Казачны баль маленькіх прыгажунь

Главное

g2Wmh9Vk5cMУ вясёлае і захапляльнае шоу ператварылася конкурсная праграма “Супердзеткі”, якая нядаўна прайшла на сцэне Відзаўскага Дома культуры. Такое мерапрыемства ўпершыню прайшло тут у мінулым годзе. Тады гледачы прынялі яго на “ўра” і засталіся ў захапленні і ад юных удзельніц, і ад пастаноўкі конкурса.
Атрымаць тытул “самай-самай” няпроста. Недастаткова быць толькі галасістай, прыгожа танцаваць ці праяўляць артыстычныя здольнасці. “Супердзетка” павінна валодаць усімі гэтымі якасцямі аднолькава, а яшчэ ўмець зачараваць публіку. Вось яно – самае галоўнае адрозненне конкурсу ад іншых. Добра ведалі гэта і сёлетнія юныя ўдзельніцы шоу.
Трапіць на казачны баль і праявіць свае таленты пажадалі 6 юных прыгажунь ва ўзросце ад 4,5 да 6 гадоў: Ксенія Бабыкіна, Сняжана Мезбухоўская, Вераніка Столяр, Аляксандра Урублеўская, Настасся Чанчына і Алёна Сапрыкіна.
Складанасці і выпрабаванні не пужалі маленькіх удзельніц. Яны добра падрыхтаваліся да конкурсу і гатовы былі здзіўляць сваімі здольнасцямі і дарыць добры настрой. А ў зале іх падтрымлівалі родныя і знаёмыя.
На некалькі гадзін маленькія прыгажуні трапілі ў “Кветкавы горад”, дзе сустрэліся з Нязнайкай і Кнопачкай. Менавіта гэты героі і прапанавалі дзяўчынкам паўдзельнічаць у конкурсе “Супардзетка”.
У першым выпрабаванні ўдзельніцы, як сапраўдныя маленькія прынцэсы, дэфіліравалі па сцэне, какетліва ўсміхаліся і дэманстравалі свае прыгожыя сукенкі. А яшчэ ў вершаванай форме расказвалі пра сябе і сваю сям’ю.
Актыўна дапамагалі рыхтавацца да шоу і падтрымлівалі за сцэнай сваіх маленькіх прыгажунь матулі. Таму наступны конкурс быў прысвечаны менавіта ім і называўся “Хто такая мама”. Загадзя дзяўчынкі ў форме інтэрв’ю расказвалі пра сваіх самых любімых матуль, а гледачы ў зале ўбачылі гэта як відэакліп.
Выпрабаванне “Звонкі галасок” раскрыла вакальныя здольнасці. Арганізатары мерапрыемства кожнай з удзельніц дапамаглі паставіць нумар пад песню, што надала мерапрыемству яшчэ большую яркасць і каларыт. А ў наступным іспыце маленькія прынцэсы ўжо паказвалі, як умеюць танцаваць.
Кожная дзяўчынка марыць стаць сапраўднай прымай тэатра і выступаць на вялікай сцэне. Апошнім выпрабаваннем стаў артыстычны конкурс “Казачны тэатр”. Дзяўчынкі ператварыліся ў мультыплікацыйных ці казачных герояў і прымерылі на сябе ролю Будур, феі Вінкс, Мальвіны, Чабурашкі, Бабы Ягі і прынцэсы. Ацэньваліся тут акцёрскае майстэрства, касцюмы і пастаноўка нумара.
Пакуль удзельніцы рыхтаваліся да конкурсаў, а журы лічыла балы, гледачоў радавалі нумарамі салісты ўзорнай студыі эстраднай песні “Фартуна” і танцавальны калектыў “Усмешка”.
І вось маленькія прынцэсы вытрымалі ўсе выпрабаванні. Журы выносіць свой вердыкт. Маленькая прыгажуня Ксенія Бабыкіна пакарыла залу сваёй непасрэднасцю і артыстычнасцю. Яна і атрымала тытул “Супердзетка-2014”. Карону Ксеніі ўручыла мінулагодняя пераможніца гэтага конкурсу Злата Адамовіч. Але пакрыўджанай не засталася ні адна ўдзельніца. Усе дзяўчынкі атрымалі падарункі і шквал апладысментаў.
— Цудоўная казка, дзе ўсе засталіся пераможцамі, скончылася. А добры настрой і яркія ўражанні ад свята яшчэ доўга будуць жыць ва ўспамінах гледачоў, — зазначыла дырэктар Відзаўскага ДК Ганна Павініч. – Не выпадкова, што на такое мерапрыемства сабралася поўная зала, бо конкурс “Супердзетка” стаў сапраўдным брэндам нашага населенага пункта. Асабліва хацелася б падзякаваць ІП В. Шукель, В. Адамовіч, Н. Бояр, Ч. Трэгіс, С. Азевіч, М. Мумрак, Г. Басакова за цудоўныя падарункі. Сумесна з другім арганізатарам, Відзаўскім сельвыканкамам, мы будзем і надалей знаходзіць новых зорачак і развіваць дзіцячую творчасць.

Таццяна Пятушка.