы аднайменны відэафільм. З задавальненнем гімназісты праслухалі верш “Я вам завещаю любовь”, які нарадзіўся ў паээсы літаральна напярэдадні нашай сустрэчы.
Святлана Цыўнель з’яўляецца адным з актыўнейшых членаў літаратурнага аб’яднання. Творчасць яе шматгранная і шматаспектная. Майстрыца слова ў сваіх вершах раскрывае лепшыя якасці чалавека, праяўленне гуманнасці, дабрыні, павагі да блізкіх і, несумненна, уменне кахаць. Яе вершы мудрыя, поўныя кахання і аптымізму. Яны не напісаны, а народжаны душой, як нараджаецца ўсе прыгожае, добрае, вечнае. Паэтэса расказала нам пра сваё жыццё, пра тайну нараджэння паэтычных радкоў, пачытала свае любімыя вершы.
Затым свае першыя паэтычныя спробы пяра прадэманстравалі гімназісты Аляксандра Ціхан, Алена Волкава, Вераніка Лясюк, а Віктар Сажын разам з вакальнай групай выканаў песню пра каханне ўласнага сачынення. Падарылі гасцям цудоўную музычную кампазіцыю таксама Паліна Шышко і Надзея Кадакова.
Безумоўна, кожная такая сустрэча з паэтычным словам пакідае свой добры след у жыцці чалавека.

Ганна Галыня,
вучаніца гімназіі.