Вяртанне да вытокаў, або Мода з беларускім акцэнтам

Люди

IMG_4047 (Small)Былі ў мінулым нашай краіны часы, калі здавалася, што народная культура адыходзіць у нябыт, традыцыі забытыя і адрадзіць іх нерэальна. Але нездарма кажуць, што гісторыя развіваецца па спіралі. Пачынаецца новы яе віток, і на сённяшні дзень мы назіраем усплёск цікавасці да нацыянальнай беларускай спадчыны, які праявіўся ў… модзе.
Вышытыя блузкі і кашулі, гальштукі, чахлы для мабільнікаў з нацыянальнымі ўзорамі — усе яны настолькі сталі папулярнымі, што не мець іх — ужо нядобры тон, асабліва ў асяроддзі моладзі. Тым больш што мінскі магазін “Скарбніца”, галерэя “Славутыя майстры”, шматлікія крамы сувеніраў, а ў інтэрнэце Symbal.by і Lstr.by прапануюць мадэлі на любы густ і кашалёк.
Па-сапраўднаму моднай “фішкай” сталі прынты — нанесеныя на тканіну малюнкі — у выглядзе беларускага арнаменту. Прычым калі вышыванкі “кусаюцца” сваёй цаной — ад пяцісот тысяч да некалькі мільёнаў рублёў, то майкі з нацыянальнымі ўзорамі, выкананымі пры дапамозе тэрмадруку, каштуюць каля ста пяцідзесяці тысяч.
У пачатку кастрычніка сапраўдны ажыятаж на мінскіх вуліцах выклікаў “вышываны” “Volkswagen Golf”, на капоце якога ўладальнік размясціў беларускі арнамент. Вялікая колькасць карыстальнікаў інтэрнэту высока ацаніла гэты прынт, прычым варыянты водгукаў былі ад “Малайчына! Дзе ўзяў?” да “Хачу такі ж”. А на днях аўтару радкоў у браслаўскай краме трапілася малако ва ўпакоўцы, прыгожа аздобленай тым жа арнаментам. Мода на нацыянальныя ўзоры закранула нават тату-салоны: усё больш папулярнай сярод беларусаў становіцца арнаментальная татуіроўка. У сталіцы ў гэтым месяцы нават прайшоў “Дзень вышыванкі”, які стаў сапраўдным фестывалем беларускай культуры. Свае творы тут прэзентавалі вытворцы беларускага нацыянальнага адзення, упрыгожванняў і сувеніраў з нацыянальным каларытам.
Павышаную цікавасць да рэчаў з беларускім арнаментам заўважылі і ў браслаўскім музеі традыцыйнай культуры.
— Сёння сапраўды можна гаварыць пра хвалю цікавасці да нацыянальнай беларускай спадчыны, — заўважае Ганна Нікіфарава, метадыст музея.— Пры нашай установе працуе пункт продажу сувеніраў, і вырабы з нацыянальнымі ўзорамі там запатрабаваныя. Асабліва вялікі попыт на іх летам, калі на Браслаўшчыну прыязджаюць шматлікія турысты. Купляюць такія рэчы і расіяне, і мінчане, і мясцовыя жыхары. Так, гаспадары аграсядзіб часам набываюць гэтыя вырабы для афармлення інтэр’ераў. Прыемна, што некаторыя пакупнікі не проста прытрымліваюцца моды, а загадзя даведваюцца пра значэнне ўзораў і прыходзяць ужо з пэўнымі пажаданнямі.
Дарэчы, нацыянальны арнамент — не проста ўпрыгожванне, хоць зараз мы яго выкарыстоўваем менавіта ў такой якасці. Гэта своеасаблівы культурны код, традыцыйны набор колераў і знакаў. Нашы продкі верылі ў іх магічную сілу і рабілі спецыяльныя вышыванкі — ад неўраджаю, на выздараўленне і г.д. Усе гэтыя сімвалы — вельмі моцныя, яны павінны аберагаць чалавека. Таму рэчы з нацыянальным чырвоным узорам на белым фоне нярэдка выкарыстоўвалі ў якасці абярэгаў. Раней нават размяшчэнне арнаменту на вопратцы насіла асаблівы сэнс: лічылася, што ён абараняў не прыхаваныя адзеннем ўчасткі цела ад пранікнення злых духаў. Узор звычайна размяшчаўся на каўняры, манжэтах, уздоўж манішкі. Дарэчы, у нашым пункце продажу сувеніраў можна набыць такія кашулі з традыцыйнай вышыўкай, зробленыя выдатнай майстрыхай Алай Селязнёвай.
Увогуле, нацыянальныя ўзоры — гэта цэлы пласт нашай культуры. Думаю, выдатна, калі людзі вяртаюцца да сваіх каранёў.

Жанна Бялько.
Фота аўтара.IMG_4049 (Small) IMG_4050 (Small)