Наш абавязак памятаць пра гэта

Новости

IMG_6651 (Small)Страшная бяда ўварвалася ў вёску Баравыя і размеранае жыццё яе мірных людзей 28 лістапада 1942 года. У той дзень фашысцкія карнікі жывымі спалілі амаль усіх вяскоўцаў. У пятніцу споўнілася 72 гады з дня гэтай трагічнай даты. А на месцы трагедыі грамадскасць раёна сабралася на цырымонію адкрыцця адноўленага помніка ахвярам тых жудасных падзей.
За гады вайны ў Беларусі былі спалены 209 гарадоў і 2200 вёсак, самая вядомая з якіх Хатынь. Падзялілі яе трагічны лёс і Баравыя.
Раніцай нямецкія каты прыйшлі ў вёску. Яны ўрываліся ў хаты, забіралі жанчын, старых, малых і зганялі іх у тры гумны. Не шкадавалі нікога, тых, хто спрабаваў уцячы, забівалі адразу. Людзі не ведалі, у чым яны вінаваты і што іх чакае. А вечарам будынкі запалыхалі… У той страшны дзень у агні загінулі 195 мірных жыхароў.
Пра трагедыю Баравых нашчадкам нагадваў памятны знак, устаноўлены ў пасляваенны час мясцовымі жыхарамі на месцы гібелі людзей. З цягам часу ён пачаў разбурацца і было вырашана замяніць яго на новы.
Аднаўленне помніка стала магчыма дзякуючы намаганням райвыканкама, Савета дэпутатаў, Відзаўскага сельвыканкама і ГА “Беларускі фонд міру”. Менавіта за сродкі раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання быў зроблены манумент, спатрэбілася на гэта каля 7 млн. рублёў.
На днях помнік быў устаноўлены, а цырымонію адкрыцця сімвалічна прымеркавалі да дня трагедыі. Каб увекавечыць памяць загінуўшых пад мірным і светлым небам сабраліся раённыя ўлады і грамадскасць, школьнікі. Завіталі і ганаровыя госці — намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Цярэнц’еў, старшыня праўлення абласнога аддзялення ГА”Беларускі фонд міру” Таццяна Туманава.
Да прысутных на ўрачыстым мітынгу першым звярнуўся Уладзімір Цярэнц’еў. Ён нагадаў пра страшныя падзеі вайны на Віцебшчыне, у прыватнасці, пра лёс некаторых спаленых вёсак, такіх жа як і Баравыя. Пры гэтым адзначыў, што абласныя і раённыя ўлады імкнуцца захаваць памяць пра загінуўшых, аднаўляюць і ўстанаўліваюць новыя помнікі на месцах трагедыі. А такія памятныя знакі, які з’явіўся сёлета і ў Баравых, будуць нагадваць нашчадкам пра тое, што неабходна берагчы мір.
Працягнуў гэту думку і старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў. Ён зазначыў, што за гады вайны Браслаўшчына згубіла больш за 10 тысяч жыхароў, былі спалены вёскі, не абышла бяда і Баравыя. Боль страты не сціхае і сёння, а памяць нашчадкаў будзе вечнай.
Да прысутных звярнуліся таксама Таццяна Туманава, настаяцель Казянскага прыхода айцец Пётр, а таксама сведка тых жудасных падзей Зоя Атрахімовіч.
Сёння Зоя Уладзіміраўна, мабыць, адзіная з тых, хто памятае пра падзеі ў Баравых. Разам з бацькамі яна жыла ў суседняй вёсцы Пастэрнакі. Зоі было ўсяго 14 гадоў, але той лістападаўскі дзень яна запомніла назаўсёды. Праз іх вёску немцы ішлі ў Баравыя, там жадалі знайсці тых, хто быў павінен у знікненні двух нямецкіх салдат. Сагналі ўсіх у гумны, пыталіся “Дзе салдаты?”, а калі нічога не даведаліся, падпалілі. Зоя Уладзіміраўна добра памятае, як над Баравымі чырванела зарава. Раніцай жыхары Пастэрнак накіраваліся ў суседнюю вёску паглядзець, можа хто яшчэ жывы, але замест дамоў і людзей, знайшлі толькі папялішча. Так абарвалася жыццё 195 чалавек, так абарвалася жыццё вёскі.
Ва ўрачыстай абстаноўцы У. Цярэнц’еў і С. Шматаў адкрылі адноўлены помнік. Памяць загінуўшых ушанавалі хвілінай маўчання, па наваколлі разляцеліся салютныя залпы, а да помніка былі ўскладзены кветкі.
Страшныя падзеі папярэднічалі адкрыццю гэтага помніка. Але вельмі правільна, што мясцовыя ўлады, людзі разумеюць неабходнасць аднаўлення падобных памятных месцаў, падтрымліваюць іх у парадку, прыносяць кветкі і берагуць памяць пра тых, хто ужо стаў часткай гісторыі нашай краіны.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.
На тэрыторыі раёна знаходзіцца 29 помнікаў воінскай славы і 49 воінскіх пахаванняў. Кожны год праводзіцца добраўпарадкаванне воінскіх пахаванняў, рамонт памятных знакаў. У 2013 годзе за сродкі абласнога бюджэту, спонсарскія грошы заменены помнікі і мемарыяльныя пліты ў вёсках Зарачча, Злота, Азяраўцы. У 2014 годзе за сродкі раённага бюджэту адрамантаваны помнікі на воінскіх пахаваннях у агр. Ахрэмаўцы і г. п. Відзы. Раённая арганізацыя ГА “Беларускі фонд міру” выдзеліла фінансы на рамонт помнікаў на воінскіх захаваннях у Азяраўцах і Баравых.