Для зручнасці пацыентаў

Новости

IMG_4508 (Small)Не сакрэт, што Браслаўшчына багата добрымі традыцыямі. Духоўнае багацце і шчодрасць нашых людзей, жаданне падзяліцца прыгажосцю, самабытнасцю, пазітыўнымі змяненнямі дапамагаюць пастаянна ўдасканальваць работу па актывізацыі міжнароднага супрацоўніцтва, якому кіраўніцтва раёна ўдзяляе значную ўвагу.
Вось і сёлета ў летапіс браслаўскай установы аховы здароўя ўпісана яшчэ адна старонка — завершаны апошні этап рэалізацыі праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Стварэнне ўмоў для даступнасці пазагранічнага першаснага абслугоўвання на тэрыторыі Даўгаўпілскага краю і Браслаўскага раёна”.
Асноўная мэта праекта была накіравана на паляпшэнне даступнасці і якасці медыцынскай дапамогі праз ўдасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы, інфарматызацыю ўстаноў аховы здароўя, стварэнне ўмоў для пацыентаў з абмежаванымі магчымасцямі. І трэба сказаць, што яна дасягнута ў поўным аб’ёме.
Уваходная група раённай паліклінікі набыла не толькі прывабны выгляд, галоўнае, што тут з’явіліся зручныя пандусы, шырокія дзверы для калясачнікаў. Прыгожы выгляд набылі таксама калідоры і кабінеты паліклінікі, абсталяваныя новай мэбляй і камп’ютарамі. Але самае важнае ў рэалізацыі праекта — магчымасць узаемаабмену патрэбнай інфармацыяй пра пацыентаў паміж браслаўскімі і даўгаўпілскімі медыкамі праз інтэрнэт.
З нагоды завяршэння дадзенага праекта 29 лістапада ў раённую паліклініку завітала прадстаўнічая дэлегацыя ў складзе намесніка старшыні аблвыканкама Уладзіміра Цярэнцьева, старшыні райвыканкама Сяргея Шматава, старшыні райсавета Ніны Пучынскай, намесніка старшыні райвыканкама Іны Лысенка.
На ўрачыстую цырымонію адкрыцця мадэрнізаванай уваходнай групы раённай паліклінікі сабраліся таксама прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна.
У сваім прывітальным слове С. Шматаў адзначыў, што раённы выканаўчы камітэт і Савет дэпутатаў надзяляюць вялікую ўвагу зберажэнню і ўмацаванню добрасуседскіх адносін і наладжванню сувязей з замежнымі партнёрамі. За 2011—2014 гг. рэалізавана больш за 10 праектаў у сферы адукацыі, спорту, культуры, аховы здароўя, сацыяльнага абслугоўвання і агратурызму.
Агульная сума, паведаміў старшыня райвыканкама, прыцягнутых інвестыцый з фондаў ЕС для нашага раёна складае больш за 600 000 еўра. Сёння працягваецца работа па шэрагу міжнародных праектаў, і сума паступленняў еўрапейскіх сродкаў ад якіх складае больш за 900 тыс. еўра.
Сяргей Шматаў выказаў надзею, што ў будучым у фундамент маста супрацоўніцтва паміж прыгранічнымі рэгіёнамі будуць закладзены новыя апоры, што зробіць яго яшчэ больш стабільным і грунтоўным.
Старшыня райвыканкама падзякаваў працоўнаму калектыву райбальніцы і будаўнічым кампаніям за важкі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна і пажадаў усім поспеху, дабрабыту і новых працоўных дасягненняў на карысць Браслаўшчыны.
Легендарныя заснавальнікі нашага горада Брас і Дрыва паднеслі шаноўным гасцям кубкі з мёдам, каб пацыенты паліклінікі пакідалі гэтыя сцены здаровымі і ўдзячнымі мясцовым урачам. Пасля чаго намеснік старшыні аблвыканкама У. Цярэнцьеў і старшыня райвыканкама С. Шматаў перарэзалі сімвалічную чырвоную стужку.
У добры шлях, браслаўская паліклініка! Дары жыхарам і гасцям раёна галоўнае жыццёвае багацце — здароўе!

Алена Пятушка.
Фота аўтара.