Псіхічнае здароўе

Главное

psih-zdorovieХуткае развіццё навукова-тэхнічнага прагрэсу, паскарэнне рытму жыцця павялічылі псіхічную нагрузку на арганізм чалавека. А гэта вядзе да нервова-псіхічных расстройстваў. Ва ўзаемаадносінах паміж людзьмі ўзніклі нервовасць, раздражняльнасць, пачуццё страху перад будучым і павышаная трывожнасць. Разам з гэтым з’явіліся станы адлучанасці і безвыхаднасці, страта маральных прынцыпаў і высокай адказнасці.
Ва ўсім свеце мноства людзей маюць парушэнні псіхічнага здароўя. Ва ўрачоў гэта выклікае трывогу за лёс цяперашняга і будучых пакаленняў.
За апошнія гады распаўсюджанасць псіхічнай паталогіі павялічылася сярод дзяцей падлеткавага ўзросту. Вядучае месца займае разумовая адсталасць. Яе доля ўзрасла да 2,7%. Больш, чым раней, псіхічных парушэнняў адзначаецца ў малых дзяцей.
Трэба адзначыць, што за 9 месяцаў 2014 года колькасць людзй, у якіх упершыню зарэгістраваны нервова-псіхічныя растройствы, сярод насельніцтва нашага раёна склала 134 чалавекі. З іх 86 дарослых і 48 дзяцей. Усе яны ўзяты на дыспансэрны ўлік. А ўсяго ж пакутаюць на тыя ці іншыя псіхічныя растройствы арганізма 854 жыхары, у іх ліку 458 жанчын і 169 дзяцей, дзяўчынак сярод іх 40. Яны знаходзяцца пад пастаянным медыцынскім наглядам урача-псіхіятра.
Як адзначаюць урачы-спецыялісты, за апошнія гады павялічылася колькасць дзяцей з парушэннямі развіцця мовы. На жаль, з’явіліся такія, што дасягаюць шасцігадовага ўзросту, але не могуць добра размаўляць. Сярод вучняў агульнаадукацыйных школ канстатуецца рост астэнічных і саматафорных расстройстваў, якія прагрэсіруюць пагаршэнне псіхічнага здароўя ў выніку – павялічваюць колькасць прызыўнікоў, нягодных для ваеннай службы. Сярод захворванняў, якія паслужылі прычынай вызвалення падлеткаў ад прызыву, больш за 20% складаюць псіхічныя растройствы. А ў структуры захворванняў, якія сталі вынікам звальнення з войска ў першыя тры месяцы службы, псіхічныя парушэнні займаюць першае месца.
На жаль, пакуль не забяспечана абарона дзяцей і падлеткаў ад розных крыніц інфармацыі, якія наносяць шкоду псіхічнаму і фізічнаму здароўю.
Медыкі лічаць, што адной з галоўных прычын псіхічных расстройстваў як у дарослых, так і дзяцей з’яўляецца празмернае ўжыванне спіртнога, проста кажучы, п’янства і алкагалізм бацькоў.
Існуюць і тэхнагенныя прычыны. Гэта паўсядзённае захапленне дзяцей камп’ютарамі, гульнявымі аўтаматамі, музычнымі плэерамі, мабільнымі тэлефонамі, фільмамі жахаў і іншымі электроннымі “цацкамі” трэцяга тысячагоддзя. Небяспечна яшчэ і тое, што бацькі нярэдка з лёгкасцю самаўхіляюцца ад непасрэднага выхавання, не надаюць патрэбнай увагі разумоваму і фізічнаму развіццю дзіцяці, не ўдзельнічаюць сумесна з педагогамі і ўрачамі ў фарміраванні навыкаў здаровага ладу жыцця. У выніку такія дзеці падрастаюць, становяцца дарослымі, але так і не могуць цвяроза ацэньваць навакольны свет, жыццёвыя сітуацыі, часам проста не бачаць выйсце з крытычнага становішча. І як бы банальна гэта ні гучала, але трэба нагадаць, што нарадзіць дзяцей – гэта толькі частка бацькоўскага доўгу, а не менш важная – выхаваць здаровага чалавека, свабоднага ад псіхічнай немачы і годнага грамадзяніна сваёй краіны.

Алена Ляскоўская, урач-псіхіятр ЦРБ.