Вынікі падведзены

Главное

01 (Small)У нашай газеце 13 верасня быў аб’яўлены фотаконкурс на самы незвычайны прадукт “СУПЕРураджай — 2014”. У ім прынялі ўдзел 14 чалавек, якія на ваш суд прадставілі 20 экземпляраў сяльгаспрадукцыі. Самыя актыўныя паўдзельнічалі нават некалькі разоў, яны прыносілі па 2 цуда-экспанаты. На “фотасесію” да нас у рэдакцыю прыязджалі дбайныя гаспадары, яны ж запрашалі і на свае прысядзібныя ўчасткі. Мы ў сваю чаргу стараліся хутка адрэагаваць на запрашэнні. Так, у нашым выданні з’яўляліся фотаздымкі вялікіх і незвычайных па форме вінаградзін, гарбузоў, шынкоў, таматаў і бульбін.
З 8 кастрычніка на сайце газеты “Браслаўская звязда” braslav_star.by было аб’яўлена галасаванне. Усе жадаючыя маглі прагаласаваць за “СУПЕРураджай” у самых папулярных у нашым горадзе сацсетках vk і ok. Свой голас за лепшы прадукт можна было пакінуць на працягу пяці дзён. Найбольш актыўна браслаўчане галасавалі “ВКонтакте” – прыкладна 300 чалавек, у “Одноклассниках” жа — каля 200.
Для таго, каб вызначыць пераможцу, мы суміравалі галасы, аддадзеныя за кожны экземпляр у дзвюх сацсетках. Таму не здзіўляйцеся, што адзін цуда-экспанат мог набраць больш “лайкаў” у “Одноклассниках”, але не стаць пераможцам, бо, магчыма, “ВКонтакте” ён не быў такім папулярным.
Так, трэцяе месца па суме балаў заняў фотаздымак, дасланы нам па электроннай пошце з Урбанскай школы-сада, дзе дзяўчынка сядзіць на гарбузе. На жаль, гэты здымак прыйшоў у рэдакцыю ў апошні дзень конкурсу, і мы не змаглі яго апублікаваць. Тыя, хто галасаваў, упершыню ўбачылі яго на сайце.
Другое месца заняла “сям’я морквы”. Такую цікавую моркву ў гэтым годзе на сваім прысядзібным участку сабрала Галіна Ворах з Замошша.
Найбольшую колькасць галасоў атрымалі вялікія экземпляры гарбуза і шынка Яўгена Мозалева з аграгарадка Опса.
На днях, мы, як і абяцалі, наведаліся да пераможцы конкурсу і ўручылі Яўгену Фёдаравічу дыплом за першае месца, падпіску на 1 квартал 2015 года і памятны сувенір ад рэдакцыі газеты “Браслаўская звязда” – насценны гадзіннік.
Усім браслаўчанам, якія так ці інакш прымалі ўдзел у нашым конкурсе, вялікі дзякуй. Спадзяёмся, што вы будзеце актыўна ўдзельнічаць ва ўсіх конкурсах, аб’яўленых нашым выданнем. І аднойчы, магчыма, менавіта вы станеце пераможцам.

Вольга Патаповіч.
Фота аўтара.