Прынцэсы маленькія, а талент здатны

Новости

IMG_6071 (Small)Дзень маці, які нядаўна адзначалі шматлікімі мерапрыемствамі, завяршыўся ў раёне шоу – праграмай “Міні Міс”, якая прайшла ў мінулую нядзелю. Удзельнічалі ў ёй восем маленькіх гараджанак, таленавітых і абаяльных, у асноўным вучаніц СШ №2 – Таццяна Лявонава, Анастасія Чэркас, Яна Ластоўская, Мілана Чыстая, Ульяна Грунда, Паліна Аўчарэнка, Дар’я Пажарская і Ксенія Кіслякова з СШ №1.
Яшчэ да выхаду іх на сцэну гледачы пазнаёміліся з вядучымі – вядомымі ўсім персанажамі Знайкам і Нязнайкам, у ролі якіх выступалі Святлана Кажапенька і Алена Зубко.
Першым конкурсным заданнем для ўдзельніц стала візітка і школьная калекцыя. Кожная расказала пра сябе, сям’ю, свае захапленні. Шчыра кажучы, не пазайздрошчу журы, у склад якога ўваходзілі першы намеснік і намеснік старшыні райвыканкама Максім Чагарын і Іна Лысенка, а таксама дырэктар гімназіі Людміла Каптур, бо вызначыцца, хто з дзяўчынак паказаў сябе найбольш ярка, было нялёгка.
За падрыхтоўкай да конкурсу стаялі не толькі работнікі культуры, але бацькі, настаўнікі. Было відавочна, што ўсе пастараліся ад душы. А ўразіла тое, наколькі смела і ўпэўнена самі дзяўчынкі трымаліся на сцэне.
Вельмі неардынарна ўдзельніцы шоу – праграмы пастараліся сябе раскрыць у конкурсе “Не дзяўчынка, а казка”. Палёт фантазіі, артыстызм, дзіцячая непасрэднасць суседнічалі побач з шыкоўнымі касцюмамі разнастайных казачных герояў. Нават той, хто не ведае галоўных персанажаў сучасных казак, пранікся да іх пачуццямі.
Гледачы сабраліся вельмі чулыя і ўдзячныя, бо не шкадавалі сваіх далоняў і кожны выхад канкурсантак віталі апладысментамі.
Дзяўчынкі прадэманстравалі і свае таленты – спявалі, танцавалі, на відэапраектары паказвалі выкананыя ўласнымі рукамі работы.
Ну і якая ж дзяўчынка хоць на некалькі хвілін не марыць стаць цудоўнай прынцэсай і не трапіць на баль! Арганізатары шоу прадугледзелі і гэты момант. Калі ўдзельніцы з’явіліся перад гледачамі ў бальных сукенках, упэўнена, што гледачоў у зале перапоўнілі самыя ўзнёслыя эмоцыі. Гэты баль на сцэне для дзяўчынак быў першым. Але так хочацца ўсіх пажадаць ім, каб не апошнім, каб яны ззялі па жыцці сваімі талентамі, уборамі, каб збыліся ўсе іх мары. У іх усё яшчэ толькі пачынаецца.
І вось наступіў самы хвалюючы момант. Дзяўчынкі выйшлі на цырымонію ўзнагароджання са сваімі мамамі, бо без іх цярпення, дабрыні, умелых рук не было б такога яркага і запамінальнага свята.
Тытулы агучыў Максім Чагарын. Дзяўчынкі атрымалі ў падарунак цудоўныя цацкі, дыпломы, тарты, а іх мамы – кветкі. Т. Лявонава стала “Міні Міс — талент”, А. Чэркас – пяшчота, Я. Ластоўская – радасць, М. Чыстая – усмешка, У. Грунда – арыгінальнасць, П. Аўчарэнка – загадка, Д. Пажарская – зачараванне, а тытул “Міні Міс – 2014” дастаўся К. Кісляковай.
Канкурсанткі, хоць крыху стомленыя і ўсхваляваныя, выглядалі на цырымоніі як сапраўдныя прынцэсы, але яшчэ больш смелымі, бо побач былі любімыя мамы.
Хочацца адзначыць і дастаткова ўдалы падбор канцэртных нумароў паміж конкурсамі. Усе, хто ў гэты дзень выходзіў на сцэну, парадавалі сваім выступленнем, падарылі светлыя хвіліны цеплыні і задавальнення ад таго, што мам любяць, шануюць і ўсхваляюць.

Зінаіда Палулех.
Фота аўтара.